Калядныя вячоркі «У залатой пчолкі»

Культура Общество

З глыбокай даўніны існуе павер’е, што калі ў хату завітаюць калядоўшчыкі і выканаюць увесь рытуал, то сям’ю не абмінуць згода, дастатак і мір.

IMG_5255
У вёсцы Старое Высокае Ельскага раёна калядоўшчыкі пабывалі ў дамах многіх мясцовых жыхароў. Завіталі яны і да шчодрых гаспадароў аграсядзібы «У залатой пчолкі», дзе іх гасцінна і ветліва сустрэла Любоў Уласенка.

Апранутыя ў святочныя касцюмы, калядоўшчыкі трымалі Калядную Зорку – у памяць аб зорцы, што запалілася на небе, калі нарадзіўся Збаўца.

Шчадраванне праходзіла весела і з гумарам. Усе ўдзельнікі «маскараду», пераапрануўшыся ў казу, мядзведзя, цыганак ды дзеда з бабай, выказвалі пажаданні дабрабыту ўсёй сям’і. З іх вуснаў гучалі беларускія народныя песні і прыпеўкі, а вясёлыя мелодыі, што выконваліся на баяне, выклікалі жаданне пусціцца ў пляскі разам з калядоўшчыкамі.

За такое шчадраванне не шкада пачаставаць жаданых гасцей! Тым больш, што гаспадыня аграсядзібы загадзя рыхтавалася да сустрэчы з калядоўшчыкамі, прыгатавала шмат розных нацыянальных страў. Вось і запрасіла Любоў Уласенка калядоўшчыкаў пачаставацца смачнымі блінамі ды каўбасамі, пірагамі ды духмянай гарбатай…

Развітваючыся з калядоўшчыкамі, гаспадыня аграсядзібы «У залатой пчолкі» паклала ім у вялізны кошык кавалак сала, смачную дамашнюю каўбасу, бліны, пірог.
Калядоўшчыкі пайшлі далей, каб завітаць да іншых гаспадароў, а пасля разам сабрацца на вячоркі.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *