Турнір памяці Яна Налепкі

Общество Спорт

Не першы раз Ельск становіцца пляцоўкай для рэспубліканскіх спаборніцтваў. У мінулыя выхадныя на базе УСУ «Ельская СДЮШАР» прайшоў турнір па міні-футболе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі, прымеркаваны да 80-годдзя беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў. 

IMG_3539
Ініцыятарам правядзення спаборніцтва ўжо шмат гадоў выступае Ельская ДЮСШ РАП работнікаў АПК. У гэтым годзе ўдзел у ім прынялі 8 каманд з Ельскага, Мазырскага, Жыткавіцкага, Столінскага, Калінкавіцкага раёнаў і г. Гомеля. У склад каманд увайшлі юнакі 2005–2006 гадоў нараджэння.

На цырымоніі адкрыцця юных футбалістаў павітала намеснік старшыні Ельскага райвыканкама Галіна Ільюк. Яна адзначыла, што ў гэтым годзе споўнілася 70 гадоў з дня гібелі Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі. Імя героя, які прыняў удзел у вызваленні Ельскага раёна ад немецка-фашысцкіх захопнікаў, ніколі не забывалася: у гонар Яна Налепкі ў горадзе Ельску названа вуліца, узведзены памятны знак, на доме, дзе жыў Герой Савецкага Саюза, устаноўлена мемарыяльная дошка, піянерская дружына носіць імя славацкага героя. Галіна Ільюк пажадала ўдзельнікам спаборніцтваў поспехаў, здароўя.

Таксама павіталі ўдзельнікаў і пажадалі ім моцнага здароўя, спартыўных перамог і ўдачы Алена Захарэнка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, і Юрый Яначкін, ваенны камісар Ельскага, Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў. Дзмітрый Захараў зрабіў дзецям музычны падарунак. Па традыцыі ўсім камандам былі ўручаны духмяныя караваі.

У УСУ «Ельская СДЮШАР» работнікі Ельскага краязнаўчага музея падрыхтавалі невялікую выставу, прысвечаную Яну Налепку. Міма яе ні адзін чалавек не прайшоў абыякава: тут былі прадстаўлены фатаграфіі і кнігі, якія распавядаюць аб жыцці і дзейнасці героя-антыфашыста, буклеты аб Ельскім раёне. Не меншую цікавасць у ўдзельнікаў турніра выклікаў вялікі спартыўны кубак і медалі, якія арганізатары падрыхтавалі для ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў.

Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме. На працягу трох дзён прайшло каля дваццаці гульняў, ад вынікаў якіх залежала, хто стане ўладальнікам кубка. У час турніра было забіта больш за шэсцьдзясят мячоў. Часцей за ўсіх у вароты праціўнікаў забівалі юнакі з ДЮСШ г. Мазыра – 16 мячоў. Найбольш за адну гульню папалі ў вароты футбалісты з каманды ДЮСШ «А» г. Мазыра – 7 мячоў. А вось менш за іншых «рвалі сетку» госці з Калінкавіч: імі за ўвесь турнір было забіта 2 мячы. Ельчане мала прапускалі (ўсяго 4 мячы), але і не так часта турбавалі варатароў іншых каманд (было забіта 9 галоў). З дванаццаццю ачкамі ў фінал выйшлі тры каманды, таму пераможцаў выбіралі па колькасці забітых і прапушчаных мячоў.

Завяршыліся спаборніцтвы па міні-футболе цырымоніяй узнагароджання. Галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Байкоўскі ўручыў камандам падзякі за ўдзел; прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў. На жаль, юныя футбалісты з горада Ельска не змаглі ў гэты раз утрымаць кубак і занялі ІІІ месца. II месца заняла каманда ДЮСШ ДСК г. Гомеля, а футбалісты СДЮШАР-1 г. Мазыра сталі пераможцамі турніра. Ім быў уручаны галоўны прыз спаборніцтва – пераходзячы кубак, які быў набыты за сродкі Ельскай ДЮСШ РАП работнікаў АПК.

Былі падведзены вынікі і ў намінацыях. Так, лепшым бамбардзірам прызнаны Кірыл Кліманцоў (г. Мазыр), самы «сухі» варатар турніра – Дзмітрый Лапухоў (г. Гомель), лепшым нападаючым стаў Дзмітрый Ажог (г. Столін), а самым карысным абаронцам вызначаны наш зямляк Дзмітрый Яцухна.

Пройдзе яшчэ некалькі месяцаў – і юныя футбалісты зноў прыедуць у Ельск на традыцыйны турнір, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *