Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з расійскімі журналістамі

Актуальное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка амаль 6 гадзін размаўляў з расійскімі журналістамі, якія задалі ў час сустрэчы з кіраўніком дзяржавы больш як 30 пытанняў.

bez-imeni-1
Гэта традыцыйнае мерапрыемства было арганізавана 13-ы раз і прайшло ў фармаце давернага дыялогу, да якога кіраўнік дзяржавы заклікаў у самым пачатку сустрэчы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі. Расійскія журналісты і блогеры падрабязна дзяліліся сваімі ўражаннямі аб убачаным у прэс-туры па Магілёўскай вобласці, а таксама цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта па шырокім спектры пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх адказах вялікую ўвагу ўдзяліў беларуска-расійскаму супрацоўніцтву, будаўніцтву Саюзнай дзяржавы, міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню, прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй, ажыццяўленню беларуска-расійскіх культурных і адукацыйных праектаў. Была закранута таксама тэматыка маючых адбыцца перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, стварэння роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, вуглевадароднай сыравіны, магчымасцей для паставак прадукцыі, інтэграцыі ў фармаце ЕАЭС, выбараў у ЗША.

«Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, – заявіў Прэзідэнт. – Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб’яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе ўзняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза».

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў многія ўнутраныя тэмы, у тым ліку ўзровень даходаў насельніцтва, эканамічную палітыку, развіццё сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, функцыянаванне ЖКГ, адукацыйнай сферы, спорту і турызму, будаўніцтва гасцініц у рэгіёнах, перспектывы развіцця касмічнай сферы і атамнай энергетыкі, пытанні банкаўскай сферы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, гістарычных каранёў дружбы беларускага і расійскага народаў.

Акрамя таго, расіяне цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і ролі Беларусі як мірнай пляцоўкі ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні, якія датычацца яго асабістых спартыўных, літаратурных і мастацкіх схільнасцей, стаўлення да малой радзімы, адпачынку.

Аб сельскай гаспадарцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае супраць бяздумных рэформ у сельскай гаспадарцы. «Мы штучна, агулам, як вы зрабілі некалі, не разбураем ні сельскую гаспадарку, ні прамысловыя прадпрыемствы, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Калі, дапусцім, ёсць добры прыватнік, які гатовы ўзяць калгас, саўгас па-старому, калі ласка. І ў нас ужо амаль чвэрць сельскай гаспадаркі прыватная. Але мы яе на кускі не парэзалі, як у вас у некаторых месцах… І калі б мы падзялілі на кускі гэту зямлю, мы проста яе загубілі б, яна зарасла б бур’яном. А мы цалкам, калі ёсць жадаючыя, прадавалі гэты калгас. Прытым за малыя грошы. Дарэчы, расіяне многія купілі латыфундыі ў Беларусі».

«І калі заходнікі да нас прыехалі, я іх прымаў, фермеры і іншыя, немцы толькі захапляліся: вось бы нам такое! Я гавару: бог з вамі, вы ж нас вучыце, як працаваць у вёсцы. А яны: не зрабіце так, як у нас. Ну хіба на 30–50 гектарах можна працаваць? Вось яны і ходзяць, просяць датацыі пастаянна. Гавораць: нам бы такія масівы, была б высокарэнтабельная сельская гаспадарка», – прывёў прыклад Прэзідэнт.

«Таму нельга тут бяздумна ажыццяўляць гэтыя рэформы і праводзіць агулам. Трэба гэта рабіць акуратна, разумна, і на пульсе трымаць руку, каб не было карупцыі і несправядлівасці», – яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова пастаўляць неабходныя аб’ёмы прадуктаў харчавання ў Расію па выгадных цэнах. Прэзідэнт адзначыў, што беларуская прадукцыя запатрабавана, прадстаўлена ў розных рэгіёнах свету, у тым ліку ёсць зацікаўленасць з боку Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў могуць звярнуцца да любога вытворцы.

Аб саюзнай інтэграцыі

Пытанне адной з журналістак датычылася таго, чаму працэсы развіцця інтэграцыі па-рознаму асвятляюцца ў беларускіх і расійскіх СМІ. Паводле яе слоў, СМІ ў Беларусі актыўна публікуюць аб гэтым навіны, а расійскім масмедыя гэта тэма не вельмі цікавая.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова развіваць і паглыбляць супрацоўніцтва, аднак любы саюз павінен будавацца на прынцыпах раўнапраўя. «Мы прытрымліваемся разумнай інтэграцыі на прынцыпах раўнапраўя. Вазьміце гісторыю: любы саюз толькі тады можа існаваць, калі ён створаны празрыста, на класічных прынцыпах. Адзін з іх – гэта раўнапраўная аснова, калі гэтага не будзе – не будзе саюза, разваліцца», – рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Нашы дзверы заўсёды шырока расчынены для добрых людзей. Да разумення гэтага паступова прыходзяць і ў Старым, і ў Новым Свеце. Беларусь ніколі не была парушальнікам спакою ў Еўропе. Больш таго, сёння яна з’яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. «Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы», – упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аб каляровых рэвалюцыях

Пры нармальных умовах жыцця ніякіх каляровых рэвалюцый не будзе, упэўнены Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Нам (у Беларусі і Расіі – заўвага БЕЛТА) трэба цяпер паглядзець на вельмі важныя пытанні, якія патрэбны для нармальнага жыцця чалавека, тады ён будзе патрыётам, і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас не перавернуць. Але калі мы не будзем гэтым займацца, нас без каляровых рэвалюцый народ скіне пры той шалёнай дэмакратыі, якая сёння ў свеце», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова кааперавацца з расійскімі рэгіёнамі ў плане вытворчасці, каб не дапусціць дэфіцыту якіх-небудзь тавараў. «Калі вы хочаце штосьці зрабіць, прыязджайце, мы гатовы разам з вамі рабіць, прытым па цане ніжэйшай, чым вы самі для сябе гэта зробіце. Мы гэта прадэманстравалі ўжо, не трэба ніякім жулікам нічога плаціць – мы вам зробім гэта за паўцаны. Мы хочам, каб вы атрымлівалі дастаткова прадуктаў харчавання і каб мы канчаткова не загубілі вытворчасць адзення, абутку», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб узроўні сярэдняй зарплаты

Беларусь у наступным годзе дасягне ўзроўню сярэдняй зарплаты $500, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«У будучым годзе мы наблізімся да гэтай лічбы або выйдзем на $500. Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на $500», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Аднак для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. «Прадукцыйнасць працы перш за ўсё, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Няма прадукцыйнасці працы – якая зарплата? Але трэба і прыватныя, і дзяржаўныя бізнес і кампаніі падштурхоўваць, каб яны займаліся гэтым пытаннем».

Закранаючы тэму абароны правоў чалавека, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ніколі нікому не дазволю несправядліва паступіць з чалавекам. Для ўсёй вертыкалі ўлады гэта галоўны прыярытэт».

Адносна невысокая зарплата ў Беларусі кампенсуецца таннасцю паслуг. Кіраўнік дзяржавы прывёў статыстычныя даныя па сярэдняй заработнай плаце ў Расіі і Беларусі і суаднёс гэтыя паказчыкі з коштам паслуг. Так, цяпер зарплата работнікаў у Беларусі набліжаецца да $400, у Расіі яна ў паўтара раза большая. Але пры гэтым за жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтва Беларусі плаціць значна менш, чым у Расіі, Украіне, еўрапейскіх краінах. У прыватнасці, плата за кубаметр вады ў Мінску – 15 цэнтаў (у рэгіёнах рэспублікі – яшчэ ніжэй), а ў Маскве – 53 цэнты, у Санкт-Пецярбургу – 41 цэнт, у Смаленску – 36 цэнтаў, у Кіеве – 27 цэнтаў, у Берліне – $2,5. Прыблізна такая ж карціна і з коштам для насельніцтва іншых ЖКП (па каналізацыі, гарачым водазабеспячэнні, цеплазабеспячэнні, тэхнічным абслугоўванні, за карыстанне ліфтам). Акрамя таго, у Беларусі захоўваецца бясплатная адукацыя (амаль 90 працэнтаў студэнтаў ВНУ навучаюцца за кошт бюджэту), ахова здароўя.

«Можна чалавеку даць двайную зарплату, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэту зарплату зможа купіць – пытанне», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і прадукты ў Беларусі былі б значна таннейшыя, «калі б не падганяў расійскі рынак».

Сфера ЖКГ

Сферу ЖКГ нельга падзяліць на кускі і прыватызаваць, лічыць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. «Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя Прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30 % кошту паслуг ЖКГ, а 70 % кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў аказалася, што насельніцтва пакрывае 52 %. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў творыцца, хто іх кантралюе?» – сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.

«МВФ патрабуе – сёння 75 %, а заўтра 100 % павінна насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ, тады яны дадуць крэдыт. Добра, сёння 100 % зробім, а заўтра будуць дзікія неплацяжы, людзі проста не змогуць заплаціць. І гэтым самым пачнём знішчаць тых, хто аказвае паслугі. Таму тут трэба ісці вельмі акуратна», – лічыць Прэзідэнт. Ён нагадаў аб рашэнні кожны год паднімаць кошт ЖКП не больш як на $5 у эквіваленце. «У будучым годзе я дакладна ведаю, і народ ведае, што жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць на $5. Тады будзе не 52 %, а, можа, 58 % пакрыццё. І вось так павольна мы будзем ісці. І калі раптам адбудзецца нейкі нечаканы абвал, інфляцыя вырасце і іншае, мы палічым, і Прэзідэнт указам зацвердзіць. І ніякага шарлатанства тут быць не павінна і не будзе», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *