«Палескія таленты» дарылі ельчанам святочны настрой

Общество

Лепшай формай увасаблення радасці і любові заўсёды застаецца творчасць. Песня, танец, ігра на розных інструментах могуць на зразумелай для ўсіх мове перадаць тое, што адчувае чалавек, сутыкаючыся з нечым выдатным. 25 верасня ў Ельску прайшоў першы фестываль маладзёжнай творчасці «Палескія таленты».

Ён прайшоў на сцэне гарадскога Дома культуры «Колас». Арганізатарам фестывалю выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Раённы фестываль «Палескія таленты» праводзіўся з мэтай падтрымкі і развіцця маладзёжнай творчасці. Задачы, якія выконваў фестываль: арганізацыя змястоўнага вольнага часу, стымуляванне развіцця творчых здольнасцей маладых людзей, развіцце творчых сувязяў моладзі, павышэнне выканальніцкага ўзроўню маладзёжных калектываў, якія працуюць у розных жанрах, выяўленне і падтрымка творчых аб’яднанняў моладзі, прыцягненне ўвагі грамадскасці і папулярызацыя маладзёжнай творчасці.

IMG_9423

Гэта было свята маладосці і драйву. Атмасфера творчасці, запалу, таленту панавала паўсюль. Госці фестывалю адразу наведалі выставу творчых работ, выкананую рукамі маладых майстроў.

Да ўдзелу былі запрошаны прадстаўнікі творчай моладзі Ельскага, Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Гомельскай вобласці. На сцэне выступалі як танцавальныя калектывы, так і сольныя выканаўцы песень, дуэты і трыа. Выдатна глядзеўся на сцэне творчы калектыў ясляў-сада № 2 г. Ельска, танцавальны калектыў «Двіжкаўскія весялухі». Літаральна запаліў публіку сваім выступленнем у стылі брэйк-данс Дзмітрый Захараў.

Мабыць, самай папулярнай намінацыяй на фестывалі быў «эстрадны вакал». Уразілі многіх сваім выступленнем Ганна Матузка, Аляксандр Гладкі, Арцём Пархоменка, Георгій Пап, Юлія Шчыпіла. Тут таксама ўдзельнічалі Карына Ільічова, Таццяна Мчалідзе, Алёна Мароз і многія іншыя.

Актыўны ўдзел у фэсце прынялі калектывы Брагінскага і Нараўлянскага Дамоў культуры, якія парадавалі слухачоў прыгожымі спевамі.

Зала не засталася ў даўгу, апладысменты не змаўкалі. Майстэрства маладых людзей ацэньвала аўтарытэтнае, добразычлівае журы. Сур’ёзныя прафесіяналы з непадробнай цікавасцю назіралі за «змаганнем» маладых талентаў, радаваліся іх поспехам і хваляваліся, калі нешта не атрымлівалася.

На фестывалі панавала атмасфера добразычлівасці і ўзаемаразумення. Усе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны граматамі, а найбольш яркія маладыя артысты – дыпломамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама.

Васіль Сакула



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *