Прэзідэнцкія выбары – экзамен перад народам

Актуальное Местные власти

баннер1

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі неабходна падрыхтаваць і правесці адкрыта, сумленна, спакойна і строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і ўзятымі на сябе міжнароднымі абавязацельствамі. Аб гэтым заявіў 23 чэрвеня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных і ўнутрыпалітычных пытаннях.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што выбарчыя кампаніі любога ўзроўню маюць вельмі важнае значэнне як форма волевыяўлення народу. «А выбары Прэзідэнта – гэта галоўная грамадска-палітычная падзея для любой краіны, тым больш для нашай, дзе паўнамоцтвы Прэзідэнта вельмі вялікія, – адзначыў беларускі лідар. – Аддаючы свой голас на карысць таго ці іншага кандыдата, грамадзяне Беларусі вызначаюць лёс дзяржавы, куды і як мы будзем рухацца далей, які шлях развіцця пры гэтым выберам».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца ў пэўным сэнсе экзаменам для ўсіх органаў улады. Паводле слоў Прэзідэнта, яго вынікі прадэманструюць стаўленне людзей да рэзультатаў гэтай работы, а таксама стануць асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўную ролю ў правядзенні выбарчай кампаніі ў адпаведнасці з заканадаўствам будзе адыгрываць Цэнтрвыбаркам. У той жа час у вырашэнні эканамічных і арганізацыйных пытанняў заўсёды актыўна ўдзельнічаюць мясцовыя органы ўлады, дадаў ён.

«Перад намі стаяць сур’ёзныя і адказныя задачы. Нам неабходна падрыхтаваць і правесці прэзідэнцкія выбары, па-першае, адкрыта, па-другое, сумленна, па-трэцяе, спакойна, і самае галоўнае – строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і тымі абавязацельствамі, якія мы ўзялі перад міжнароднымі арганізацыямі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у краіне нікому не будуць забараняць назіраць за выбарамі: ні ўнутраным наглядальнікам, ні замежным.

За мір, спакой  і стабільнасць у краіне

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што палітычная стабільнасць, мір і згода з’яўляюцца краевугольнымі элементамі паслядоўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. «Мір, спакой і стабільнасць значна важнейшыя за любыя электаральныя кампаніі, любыя прэзідэнцкія, парламенцкія і іншыя выбары. Гэта лёс нашага народа і нашай краіны», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асаблівая важнасць забеспячэння бяспекі абумоўлена тымі трывожнымі падзеямі, якія адбываюцца на міжнароднай арэне і непасрэдна каля граніц Беларусі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што кіраўнікам усіх органаў улады трэба забяспечыць зладжанае, бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарату, строгую выканальніцкую дысцыпліну, максімальную скаардынаванасць дзеянняў вертыкалі ўлады і сілавых структур.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Цэнтральная выбарчая камісія і службовыя асобы абавязаны прыняць усе меры для арганізацыі выбараў на самым высокім, дастойным узроўні, з дэталёвай прапрацоўкай усіх аспектаў, пачынаючы ад інфармавання выбаршчыкаў да стварэння аднолькавых умоў кандыдатам.

Клопат пра чалавека

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні занятасці насельніцтва, выплаты заработнай платы і стабільнасці цэн. Такую задачу ён паставіў перад чыноўнікамі. «Мы адкрыта і сумленна сказалі: мы не будзем пад выбары, друкуючы грошы або беручы з золатавалютных і іншых рэзерваў, накручваць заработныя платы. Але калі мы не маем такой магчымасці на павышэнне зарплаты, цэны павінны быць адпаведныя. Гэта ў нашых руках», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Галоўнай тэмай у нашай палітыцы заўсёды застаецца і будзе заставацца клопат аб чалавеку. Ніякая вытворчасць, ніякая краіна нічога не варта, калі яна не можа стварыць нармальныя ўмовы для жыцця простага чалавека, – лічыць Прэзідэнт. – Не дай Бог да канца жніўня – пачатку верасня прадпрыемствы не будуць працаваць на поўную магутнасць! Вось на склад нікому не трэба! Людзі павінны мець работу. Людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні. Гэта галоўнае для ўлады. Вырашым мы гэта – і тады праблем не будзе з выбарамі.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, прапанаваў абмеркаваць пытанні, якія неабходна вырашыць да пачатку і ў час выбарчай кампаніі. У прыватнасці, яго цікавяць аб’ёмы фінансавання, пытанні арганізацыі правядзення масавых мерапрыемстваў у гэты перыяд і забеспячэння бяспекі людзей, працэс фарміравання выбарчых камісій, празрыстасць галасавання і падлік галасоў выбаршчыкаў, а таксама каго з міжнародных наглядальнікаў плануецца запрасіць.

Дэпутаты вызначаць  дату выбараў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні сёмай сесіі парламента разгледзяць пытанне аб назначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў унесла прапанову аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года. «Думаю, што дэпутаты ў гэтым выпадку падтрымаюць прапанову ЦВК, і, хутчэй за ўсё, выбары адбудуцца 11 кастрычніка», – адзначыў беларускі лідар. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ужо цяпер трэба паклапаціцца аб поўнай гатоўнасці да арганізацыі і правядзення выбараў.

Фінансаванне выбараў

Два туры прэзідэнцкіх выбараў будуць каштаваць бюджэту Беларусі Br260 млрд, адзін – Br181 млрд. «Грошы будуць выдзелены ў поўным аб’ёме і поўнасцю забяспечаць у разумных рамках правядзенне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі», – сказала Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК пракаменціравала магчымасць другога тура выбараў. «Мы заўсёды прагназуем яго ў бюджэце, – сказала яна. – Другі тур можна прагназаваць, калі адбылося вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты».

Пасля таго, як стане вядома дата выбараў, пачнецца адлік усіх выбарчых мерапрыемстваў. Цэнтральная камісія збярэцца 1 ліпеня на пасяджэнні, зацвердзіць каляндарны план, каштарыс расходаў маючых адбыцца выбараў, а таксама асноўныя пастановы, якія будуць рэгуляваць правядзенне першых этапаў выбарчай кампаніі. Цэнтрвыбаркам прапаноўваў назначыць выбары Прэзідэнта на 11 кастрычніка. Калі парламент зацвердзіць гэту дату, то да 17 ліпеня ўсе патэнцыяльныя кандыдаты павінны будуць прадставіць у ЦВК неабходныя дакументы, адзначыла Лідзія Ярмошына.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *