Уступная кампанія — 2015

Актуальное Образование

Анлайн-канферэнцыя «Уступная кампанія — 2015» з удзелам міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова і спецыялістаў ведамства прайшла 16 красавіка на сайце БЕЛТА.

Па словах міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, на бюджэтныя месцы ў 2015 годзе плануецца прыняць у вышэйшыя навучальныя ўстановы (ВНУ) Беларусі 27,9 тысяч абітурыентаў, у сярэднія спецыяльныя навучальныя установы (ССНУ) — 40,5 тысяч, у прафісійна-тэхнічныя вучылішчы (ПТВ) — 34,4 тысяч абітурыентаў.

Пры гэтым плануецца павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму, што забяспечваюць патрэбнасць у кадрах, у тым ліку Мінабароны — на 254 месцы, МНС — на 21 месца; сельскагаспадарчай галіны — на 22 месцы; індустрыі спорту — на 30 месц. Разам з тым намячаецца скарачэнне бюджэтных месц на медыцынскія спецыяльнасці (па рашэнні Міністэрства аховы здароўя — на 85 месц), спецыяльнасці культуры і мастацтва (па рашэнні Мінкультуры — на 60 месц).

Дадатковы набор будзе ажыццяўляцца ў дзённай бюджэтнай форме з 26 па 29 ліпеня (для ВНУ «сілавога» блока — з 24 па 27 ліпеня, для «творчых» — з 30 ліпеня па 1 жніўня). Нездавальняючыя адзнакі па выніках ЦТ для асоб, якія паступаюць у асноўныя тэрміны ўступнай кампаніі, і для асоб, якія паступаюць па дадатковым наборы, прымаюцца ідэнтычнымі і змяншацца не будуць.

Прыём у 2015 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 216 устаноў адукацыі. Умовы прыёму захаваны такія, як і ў 2014-м. Плануецца прыняць 40,5 тыс. чалавек. Асноўная структура прыёму захаваецца. Такія профілі адукацыі, як «тэхніка і тэхналогія», «архітэктура і будаўніцтва», «сельская і лясная гаспадарка», «ахова здароўя» ў агульным прыёме складуць 70 працэнтаў.

Міхаіл Жураўкоў расказаў, што гэтым летам прыём у ПТВ будуць праводзіць 185 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі амаль па 300 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будзе ажыццяўляць 31 установа адукацыі іншых узроўняў, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З улікам патрэбнасці арганізацый галін эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі і вынікаў працаўладкавання выпускнікоў плануецца захаваць аб’ёмы і структуру прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі практычна на ўзроўні мінулага года і прыняць 34,8 тыс. чалавек, што складзе 100,8%, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 34,4 тыс. чалавек (100,5%).

Новыя спецыяльнасці і прафесіі

Па словах міністра адукацыі, зусім новых спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, абітурыенты змогуць паступаць на «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у харчовай прамысловасці)» — гэту спецыяльнасць упершыню прапануе Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. Спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка» адкрыта ў Беларускім эканамічным універсітэце, «геаінфармацыйныя сістэмы» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце. Ануляваны напрамак спецыяльнасці «геаграфія» — «геаінфармацыйныя сістэмы», паколькі адкрыта цэлая спецыяльнасць.

Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзіцца па 172 спецыяльнасцях. Новымі для гэтага ўзроўню адукацыі (прыём пачаты ў апошнія два гады) з’яўляюцца спецыяльнасці: «абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў», «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «электроніка механічных транспартных сродкаў», «тэсціраванне праграмнага забеспячэння», «абсталяванне мэблевай вытворчасці», «мехатроніка» (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — «мехатронік 5 разраду (вытворчасць прадуктаў харчавання)», «мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)». Упершыню ў 2015 годзе будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі «праграмуемыя мабільныя сістэмы» ва ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж». Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю «тэхнік-электронік».

«Акрамя таго, у гэтым годзе мы адкрылі падрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях рабочых у трох установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, па прафесіях машыніст горных вымальных машын, дзяжурны электраслесар (слесар) і па рамонце абсталявання — у Салігорскім горна-хімічным каледжы, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі — у Віцебскім політэхнічным каледжы, слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, машыніст самаходнага катка — у Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы», — сказаў міністр.

У мэтах удасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам патрэбнасцей рэгіянальных рынкаў працы ў 2015 годзе плануецца спыніць прыём па 185 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 174 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Пры гэтым апошнія тры гады адкрыта падрыхтоўка па новых кваліфікацыях (па якіх раней падрыхтоўка не ажыццяўлялася): «аператар часальнага абсталявання», «аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу», «аператар аўтаматызаванага насцілачнага комплексу», «вырабляльнік марожанага», «аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў», «агент па арганізацыі абслугоўвання аўтамабільных перавозак».

Цэнтралізаванае тэсціраванне

          Плануецца, што ЦТ будзе праводзіцца з 14 па 27 чэрвеня. Рэзервовы дзень — 2 ліпеня. Акрамя таго, у адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў — сусветнай гісторыі навейшага часу і геаграфіі.

          Зараз па даручэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Мінадукацыі распрацаваны і ўнесены ў Савет Міністраў праект пастановы, дзе прадугледжана павелічэнне аплаты за рэгістрацыю на ЦТ. Аплата ўстанаўліваецца ў памеры 0,1 базавай велічыні (раней аплата рэгістрацыі не прывязвалася да базавай велічыні і складала Br10 тыс.). Таксама ўводзіцца норма, якая дае магчымасць падаваць дакументы на рэгістрацыю, атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыентаў у выпадку адсутнасці па ўважлівай прычыне такой магчымасці ў саміх абітурыентаў (раней — толькі асабіста) і рэгламентаваны ўмовы і парадак выдачы Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў дублікатаў сертыфікатаў ЦТ.

          У параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння «ніжніх парогавых» балаў ЦТ. Ён дыферэнцыраваны адносна ўзроўню ведаў абітурыентаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць профільным іспытам — першаму і другому. Пры гэтым «ніжнія парогавыя» значэнні па першым профільным прадмеце пакінуты на ўзроўні 2014 года, а «ніжнія парогавыя» значэнні прахадных балаў па другім профільным прадмеце — на 5 балаў ніжэйшыя, чым у 2014 годзе. Напрыклад, па першым профільным прадмеце па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі — 15 балаў, а па другім профільным прадмеце па тых жа прадметах — 10 балаў.

          Так, у 2015 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14, а па прадметах гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19. Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 10 балаў.

          Так званыя парогавыя значэнні ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта; на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ; у дзяржаўныя ВНУ па групах спецыяльнасцей «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынерыя» і ў ВНУ МУС на месцы дадатковага набору ўстаноўлены ад 0 да 4 балаў.

Па матэрыялах БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *