Конкурс маладых літаратараў

Культура

Маштабны конкурс для маладых літаратараў плануецца арганізаваць у Беларусі, паведаміла Міністр інфармацыі Лілія Ананіч на пашыраным пасяджэнні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным 10-годдзю стварэння СПБ.

sojuz-pisatelej
– Міністэрства інфармацыі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі заснавалі Нацыянальную літаратурную прэмію, – адзначыла Лілія Ананіч. – Лічу вельмі важным арганізаваць у краіне паўнацэнны маштабны конкурс для маладых літаратараў. Мы можам аб’яднаць намаганні. Мы не толькі можам выяўляць таленавітых, але і дапамагаць устаць ім на крыло.
Адным з мерапрыемстваў на 23-й Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая адбудзецца 10–14 лютага, стане работа сімпозіума маладых літаратараў. Паводле слоў Ліліі Ананіч, у гэтым годзе больш як Br20 млрд дзяржава змагла накіраваць на падтрымку выдання кніг таленавітых аўтараў. У апошнія пяць гадоў убачылі свет творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Генадзя Пашкова, Георгія Марчука, іншыя творы, зборнікі для пазакласнага чытання, што выдаюцца для школьнай праграмы. Штогод 10–12 кніг сучасных пісьменнікаў выдаюцца і пастаўляюцца ў публічныя бібліятэкі.
Лілія Ананіч лічыць адной з галоўных сумесных задач выхаванне ў грамадстве не толькі павагі да кнігі, але і патрэбнасці ў чытанні кніг. Таму мерапрыемствы, якія разгортваюцца на пляцоўцы Мінінфарма, іншых пляцоўках, павінны быць накіраваны на выпрацоўку разумення, што чытанне – гэта не толькі развіццё асобы, але і канкурэнтаздольнасць грамадства і дзяржавы, адзначыла міністр. І важна выпрацоўваць новыя падыходы ў рэалізацыі гэтай задачы, улічваць, што сёння кніга мае не толькі папяровую форму, але і электронную.
Кіраўнік Мінінфарма таксама падкрэсліла, што беларуская кніга дастойна прадстаўлена не толькі на міжнародных выстаўках, але і іншых міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, яна адзначыла актыўную работу беларускіх пісьменнікаў на Дні культуры Беларусі ў Туркменістане.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *