«А на зямлі яго не згасне свет…»

Образование

На мінулым тыдні ў Ельскай раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшла чытацкая канферэнцыя, удзел у якой прынялі вучні 10 «Б» класа СШ № 2 г. Ельска. Тэмай канферэнцыі стала жыццё і творчасць вядомага беларускага пісьменніка Івана Мележа, чый 95-гадовы юбілей адзначаецца па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі.

Иван-Мележ
Да гэтай значнай падзеі супрацоўнікі бібліятэкі рыхтаваліся загадзя. Яны падабралі мастацка-публіцыстычную і метадычную літаратуру, арганізавалі выстаўку кніг, якая дапамагае ўявіць шматгранны талент беларускага класіка, чые імя ў літаратурнай супольнасці асацыіруецца з жыццём палешукоў першай паловы XX стагоддзя.
– Спачатку мы хацелі разам з вучнямі 10 класа, якія зараз праходзяць ў школе «Людзі на балоце», падрыхтаваць літаратурна-музычную кампазіцыю, – расказвае Ірына Хацько, бібліятэкар, – але вырашылі адысці ад традыцыйных методык. У цэнтры ўвагі нашай чытацкай канферэнцыі – Іван Мележ, ураджэнец Гомельскай вобласці, наш зямляк, цікавы чалавек і таленавіты пісьменнік. Відэафільм «Іван Мележ.Туманы над багнай», які мы прапануем школьнікам, дапаможа нам у гэтым.

Пасля дэманстрацыі відэафільма дзесяцікласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і падыскуціравалі наконт вобразаў галоўных герояў трылогіі Мележа «Палеская хроніка».

– Пры вывучэнні рамана «Людзі на балоце» мы звяртаем увагу амаль на ўсё, але дзесяцікласнікаў больш цікавяць адносіны паміж Ганнай, Васілём і Яўхімам, – гаворыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Якушава. – Любоўны трохвугольнік, няшчаснае каханне Хадоські, побыт палешукоў – вось што найбольш хвалюе сучасную моладзь.

Ірына Дарына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *