Сітуацыя ў эканоміцы краіны

Актуальное

Інфляцыя ў межах 12 працэнтаў

Ва ўрадзе разлічваюць, што інфляцыю ў 2016 годзе ў Беларусі можна будзе ўтрымаць у межах 12 працэнтаў. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы 23 жніўня.

Прэм’ер-міністр удакладніў, што ў жніўні на працягу першай палавіны месяца нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязана з сезонным фактарам. Што датычыцца іншых паказчыкаў, была звернута ўвага, што па пераважнай большасці з іх прысутнічае дадатная дынаміка, якая характарызуе якасныя змяненні ў эканоміцы.

«Мы паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту», – адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны. Разгледжана выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідзіравання ў сферы ЖКГ.

Экономика-Бел

Беларусь зможа прэтэндаваць на 3-ці транш крэдыту ЕФСР

Па словах Андрэя Кабякова, праграма эканамічнага развіцця рэалізуецца паспяхова, ёсць усе перадумовы для таго, каб па выніках работы на 1 верасня прэтэндаваць і на трэці транш. Сітуацыя на валютным рынку даволі стабільная.

Як паведамлялася, у канцы ліпеня Беларусі быў пералічаны другі транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры $300 млн. Сродкі паступілі ў рэспубліканскі бюджэт 29 ліпеня. Міністэрства фінансаў Беларусі і Еўразійскі банк развіцця 25 сакавіка 2016 года падпісалі пагадненне аб прадастаўленні фінансавага крэдыту са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Пагадненнем прадугледжана выдзяленне фінансавых рэсурсаў на суму $2 млрд у падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка Беларусі на 2016–2018 гады, адобраных Саветам Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.Сродкі будуць прадастаўлены сямю траншамі на працягу 2016–2018 гадоў: два траншы пералічаны ўжо, у 2016 годзе чакаецца яшчэ адзін транш, тры – у 2017-м і адзін – у 2018 годзе.

Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі

З 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, паведаміў журналістам Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў Прэм’ер-міністра, кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прапановай урада. Праект адпаведнага ўказа быў прадстаўлены Аляксандру Лукашэнку. Разлічваць на падтрымку змогуць сем’і, дзе аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе перасягаць устаноўлены працэнт ад сукупнага даходу. «Для гараджан гэта расходы больш за 20 працэнтаў у сукупным даходзе, а для сельскай мясцовасці – 15 працэнтаў», – растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Прадастаўленне гэтых субсідый пенсіянерам і інвалідам з 1 кастрычніка будзе ажыццяўляцца па выяўляльным прынцыпе, гэта значыць аўтаматычна. Астатнія грамадзяне для атрымання безнаяўных субсідый павінны будуць звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі.

Усяго на гэтыя мэты, паводле ацэнкі ўрада, спатрэбіцца накіраваць амаль Br50 млн (дэнамінаваных рублёў). Паводле папярэдніх ацэнак, безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі ў Беларусі змогуць скарыстацца каля 10 працэнтаў, або амаль 400 тыс. сем’яў.

Аб тарыфах на ЖКП у ацяпляльны сезон

«Мы будзем у максімальнай ступені пры ўмове планавання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі разглядаць катэгорыі грамадзян, якія не змогуць зрабіць адпаведную аплату з-за ўзроўню даходаў. Прынцып адзін: хто можа, той павінен плаціць, а тым, хто не зможа з-за аб’ектыўных прычын, дзяржава акажа сацыяльную падтрымку», – заявіў Прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што і кіраўнік дзяржавы патрабуе адпаведнага падыходу. Ён заключаецца ў тым, што калі ўрад плануе нейкія рашэнні, якія могуць паўплываць на жыццёвы ўзровень насельніцтва, то неабходна адрасным чынам у адносінах да канкрэтных катэгорый грамадзян прадугледжваць нівеліруючыя меры. «Гэта значыць канцэпт сацыяльнай дзяржавы, што мы сваіх грамадзян не кінем у цяжкую хвіліну і заўсёды, плануючы тыя ці іншыя рашэнні, будзем прадугледжваць пэўныя меры па абароне. Гэта патрабаванне Прэзідэнта, ад якога ўрад не мае права адступаць», – дадаў Прэм’ер-міністр.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *