Супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем: узаемная выгада і агульная карысць

Актуальное Местные власти

 

Беларусь і Кітай фарміруюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога пераход ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. На гэта звярнуў увагу 10 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам у пашыраным складзе.

Индустриальный парк в Беларуси

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што вопыт такой работы ў бакоў ужо ёсць. У Беларусі рэалізуюцца два буйныя сумесныя праекты па вытворчасці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі «Джылі» і будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

Узаемадзеянне дзвюх краін дынамічна развіваецца. У ліпені 2013 года Беларусь і Кітай устанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «Сёння мы вядзём даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвестыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сферы«, — сказаў беларускі лідар.

«Дасягнуты ўзровень палітычных адносін і нашы з вамі асабістыя кантакты ствараюць спрыяльныя ўмовы для актыўнага развіцця двухбаковых эканамічных сувязей«, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ўрады Беларусі і Кітая паспяхова рэалізуюць маштабную Праграму развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на 2014-2018 гады. Новы механізм міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве нацэлены на паскарэнне прыняцця стратэгічных рашэнняў.

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін заявіў аб гатоўнасці адкрыць новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на афіцыйных перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Старшыня КНР падкрэсліў вялікі асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё беларуска-кітайскай дружбы. Паводле яго слоў, за мінулыя гады ў міжнароднай абстаноўцы адбыліся вельмі глыбокія і складаныя змены, аднак Кітай і Беларусь заўсёды давяраюць адзін аднаму, аказваюць падтрымку і дапамогу. Сі Цзіньпін адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі дасягнуты ўражальныя поспехі ў дзяржаўным будаўніцтве, у тым ліку захоўваецца палітычная стабільнасць, паступальна развіваецца эканоміка.

У 2013 годзе ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай бакі дамовіліся аб устанаўленні ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, адзначыў Сі Цзіньпін. «Шматпланавае супрацоўніцтва паглыбляецца і пашыраецца. У палітычным плане мы пачалі ўжо рэалізацыю праграмы развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на 2014-2018 гады, — адзначыў Старшыня КНР. — Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва нашых краін ужо выходзіць за рамкі гандлю таварамі, павялічваецца аб’ём прамых інвестыцый. Бакі падпісалі ўжо розныя пагадненні аб прадастаўленні крэдытаў на агульную суму $5,5 млрд«.

У час перамоў  Старшыня КНР заявіў: “Мы павінны павялічыць аб’ём двухбаковага гандлю, аптымізаваць яго структуру. Кітайскі бок будзе пашыраць імпарт якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з Беларусі«. Паводле слоў Сі Цзіньпіна, неабходна з апорай на будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка стварыць шэраг узорных праектаў. Старшыня КНР таксама бачыць неабходнасць у актыўным умацаванні супрацоўніцтва ў частцы фінансавання праектаў, што, паводле яго слоў, дапаможа надаць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін прынялі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.

Па выніках афіцыйных перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна 10 мая ў Мінску паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай быў падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся ўсебакова ўмацоўваць узаемны давер і стратэгічнае ўзаемадзеянне, падтрымліваць выбраныя кожным з іх у адпаведнасці са сваімі ўнутранымі ўмовамі шляхі і мадэлі развіцця, аказваць узаемную падтрымку пазіцый адзін аднаго па пытаннях, якія датычацца іх карэнных інтарэсаў, падтрымліваць ажыццяўляемую адзін адным стратэгію эканамічнага развіцця.

Беларусь і Кітай на аснове ўзаемнай выгады і агульнай карысці дамовіліся сумесна развіваць стварэнне эканамічнага пояса Шаўковага шляху і пашыраць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, фінансавай, інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, энергетычнай, касмічнай, транспартнай, інфармацыйна-тэхналагічнай, сельскагаспадарчай, гуманітарнай і іншых сферах. Беларусь і Кітай падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Сі Цзіньпіну за асабістае садзейнічанне ў паездцы такой прадстаўнічай дэлегацыі дзелавых колаў Кітая ў Беларусь. «Кітай — старажытная цывілізацыя, вялікая нацыя, вялікая дзяржава, і знакі ў адносінах Кітая з дзяржавамі вельмі важныя. Я гэта гавару беларусам. Тое, што сюды прыехалі сотні бізнесменаў разам са Старшынёй КНР, — вялікі знак для нашай краіны, і мы павінны яго выкарыстаць«, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Па матэрыялах БелТА

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *