Лічбы и факты

Актуальное

На 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына

1400x1400_5564046
У Беларусі, паводле папярэдніх даных, на пачатак 2016 года колькасць жанчын склала 5,1 млн, або 53,5 працэнта агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі. Аб гэтым паведаміла БелТА.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць большасць жанчын (78,2 працэнта) — 3 млн 969,3 тыс. чалавек, у сельскіх населеных пунктах — кожная пятая жыхарка рэспублікі — 1 млн 108,3 тыс. чалавек.

Паводле ацэнкі Нацыянальнага статкамітэта, у сярэднім па рэспубліцы на 1000 жанчын прыпадае 871 мужчына.

Сярэдні ўзрост жанчын — 42,4 года, прычым сярэдні ўзрост гараджанак — 40,9 года, сяльчанак — 47,7 года. Павялічваецца чаканая працягласць жыцця жанчын: у 2010 годзе гэты паказчык быў 76,5 года, у 2014-м — 78,4 года.

«Жаночыя» віды эканамічнай дзейнасці

Пераважна «жаночымі» ў Беларусі з’яўляюцца такія віды эканамічнай дзейнасці, як ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг, адукацыя, фінансавая дзейнасць, гасцініцы і рэстараны, гандаль, а таксама рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў.

Сёння кожны другі з ліку занятых у эканоміцы рэспублікі — жанчына. Сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях, сваю працоўную дзейнасць звязалі з прамысловасцю 22,6 працэнта, адукацыяй — 18,5 працэнта, гандлем — 14,5 працэнта, аховай здароўя і прадастаўленнем сацыяльных паслуг — 13,3 працэнта, сельскай і лясной гаспадаркай — 7,6 працэнта.

Сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях краіны, паводле даных Белстата, кожная трэцяя мела вышэйшую адукацыю, кожная чацвёртая — сярэднюю спецыяльную, 17 працэнтаў — прафесійна-тэхнічную.

У ліку даследчыкаў, занятых навуковымі распрацоўкамі, жанчыны складалі больш за 40 працэнтаў. Так, у 2014 годзе ў ліку даследчыкаў вучоную ступень доктара навук меў 671 супрацоўнік, з іх 119 жанчын; кандыдата навук — 2 тыс. 867 супрацоўнікаў, з іх 1 тыс. 128 жанчын.

Індэкс чалавечага развіцця беларускіх жанчын вышэйшы, чым мужчын

Беларусь знаходзіцца ў самым пачатку спіса краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця — займае 50-е месца, падкрэсліла Антаніна Морава, сустаршыня ГА «Беларускі саюз жанчын».

— Дзякуючы больш высокаму ўзроўню адукацыі жанчын і большай працягласці жыцця Беларусь увайшла ў лік 16 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын вышэйшы, чым мужчын, — сказала сустаршыня ГА «БСЖ». — Па індэксе гендарнай роўнасці Беларусь заняла 31-е месца ў свеце сярод 188 дзяржаў. А па індэксе гендарнага развіцця мы ўвайшлі ў першую групу краін — гэта самая высокая пазіцыя ў такім рэйтынгу на постсавецкай прасторы.

У рэспубліцы колькасць жанчын, якія навучаюцца, перасягае колькасць мужчын, якія навучаюцца (50,2 працэнта супраць 49,8 працэнта на пачатак бягучага навучальнага года). Кожная пятая жанчына ў краіне мае вышэйшую адукацыю. «І мы гэтым ганарымся», — падкрэсліла Антаніна Морава, дадаўшы, што беларускія жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны (сярод працуючых жанчын 60 працэнтаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчын — толькі 42 працэнты з дыпломам).

У беларускіх жанчын больш высокая чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, чым у мужчын. Розніца ў гэтых паказчыках складае 10,6 года, канстатавала Антаніна Морава.

Паводле яе слоў, усё часцей жанчын пачалі запрашаць на кіруючыя пасады. Дарэчы, сярод жанчын-кіраўнікоў 40 працэнтаў маюць дзяцей. У Беларусі адзначаецца пашырэнне ўплыву жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Сярод дзяржслужачых яны складаюць 70 працэнтаў. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая, чым мужчын, — 56 працэнтаў. У Беларусі практычна забяспечана 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця заканадаўчых рашэнняў — у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь жанчыны складаюць 29,7 працэнта.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук лічыць, што «жанчына ў Беларусі можа рэалізаваць свае магчымасці, хоць ёй няпроста сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі».

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *