Музыка нас звязала


На мінулым тыдні свой 50-ы дзень нараджэння адзначала Ельская дзіцячая школа мастацтваў. На святочнае мерапрыемства, якое праходзіла ў гарадскім Доме культуры «Колас», сабраліся былыя выпускнікі, выкладчыкі, бацькі вучняў і вялікая колькасць запрошаных гасцей.

Изображение-364
Урачысты святочны вечар адкрыў узорны аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Усціновіч. Гасцінны гаспадар, запрашаючы гасцей у свой дом, прапаноўвае для прагляду сямейны альбом. На слайдах, прадстаўленых гасцям мерапрыемства, прайшла гісторыя жыцця школы за палову стагоддзя. А гэтай навучальнай установе ёсць чым ганарыцца! За ўсе гады ў ёй працавала 163 выкладчыкі, за час дзейнасці музычнай школы яе скончылі 642 навучэнцы. Больш за сто выпускнікоў так ці інакш звязалі сваё жыццё з музыкай: гэта кіраўнікі дзіцячых садоў, настаўнікі музыкі агульнаадукацыйных школ, кіраўнікі самадзейных калектываў. Працягнулі навучанне ва ўстановах адукацыі культуры і мастацтваў 122 выпускнікі.
Якое ж свята без цырымоніі ўзнагароджання? Граматай Ельскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны дырэктар ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Ельска» Святлана Раманюк, граматай раённага Савета дэпутатаў – настаўнік па класе цымбалаў Святлана Цукер, якія ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Гапонік. Анатоль Генрыкавіч пажадаў выкладчыкам і навучэнцам заставацца вернымі абранаму шляху, дасягаць высокіх вынікаў, а навучальнай установе – доўгіх гадоў росквіту.
На гэтае цудоўнае свята сабраліся выкладчыкі і выпускнікі школы розных гадоў, духоўна багатыя і неабыякавыя да свету мастацтва людзі. У час святочнага мерапрыемства ўспаміналі педагогаў, якія адпрацавалі ў школе не адзін дзясятак гадоў, праз рукі і сэрца якіх прайшло шмат вучняў. У адрас паважаных ветэранаў гучалі вітальныя словы і музычныя віншаванні ў выкананні іх вучняў, а ў падарунак – букеты вясновых кветак.
Гонар школы – яе выпускнікі. Яны вельмі розныя, але для іх усіх у музычным доме ёсць месца. Яны вяртаюцца сюды, таму што менавіта тут пакінулі часцінку свайго сэрца. Са сцэны гарадскога Дома культуры словы віншаванняў прагучалі ад Валерыя Гейхмана, аднаго з першых выпускнікоў, а цяпер начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Ён успомніў гады вучобы, першых выкладчыкаў, тых, хто стаяў ля вытокаў школы. Валерый Якаўлевіч уручыў граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама настаўнікам школы мастацтваў: Ларысе Снітко, Людміле Жураўлёвай, Таццяне Бардачэўскай, Таццяне Усціновіч, Алене Качаноўскай. Яшчэ ад аднаго выпускніка Ельскай ДШМ, Андрэя Сініцкага, начальніка Ельскай ПМК 64, прагучалі не толькі ўспаміны і віншаванні ў адрас выкладчыкаў школы і вучняў, але і класічны музычны твор, выкананы на акустычнай гітары. Таксама са знамянальнай падзеяй навучэнцаў і настаўнікаў ДШМ прыйшлі павіншаваць дырэктар Ельскай раённай гімназіі Любоў Казак і дырэктар сярэдняй школы № 1 г. Ельска Зоя Дражына.
У гэты вечар музычныя творы прагучалі ў выкананні творчых калектываў выкладчыкаў, вучняў і выпускнікоў установы.
Юбілей – гэта не толькі вынікі, але і заяўка на будучыню, на захаванне і павышэнне заслужанага аўтарытэту школы. У Ельскай дзіцячай школе мастацтваў слаўнае мінулае і сучаснасць; будучыня для яе адкрыецца ў яркіх фарбах. А пакуль у ёй падрастае новае пакаленне будучых зорачак.

Васіль Сакула

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *