Першая настаўніца нобелеўскай лаўрэаткі

Личности

Былая настаўніца пачатковых класаў Майя Уладзіміраўна Жыгадла за гады працы навучыла чытаць, пісаць і быць сапраўднымі, выхаванымі людзьмі многіх вучняў. Сярод іх і Святлана Алексіевіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2015 года па літаратуры.

IMG_0704
У свой час, адразу пасля заканчэння навучальнай установы, маладая настаўніца Майя была накіравана на Веткаўшчыну. Працаваць ёй прыйшлося ў вёсцы Прысна.
Па словах Майі Уладзіміраўны, сустрэлі яе ў калектыве вельмі гасцінна. Дырэктар школы Аляксандр Яфімавіч Алексіевіч, чалавек адукаваны, мудры, добразычлівы і працавіты, дапамог маладой настаўніцы ўладкавацца на месцы і адкрыць яшчэ адзін першы клас.

– Аляксандр Яфімавіч прывёў сваю дачку Святланку, каб быў камплект вучняў, – успамінае Майя Жыгадла. – Так я пачала весці ўрокі ў першым класе, у якім навучалася і Святлана Алексіевіч. Яна была вельмі стараннай школьніцай, вучылася на адны «пяцёркі». Адным словам – выдатніца! Ды і школу Святланка скончыла з залатым медалём.

Прайшлі гады…
Майя Жыгадла працавала ў многіх школах, вучыла дзяцей грамаце, давала пуцёўку ў жыццё і, канешне ж, сачыла за іх лёсамі. Яна шчыра радавалася поспехам былых вучняў і перажывала за тых, у каго былі праблемы ў жыцці.

– Аднойчы, чытаючы «Сельскую газету», звярнула ўвагу на адзін цікавы артыкул, – распавядае Майя Уладзіміраўна. – Дачытаўшы яго да канца, я ўбачыла прозвішча аўтара – Святлана Алексіевіч – і адразу ўспомніла сваю вучаніцу. Каб развеяць сумненні, вырашыла напісаць пісьмо ў рэдакцыю на імя Святланы Алексіевіч. У хуткім часе прыйшоў адказ. У сваім лісце Святлана з пяшчотай успамінала гады дзяцінства, школьных сяброў і выказвала словы ўдзячнасці мне, сваёй першай настаўніцы. Яна абяцала прыехаць і праведаць мяне. І сваё абяцанне Святланка стрымала.

Майя Уладзіміраўна ўспамінае, што Святлана Алексіевіч прыязджала да яе не адзін раз. Калі бывалі камандзіроўкі па заданню рэдакцыі ў Ельскі раён, журналістка абавязкова заязджала да сваёй любімай настаўніцы. «Хіба ж я магу праехаць міма хаты сваёй любай Майі Уладзіміраўны?», – гаварыла яна ўсякі раз, пераступаючы парог знаёмага дома ў вёсцы Валаўская Рудня Ельскага раёна. Седзячы за сталом за кружкай гарбаты, былая настаўніца і вучаніца ва ўспамінах пераносіліся ў далекія школьныя гады, калі жылі на Веткаўшчыне, калі спяшаліся на ўрокі і сумесныя мерапрыемствы. Святлана з захапленнем распавядала пра сваіх бацькоў, сяброў, пра творчыя планы і задумкі, а таксама прыслухоўвалася да парад сваёй першай настаўніцы.

Як узрадавалася Майя Уладзіміраўна, калі пачула, што яе былая вучаніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі 2015 года па літаратуры! Безумоўна, гэта вялікая і значная перамога журналісткі і пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У адным з інтэрв’ю яна адзначыла: «Гэта не толькі мне ўзнагарода, я думаю, што і ўзнагарода нашай культуры, нашай маленькай краіне, якая ўвесь час – усю сваю гісторыю і цяпер – знаходзілася ў нейкіх жорнах і заўсёды імі сціснута з усіх бакоў». Думаю, што ў гэтай ўзнагародзе ёсць і заслуга першай настаўніцы пісьменніцы Майі Уладзіміраўны Жыгадла, якая навучыла будучую журналістку і пісьменніцу не толькі чытаць і пісаць, але і прывіла любоў да роднай зямлі і людзей працы.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *