Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Субата «Вытокі» у Ельскай бібліятэцы

Культура Личности

Пра сустрэчы на палях і фермах, у вясковых клубах і сялянскіх хатах; у час жніва на хлебным полі пад няспынны рокат рухавікоў камбайнаў; з яркімі асобамі калгаснага жыцця, рознага ўзросту, заняткаў; з кім лёс наканваў убачыцца – пра ўсё гэта расказаў Уладзімір Субат у сваёй кнізе «Вытокі», прэзентацыя якой адбылася напрыканцы кастрычніка ў Ельскай раённай цэнтральнай бібліятэцы.

subbot
Уладзімір Субат, дацэнт кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, нарадзіўся ў палескім горадзе Століне. Пасля школы вучыўся на эканамічным аддзяленні Столінскага сельскагаспадарчага тэхнікума. У 1975 годзе, пасля заканчэння вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пачаў сваю працоўную дзейнасць рэдактарам на Беларускім радыё.

kniga-vytoki
Уладзімір Паўлавіч – журналіст, які прызнаны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Вось ужо больш сарака гадоў ён не змяняе ўласнаму выбару – апавяданню пра вёску, пра яе жыхароў. Да кожнага ён можа знайсці свой падыход, адкрываючы субяседніка з самага нечаканага боку.
– Вось ужо 43 гады я аддаў журналістыцы, – усміхаючыся, гаворыць Уладзімір. – І ўвесь гэты час я пісаў пра людзей вёскі. Сельская тэматыка мяне зацягнула. Будучы студэнтам журфака БДУ, я супрацоўнічаў з перадачамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы» Беларускага радыё, дзе працавалі вельмі вядомыя ў той час журналісты. У іх я вучыўся майстэрству, пераймаў сакрэты журналістыкі, – з цеплынёй у голасе ўспамінае Уладзімір Паўлавіч. – Я трапіў на раскошную глебу, дзе і пачаў рабіць першыя крокі. Як птушаня, спачатку асцярожна выглядаў з гнязда, потым – шырэй глядзеў на свет, а за тым і сам паляцеў. І не заўважыў, як ажаніўся, з’явіліся дзеці: старэйшая дачка – хірург, малодшая – журналістка. Нарадзіліся ўнукі… А здаецца – толькі ўчора прыйшоў у журналістыку.

Журналісцкія шляхі-дарогі – шчодрая крыніца багатых успамінаў, сустрэч, незабыўных уражанняў Уладзіміра Субата, чалавека, які пабываў ва ўсіх пяці кантынентах. Амаль за паўвека творчых вандровак бадай што не засталося ні воднага куточка і ў Беларусі, дзе б не давялося пабываць журналісту Субату. Партрэты людзей, характараў, нораваў моцна трымае яго памяць.

– Як журавіны на балоце, суквеццямі прадстаюць героі – толькі паспявай збіраць! Бяры і збірай самых яркіх і прыгожых! Вось і назбіраў больш за 250 чалавек, пра якіх можна было пісаць. Потым адбіраў, сартыраваў – выбіраў душой. Цікавыя лёсы, цікавае жыццё… Так і з’явілася кніга «Вытокі» – зборнік нарысаў аб людзях беларускай вёскі, збор лёсаў, – з гонарам у голасе гаворыць Уладзімір. – Колькі мудрага і цікавага давялося пачуць ад людзей розных прафесій і ўзросту, што жывуць і працуюць у гарадах і вёсках Беларусі! Гэты непадуладны часу пярэсты букет чалавечых роспаведаў кранае шчырасцю і багаццем народнай мудрасці.

Сапраўды, лёсы герояў кнігі «Вытокі» вартыя ўшанавання нашчадкамі. Кожнаму з іх выпала адпаведная місія ў аднаўленні нашай агульнай Бацькаўшчыны. Дзякуючы іх нястомнай працы, наш стол у будні і ў святы багаты. Сапраўдным гаспадарам зямлі беларускай прысвечана гэтае выданне.

Жыццё Уладзіміра Субата насычана падзеямі, і ён не чакае спакойную старасць, а спадзяецца на новыя сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Вераніка Сяўрук



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *