Адукацыя: вынікі і перспектывы

Актуальное

Без-имени-1

У Беларусі ўдасканаляць структуру ЦТ

Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. «Тэсты мы, зразумела, будзем удасканальваць. Пасля таго як добра будзе ўкаранёна профільнае навучанне, у ЦТ з’явіцца дадатковая частка С для профільных класаў», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Гэту трэцюю частку тэста абітурыенту будзе неабходна выканаць пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе вывучаемы на павышаным узроўні прадмет будзе профільным.
Паводле слоў міністра, сёння тэсты разлічаны на ўсіх абітурыентаў – і тых, хто вельмі добра ведае прадмет, і тых, хто слабейшы. У тэстах ёсць як стандартныя заданні, так і павышанай складанасці ў рамках школьнай праграмы. Калі ў ЦТ не будзе складаных заданняў, усе будуць здаваць тэсціраванне на 100 балаў, што прывядзе да вялікай колькасці пытанняў.

Яшчэ адна навацыя, якая плануецца да ўвядзення з наступнага года, – магчымасць здачы ЦТ адразу па чатырох прадметах. Таксама чакаецца, што сертыфікаты па ЦТ будуць сапраўднымі на працягу двух гадоў. Гэтыя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэтыя меры пашыраць магчымасці маладых людзей пры паступленні.
Школы Беларусі поўнасцю

ўкамплектаваны настаўнікамі

«Дэфіцыту кадраў няма, мы поўнасцю ўкамплектавалі ўсе школы, у тым ліку ў Мінску. Мінулыя гады найбольшы дэфіцыт у педагагічных кадрах назіраўся ў сталіцы. У бягучым годзе Мінск добра папрацаваў: набралі новых педагогаў, прыцягваюць да навучальнага працэсу студэнтаў старшых курсаў – гэта таксама добра, гэта своеасаблівая педагагічная практыка», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Усяго ў гэтым годзе ўпершыню пачнуць працаваць больш як 5 тыс. педработнікаў.

Міхаіл Жураўкоў таксама пракаменціраваў сітуацыю адносна аптымізацыі колькасці школ. Закрыццё ў абсалютнай большасці выпадкаў датычыцца малакамплектных устаноў адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. «Мы вельмі сур’ёзна працуем з гэтымі пытаннямі і пастаянна нацэльваем мясцовыя органы ўлады, каб яны вялі растлумачальную работу з насельніцтвам», – сказаў ён. Размова ідзе аб тым, што неабходна паказваць бацькам і іх дзецям новыя школы, дзе апошнія будуць навучацца, умовы, якія там створаны, расказваць аб педагагічным калектыве, а таксама абавязкова вырашаць такія пытанні, як падвоз дзяцей, арганізацыя іх навучання і адпачынку пасля навучальных заняткаў.

Усе падручнікі ў Беларусі  плануюць перавыдаць да 2020 года

«Да 2020 года ўсе падручнікі, а іх каля 200, будуць перавыдадзены. Сёння над стварэннем падручнікаў працуюць аўтарскія калектывы, якія выйгралі па конкурсе права на распрацоўку гэтых падручнікаў, плюс туды ўключаны педагогі са стажам, педагогі кваліфікаваныя, дасведчаныя», – сказала намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Што датычыцца базавых падручнікаў, то такіх у гэтым годзе ўжо выдадзена два. Паводле слоў намесніка Прэм’ер-міністра, яны сапраўды добрай якасці, цікавыя, лёгкія для ўспрымання. Таксама зараз ідзе ўдасканаленне вучэбных праграм.

Варыянты стымулявання педагогаў

Адно з новаўвядзенняў датычыцца «разняволення» педагогаў у іх імкненні зарабляць на развіцці пазабюджэтнай дзейнасці. «Тут не патрабуюцца фінансавыя затраты з бюджэту. Разам з тым гэта дасць магчымасць спецыялістам атрымліваць грошы за аказанне дадатковых паслуг у сваёй жа школе, а не падзарабляць недзе на баку», – растлумачыла Наталля Качанава.

«Прапановы паступаюць розныя, у тым ліку ад Міністэрства адукацыі. Гаварыць пра іх больш канкрэтна заўчасна, паколькі рашэнні яшчэ не прыняты», – сказала віцэ-прэм’ер.

Цікавасць школьнікаў і студэнтаў да вывучэння беларускай мовы 

«Цікавасць да беларускай мовы ўзрастае не толькі ў школах, але і ва ўніверсітэтах», – сказаў Міхаіл Жураўкоў. Ён дадаў, што цяпер на вывучэнне рускай і беларускай мовы і літаратуры ў школах выдзелена аднолькавая колькасць гадзін.

У той жа час колькасць школ і класаў з навучаннем на беларускай мове ў гэтым годзе не павялічылася. У пытанні адкрыцця такіх класаў зыходзяць з жадання бацькоў, адзначыў міністр. «Мы не ідзём шляхам навязвання мовы навучання. Па заканадаўстве, калі бацькі хочуць, каб іх дзіця навучалася на беларускай мове, то сістэма адукацыі абавязана забяспечыць гэта. За гэтым мы строга сочым, каб не ўшчамляліся правы нашых грамадзян пры навучанні на той ці іншай дзяржаўнай мове», – сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *