Хай памяць вышыванка зберажэ

Культура Общество Религия

Ручнікі, фартушкі, падушкі, сурвэткі, сукенкі – чаго толькі няма на выставе «Ельскі фартушок», якая ўжо не адзін год радуе вока наведвальнікаў Ельскай цэнтральнай бібліятэкі.

Задума стварыць выставу вышытых фартушкоў у ельскіх бібліятэкараў узнікла амаль дзесяць гадоў назад. У рамках краязнаўчага праекта «Жывая памяць Гомельшчыны» з мэтай захавання гісторыі нашых продкаў, жыхароў Ельшчыны, яны вырашылі збіраць не толькі дакументы і запісваць успаміны землякоў з адселеных пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС вёсак, але і матэрыяльныя каштоўнасці – вышытыя фартушкі.

IMG_9101

Паступова выстава папаўнялася экспанатамі, прычым не толькі фартушкамі, але і вышытымі ручнікамі, кашулямі, сукенкамі, саматканымі дыванамі ды вязанымі кручком сурвэткамі і падзорнікамі. Іх неслі ў бібліятэку і дарылі жанчыны-майстрыхі з адселеных вёсак Ельскага раёна.

Як зазначае дырэктар бібліятэкі Надзея Суткаленка (на здымку), з 2008 года выстава была афіцыйна аформлена, яе з цікавасцю наведвалі як жыхары Ельшчыны, так і госці. У 2011 годзе па выніках рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», які праводзіўся сярод бібліятэк краіны, Ельская раённая бібліятэка са сваім самабытным і цікавым праектам заняла 3-е месца і была ўзнагароджана Дыпломам III ступені і грашовай прэміяй. У 2014 годзе краязнаўчы праект «Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца» Ельскай раённай бібліятэкі заняў ужо 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе, і у гэтым заслуга як бібліятэкараў, так і іх сяброў, якія шчыра дзяліліся з імі сваімі яскравымі вышыванкамі і іншымі творчымі работамі.

Аднак бібліятэкары не спынілі працу па захаванні гісторыі адселеных вёсак, культурнай спадчыны сваіх продкаў. З кожным годам выстава папаўняецца новымі ўнікальнымі рэчамі. Самы старажытны экспанат выставы – вышыты фартушок майстрыхі з вёскі Багуцічы, які датуецца 1897 годам. Мясцовыя жыхары прыносяць работы сваіх матуль, бабуль, а хтосьці і асабіста свае. Так, Любоў Нікіціна з адселенай вёскі Кузьмічы, дачка Галіны Жураўскай з вёскі Глазкі, Ганна Паўленка, Тамара Цалка з вёскі Шышкі прынеслі ў бібліятэку не адну вышыванку.

На выставе «Ельскі фартушок» прадстаўлены вышыванкі амаль з усіх сельскіх населеных пунктаў Ельскага раёна. Няма зараз вёсак, жыхары якіх былі выселены ў выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС… Раз’ехаліся былыя жыхары Асавоў, Глазкоў, Кузьміч,Шыі, Шышак, Патапоў, Пагарэлага, Вязцоў. Аднак засталіся іх каларытныя работы, што беражліва захоўваюць работнікі раённай бібліятэкі.

Наведваючы выставу «Ельскі фартушок», разумееш, якая цудоўная рэч – вышыванка. Колькі цяпла, стараннасці, руплівасці і працавітасці ўкладзена ў кожную рэч умелымі рукамі майстрых! Здаецца, што нават аўра ад рэчаў зыходзіць своеасаблівая, лагодная. Яны не толькі радуюць вока, але і грэюць душу людскую і дапамагаюць зразумець гісторыю продкаў, іх звычкі, традыцыі і культуру.

Таццяна Петрухно



2 комментария по теме “Хай памяць вышыванка зберажэ

  1. Прекрасная выставка! Всем советую посетить. Находится она в районной библиотеке. Восхищению мастерством нет предела!

  2. Я тоже видела эту выставку. Мне очень понравилась. Спасибо людям, которые занимаются таким делом

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *