Клубных спраў майстры

Культура

Бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам культуры. Плануецца, што ў гэтым годзе вялікая ўвага будзе нададзена развіццю нацыянальнай культуры, выхаванню патрыятычных пачуццяў у моладзі праз нацыянальныя традыцыі і народныя промыслы, знаёмству з культурнай спадчынай іншых народаў.

Сімвалічна, што менавіта ў 2016 годзе адзначаецца 70-годдзе з дня заснавання Ельскага раённага аддзела культуры. На працягу дзесяцігоддзяў прадстаўнікі культуры Ельшчыны імкнуліся зберагчы самабытнасць і непаўторнасць палескага фальклору, народных традыцый. Па словах Валерыя Гейхмана, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама, і зараз работнікі культуры прыкладаюць намаганні, каб актывізаваць культурную дзейнасць, забяспечыць даступнасць устаноў культуры для розных груп сельскага і гарадскога насельніцтва. Шмат цікавых планаў і задумак распрацавалі на бягучы год культработнікі Ельскага раёна.

З намі падзяліўся планамі работы на Год культуры Валерый Гейхман (на здымку).

IMG_5226

– Валерый Якаўлевіч, на вашу думку, якая асноўная мэта Года культуры?

– Лічу, што ў аб’яўленым кіраўніком дзяржавы Годзе культуры мы павінны прыкладаць далейшыя намаганні па павышэнні творчага ўзроўню нашай дзейнасці, прафесіяналізму спецыялістаў, паляпшаць культурнае абслугоўванне насельніцтва. Класік нацыянальнай літаратуры Уладзімір Караткевіч казаў: «У беларусаў ёсць свая, Богам дадзеная зямля. Яна прыгожая, іншай у іх няма і не будзе. Таму яе трэба берагчы, песціць. А калі жывеш на гэтай зямлі, павінен быць яе гаспадаром. Ты не маеш права працаваць дрэнна». Вось і работнікі культуры павінны працаваць на сваёй роднай ельскай зямлі якасна і самааддана, каб папулярызаваць фальклор, традыцыйную культуру і народную творчасць. Нам неабходна зрабіць усё, каб нацыянальная культура стала брэндам краіны.

Вядома, што ў Год культуры плануецца правядзенне цікавых мерапрыемстваў. Назавіце найбольш яркія і знакавыя з тых, што пройдуць на Ельшчыне.

– У рамках 70-годдзя заснавання Ельскага раённага аддзела культуры на тэрыторыі раёна будзе праходзіць акцыя «Клубных спраў майстры». Гэта будзе своеасаблівая справаздача-эстафета ўстаноў культуры Ельскага раёна. Творчыя калектывы выступяць перад жыхарамі вёсак з канцэртнымі праграмамі, у час якіх пройдзе ўшаноўванне лепшых прадстаўнікоў культуры Ельшчыны.

У гэтым годзе мы адзначым яшчэ адзін юбілей – 30 гадоў з дня стварэння Ельскага краязнаўчага музея. У маі 2016 года плануецца правядзенне цыкла мерапрыемстваў «Музей збірае сяброў». Думаецца, што гэта дасць магчымасць як прыцягнуць у музей больш наведвальнікаў, у тым ліку моладзі, так і павысіць пазабюджэтныя даходы.
У канцы ліпеня бягучага года плануем правесці традыцыйны фестываль гарманістаў палескага краю. Аднак межы яго ўдзельнікаў будуць значна пашыраны, так як згоду прыняць удзел у фестывалі далі гарманісты як з Гомельскай вобласці, іншых рэгіёнаў Беларусі, так і з Расіі, Украіны.

Бягучы 2016 год у сферы культуры – год знакавых юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. Гэта і 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, юбілеі Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Змітрака Бядулі, Івана Мележа і яшчэ многіх беларускіх літаратараў. Бібліятэкары раёна будуць праводзіць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям пісьменнікаў, сярод якіх літаратурны подыум «Летапісцы эпохі» і іншыя.

Канешне ж, ельчане змогуць адпачыць на традыцыйных культурных мерапрыемствах, такіх, як Купалле, Масленіца, святы вёсак і іншыя.
Несумненна, 2016 год будзе багаты на культурныя падзеі. Вельмі важна, каб мы скіравалі сваю ўвагу на захаванні матэрыяльнай спадчыны свайго роднага краю, на аднаўленні і развіцці самабытных беларускіх традыцый, далі новы штуршок у развіцці нацыянальных творчых калектываў, далейшага павышэння ўзроўню падрыхтоўкі кадраў.
Упэўнены, што запатрабаванымі будуць у нас новыя ідэі, праекты, крэатыўныя падыходы. Будзем імкнуцца разам выкарыстоўваць невычэрпны патэнцыял для развіцця культуры, стварэння цікавых мерапрыемстваў і арганізацыі актыўнага адпачынку ельчан і гасцей.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *