Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Актуальное Новости республики

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Выступленне кіраўніка дзяржавы адбылося ў час сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

презідент

На мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў і сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладнага і своечасовага выканання даручэнняў, дадзеных у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў гатоўнасць і ў далейшым сустракацца з парламентарыямі, выпрацоўваць новыя формы стасункаў, каб абмяркоўваць актуальныя для краіны пытанні.

Прэзідэнту было зададзена больш за дзясятак розных пытанняў, якія датычацца развіцця вёскі, лібералізацыі дзелавой актыўнасці, перспектыў функцыянавання новага бязвізавага пяцідзённага рэжыму, развіцця рынку каштоўных папер, а таксама міжнароднай тэматыкі.

Аб эканоміцы і бізнесе

Лукашэнка назваў прыярытэтным стварэнне ў Беларусі «эканомікі заўтрашняга дня»

Прыярытэтнай задачай з’яўляецца стварэнне ў Беларусі трывалай і канкурэнтаздольнай эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

«Прыярытэт — стварэнне трывалай, канкурэнтаздольнай эканомікі. Эканомікі заўтрашняга дня. Менавіта яна з’яўляецца асновай нашага суверэнітэту. У сувязі з гэтым наперадзе каласальная работа. Але рабіць яе мы будзем ужо не з нуля. За чвэрць стагоддзя незалежнасці вырашаны многія няпростыя праблемы. Патэнцыял, які мы маем, дазваляе краіне дэманстраваць жыццеўстойлівасць нават у самыя неспрыяльныя перыяды. Гэта паказаў і папярэдні год», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гледзячы на пакуты іншых народаў, крывавыя міжусобіцы і разруху, мы яшчэ больш цэнім парадак і згоду, якія ўдаецца захоўваць на нашай зямлі. Мы не далі ўцягнуць сябе ў канфлікты. Захавалі добрыя адносіны з усімі суседзямі. І я як кіраўнік дзяржавы з усёй адказнасцю заяўляю: будзе зроблена ўсё, каб ніхто і ніколі не змог падтачыць фундамент нашага дзяржаўнага будынка — свабоду і незалежнасць Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Аднак гэта магчыма толькі пры адной умове: калі кожны з нас будзе ўносіць пасільную лепту ў агульную справу. Галоўнае цяпер — кансалідацыя ўсёй нацыі дзеля агульнай мэты — пабудовы моцнай і бяспечнай дзяржавы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: бягучы год набывае асаблівую значнасць у выкананні задач пяцігодкі

Прэзідэнт адзначыў, што арыенцірам для пераадолення праблем і вываду краіны на новы ўзровень развіцця служаць рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу. «Неабходна навярстаць упушчанае і выйсці на зададзеныя параметры па выніках першых двух гадоў пяцігодкі. Таму гэты год набывае асаблівую значнасць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. «Я ўжо гаварыў: іншага такога года не будзе, — дадаў Прэзідэнт. — Не зробім хаця б паўкроку наперад, баюся нават гаварыць, што можа адбыцца».

«Калі мы не зможам знайсці дадатковыя магчымасці для павелічэння паставак беларускай прадукцыі за мяжу, то цяжка будзе падняць нашу эканоміку на новы ўзровень. Таму трэба задзейнічаць усе рычагі для вытворчасці якасных, канкурэнтаздольных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паралельна неабходна ажыццяўляць дыверсіфікацыю экспарту, як бы ні было гэта складана.

«Аднак рабіць гэта трэба без урону для нашых пазіцый на традыцыйных рынках, перш за ўсё, у Расійскай Федэрацыі. Дастаткова сказаць аб праграмах па імпартазамяшчэнні, да ўдзелу ў якіх нядаўна ў Санкт-Пецярбургу запрасіў нас і Прэзідэнт Расіі. Гэта ўпершыню прагучала з яго вуснаў. Калі ўвялі санкцыі, Расія зразумела каштоўнасць Беларусі ў тым плане, што беларуская эканоміка можа быць запатрабавана ў Расіі, у тым ліку па імпартазамяшчэнні», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: залішніх праверак, што паралізуюць бізнес, быць не павінна

«Трэба сур’ёзна паглядзець на работу кантралюючых органаў. Залішніх праверак, што паралізуюць бізнес, быць не павінна. Прадпрыемствы, якія нармальна працуюць, не трэба пастаянна правяраць. А вось нестабільныя, што трапілі ў гэты рад, павінны знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы. Яшчэ больш пільным, чым ёсць цяпер», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што Камітэт дзяржаўнага кантролю мае ўсе паўнамоцтвы, у тым ліку аператыўныя. «Атрымаў інфармацыю, што той ці іншы таварыш не па законе дзейнічае, — не пытайце ні аб чым, не збірайце мноства фактараў. Ёсць факт парушэння закону — туды яго», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сумленная работа з’яўляецца залогам таго, што кантралюючыя органы не прыйдуць на прадпрыемства. «А калі прыйдуць, вельмі строга будзем з гэтым разбірацца. Хадзіць на прадпрыемствы, дзе кіраўнікі працуюць добрасумленна, не трэба. І не чакайце ніякіх дэкрэтаў — працуйце па жыцці сумленна і прыстойна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Адной з важнейшых задач з’яўляецца актывізацыя дзелавой ініцыятывы. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння суб’ектам гаспадарання канкурыраваць на рынку няпроста: ёсць шэраг аб’ектыўных прычын, пачынаючы з цяжкіх механізмаў рыначнага рэгулявання і заканчваючы асобаснымі якасцямі бізнесменаў. «Я ўжо неаднаразова гаварыў: не ва ўсіх ёсць гэта праславутая прадпрымальніцкая жылка. У нас усе са студэнцкай лаўкі як мінімум, а тое ўжо і з сярэдняй школы бачаць сябе багатымі,бізнесменамі. У свеце падлічана, колькі з сотні могуць стаць бізнесменамі, — адзінкі. Таму, ідучы ў бізнес, падумай, ці ёсць у цябе ад прыроды даныя такія, ці набыў ты іх у працэсе навучання і ці ёсць у цябе жаданне працаваць у гэтым бізнесе. Гэта вельмі няпроста, тым больш што ў нашым грамадстве і навыкаў асаблівых няма. І багатых не вельмі любяць», — растлумачыў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі сапраўды шмат адміністрацыйных бар’ераў. «Яны тармозяць развіццё любой дзелавой ініцыятывы. Як мне расказваюць, чалавеку неабходна ажыццявіць каля 12 адміністрацыйных працэдур, каб адкрыць невялікае кафэ. На іх, паводле самых сціплых падлікаў, ідзе каля 6 месяцаў. Але ж у гэты ж час прадпрымальнік мог бы сам працаваць, ствараць рабочыя месцы для іншых. Не лепшым чынам ідуць справы ў будаўнічай сферы. Каб атрымаць рашэнні выканкама аб прадастаўленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва, суб’ектам гаспадарання даводзіцца чакаць паўтара года, а тое і больш. І гэта мы змагаемся з бюракратызмам і валакітай?!» — задаўся пытаннем Прэзідэнт. Ён звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай: «Вы адказваеце за гэта пытанне. Дырэктыву Прэзідэнта ў гэтым плане ніхто не адмяняў».

Прэзідэнт Беларусі: мы абавязаны забяспечыць зялёную вуліцу для інвестараў

«Першае, што нам трэба зрабіць, — змяніць стаўленне да інвестараў. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаны забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна!» — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы для інвесціравання.

Удалося дабіцца макраэканамічнай стабілізацыі, няма палітычных узрушэнняў, дзейнічае адпаведнае заканадаўства. Не робіцца ніякіх адрозненняў паміж айчыннымі і замежнымі інвестарамі. «Узнікае пытанне: калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб’ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?» — спытаў беларускі лідар.

«Сёння на пазіцыю буйнейшага інвестара ў свеце выходзіць дружалюбны нам Кітай. Усе рэгіёны рэспублікі ўстанавілі з правінцыямі Кітая пабрацімскія сувязі, дамовіліся аб рэалізацыі шэрага праектаў. Чаму не відаць канкрэтных спраў? За гэта таксама запатрабуем», — сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі неабходна больш актыўна ўкараняць ІТ-тэхналогіі ў сферы бытавых паслуг, гандлі і ЖКГ — Лукашэнка

«Яшчэ адной кропкай росту з’яўляецца паўсюднае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій. Яны ўжо шырока прымяняюцца ў ахове здароўя, адукацыі, банкаўскай сферы, на мытні. Ва ўжытак увайшлі электронны рэцэпт, школьны электронны дзённік, электронны банкінг, — адзначыў Прэзідэнт. — Але свет не стаіць на месцы. Нам неабходна больш актыўна ўкараняць інфарматызацыю ў сферы бытавых паслуг, гандлі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, на транспарце, скарачаць папяровы дакументаабарот за кошт паўсюднага выкарыстання тэхналогій электроннага ўрада».

Аляксандр Лукашэнка даручыў да стварэння электроннага ўрада прыцягнуць Парк высокіх тэхналогій. «Гэту праблему адпраўце да Янчэўскага (кіраўнік ПВТ. — Заўвага БЕЛТА), каб ён ёю і займаўся, прыцягваючы дадатковыя рэсурсы з органаў улады і іншых, але гэту праблему — электроннага ўрада — трэба ў поўным аб’ёме вырашыць. І як не яму цяпер яе вырашаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў грамадстве цяпер ёсць запыт на развіццё ІТ-напрамку.

Аб дзейнасці ўлады

Патрабаванні да ўсіх галін улады будуць толькі ўзмацняцца — Лукашэнка

«На сённяшні дзень наша жыццёвая неабходнасць — гэта нарошчванне экспарту і прыцягненне інвестыцый. Я вельмі строга патрабую выканання гэтых задач, таму што ведаю, што гэтыя пытанні сёння можна вырашыць. Калі б нельга было вырашыць, не было б такога націску, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Націск на выканаўчыя органы, усе галіны ўлады будзе толькі ўзмацняцца. Мы павінны паказаць усяму свету, што здольны функцыянаваць як суверэнная незалежная дзяржава. Калі хто-небудзь хоча падняўшы рукі ісці здавацца — калі ласка».

«Я яшчэ глыбока не ўнікаў, не глядзеў вынікі першага квартала гэтага года, але думаю, што ўсе разумеюць службовыя асобы, у тым ліку вышэйшыя, што хлусіць небяспечна. Намецілася нейкая тэндэнцыя наперад, як яны заяўляюць. Гатовы ў гэта паверыць. І гэта мы зрабілі літаральна за сакавік і некалькі дзён красавіка. Таму што студзень-люты поўнасцю правалілі і праспалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: дзяржслужба павінна стаць адной з самых прывабных

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў Беларусім да гэтага часу не ўдалося ўзняць прэстыж дзяржаўнай службы. «Адказнасць вялікая, работа на знос часам у некаторых, а стымулаў не так ужо і шмат. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзяржслужба стала адной з самых прывабных», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На гэта нацэлена аптымізацыя дзяржапарату, якая праводзіцца ў Беларусі. «Трэба дакладна вызначыць, хто будзе дзяржслужачым, а хто будзе працаваць па найме ў тых ці іншых дзяржаўных структурах, не з’яўляючыся дзяржслужачым», — растлумачыў Прэзідэнт. Неабходна таксама прыняць усе законы па дзяржслужбе.

«Дзяржаўная служба павінна быць прыраўнавана да ваеннай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржаўных служачых павінна быць столькі, колькі трэба — не многа».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: праводзімая ў краіне аптымізацыя дзяржапарату — гэта не механічнае скарачэнне колькасці, а рацыянальны перагляд функцый, выключэнне іх дубліравання, дэлегаванне на месцы паўнамоцтваў, правоў на прыняцце рашэнняў, але разам з гэтым і адказнасці за стан спраў у рэгіёнах. «Мы доўга запрагалі, але цяпер, нарэшце, пачалі выконваць справу канкрэтна і рашуча», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка аб падыходах у рабоце ўлады: мы павінны ўмець слухаць і чуць людзей

Такі падыход павінен быць уласцівы ўсім галінам улады, перакананы Прэзідэнт. «Людзей трэба слухаць і рабіць высновы, і дзейнічаць, дапамагаючы ім. Іншага не трэба. Гэта задача любой улады, любога дзяржаўнага служачага», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў новаму беларускаму парламенту, які выбраны мінулай восенню, актыўна працаваць у гэтым напрамку. «Сустрэчы з насельніцтвам, у акругах і працоўных калектывах, рэальная дапамога людзям у вырашэнні іх праблемных пытанняў — вось галоўныя задачы народных выбраннікаў. Трэба разам — мясцовай вертыкалі, дэпутатам усіх узроўняў, грамадскім арганізацыям — забяспечыць прамую, аператыўную сувязь улады і народа. Мы павінны ўмець слухаць і чуць людзей, якія даверылі нам кіраванне дзяржавай!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: усе грамадска значныя затрыманні карупцыянераў санкцыянаваны Прэзідэнтам

Прэзідэнт неадкладна дае санкцыю на прыняцце дзейсных мер, калі яму дакладваюць аб фактах карупцыі. «Усе грамадска значныя затрыманні санкцыянаваны асабіста мной», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, напрыклад, аб вялікім карупцыйным затрыманні ў сталіцы, звязаным з арганізацыяй школьнага харчавання.

Асноватворныя прынцыпы ў барацьбе з карупцыяй застаюцца, як і раней, нязменнымі. «Гэта роўнасць усіх перад законам і немінучасць адказнасці незалежна ад займаемых пасад і былых заслуг. Менавіта такімі падыходамі кіруюцца нашы праваахоўныя органы, якія выкрываюць факты карупцыі і спыняюць розныя карупцыйныя схемы, — нагадаў Прэзідэнт. — Так будзе і ў далейшым».

Лукашэнка перасцярог сілавікоў ад перагібаў у барацьбе з карупцыяй

«У кожным канкрэтным выпадку трэба вельмі ўзважана падыходзіць да ўзбуджэння крымінальнай справы, сотню разоў падумаць, перш чым навесіць на чалавека кляймо «карупцыянер». На коне лёсы людзей! Ніякай дарэмшчыны быць не павінна!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што ў асобных сітуацыях чалавек можа заставацца на волі, пакуль вядуцца следчыя дзеянні.

Аб працаўладкаванні і зарплаце

Прэзідэнт: патрэбна новая канцэпцыя дэкрэта нумар 3 — прымусіць кожнага працаваць

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць зрабіць вывады па сітуацыі па дэкрэце нумар 3. «Патрэбна новая канцэпцыя — прымусіць кожнага працаваць», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў краіне налічваецца амаль 350 тыс. чалавек, не занятых на рынку працы. «Што будзем з імі рабіць? Калі вы прапануеце іншую альтэрнатыву (дэкрэту нумар 3. — Заўвага БЕЛТА), як прымусіць іх працаваць, я адступлю. 350 тыс. чалавек павінны працаваць, таму што яны нам ствараюць вялікую праблему, перш за ўсё праваахоўнай сістэме. А наогул гэта 500 тыс. чалавек — 150 тыс. мы па розных прычынах вызвалілі ад «цяжару» працаваць».

Беларускі лідар падкрэсліў, што трэба рабіць высновы з таго, што адбылося. «Так, мы дрэнна на месцах рэалізавалі. Але ківаць толькі на месцы, скідваючы з сябе адказнасць, — не той шлях. У нас вертыкаль улады, і мы нясём за гэта адказнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуўся да парламентарыяў: «Праблема ёсць, яе трэба вырашаць. Як будзем дзейнічаць? Зноў прапісаць, як мне прапанавалі: не працуеш — павінен нейкую суму ўнесці. Але вы ж разумееце, што 10 тыс. чалавек унясуць гэтыя грошы і забудуць. А астатнія да лютага або сакавіка наступнага года ні капейкі не ўнясуць. Яны і працаваць не пойдуць, калі іх не прымусіць. Ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць. А яшчэ падсунуць нейкую капейку за тое, што выйшаў на вуліцы, — так жа было. Таму патрэбна новая канцэпцыя — прымусіць кожнага працаваць».

Прэзідэнт дадаў, што такі вопыт ёсць — вопыт савецкіх часоў.

Лукашэнка: ашуканства ў пытанні дасягнення сярэдняй зарплаты Br1000 недапушчальна

«Ашуканства ў гэтай справе недапушчальна. Нават не думайце без уліку прадукцыйнасці працы выдаць па Br1000. Яны павінны быць зароблены», — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўнікоў. Прафесіяналізм кіраўнікоў у тым і заключаецца, каб стварыць для гэтага ўмовы, знайсці рэзервы, перш за ўсё ў арганізацыі працы.

Паводле слоў Прэзідэнта, асновай росту зарплат з’яўляецца павышэнне прадукцыйнасці працы. «Гэта задача комплексная. Тут завязаны такія праблемы, як далейшае пераўзбраенне старых і стварэнне новых вытворчасцей, укараненне сучасных тэхналогій, паўсюдная аўтаматызацыя. Патрэбна падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў высокага класа, здольных стаць галоўнай рухаючай сілай прагрэсу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але такія маштабныя зрухі — справа не аднаго года. А вось у чым мы зможам атрымаць імгненную аддачу, дык гэта ў паляпшэнні арганізацыі працы. Маецца на ўвазе комплекс мер, пачынаючы са скарачэння залішняй колькасці працуючых там, дзе гэта магчыма (ні ў якім разе людзей з прадпрыемстваў на вуліцу не выкідваць — пытанне павінна ўзгадняцца з органамі ўлады, чалавека трэба перавесці цераз вуліцу і накіраваць на іншую работу), выканання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны і заканчваючы сістэмай стымулявання работы. Трэба прытрымлівацца зразумелай схемы: вырабіў — прадаў — атрымаў. Няма якаснага, ліквіднага тавару — няма зарплаты».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ураду пастаўлена задача (усім — не толькі ўраду): забяспечыць у гэтым годзе сярэдні заработак па краіне не меншы за Br1000».

Аб сацыяльнай палітыцы

Лукашэнка: чалавечы капітал у Беларусі — самая высокая каштоўнасць

«Чалавечы капітал з’яўляецца для нас самай высокай каштоўнасцю. Паколькі гэта інвестыцыі ў будучыню. Здаровая, адукаваная нацыя з багатай культурай — аснова паспяховай дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што незалежная Беларусь была і застаецца дзяржавай для народа, дзе ўсе намаганні ўлады павінны быць сканцэнтраваны на дасягненні галоўных мэт — сацыяльнай справядлівасці, павышэння якасці жыцця людзей і іх дабрабыту. «Мы абвясцілі гэты прынцып яшчэ ў самым пачатку свайго суверэннага шляху і за чвэрць стагоддзя ні разу ад яго не адступілі. І адступаць не будзем», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці і міжнацыянальнага братэрства

«Для ўсіх Беларусь стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці і міжнацыянальнага братэрства. І тут мы павінны выказаць шчырую ўдзячнасць усім рэлігійным канфесіям, прадстаўнікам нацыянальных дыяспар, якія сваёй канструктыўнай, гуманістычнай пазіцыяй кансалідуюць наша грамадства», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гістарычна склалася так, што Белая Русь стала гасцінным домам, дзе можна азнаёміцца з культурай і звычаямі многіх народаў: тут дружна жывуць беларусы і рускія, украінцы і палякі, яўрэі і татары, эстонцы і літоўцы, узбекі і казахі, прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей. «Такая культурная і рэлігійная разнастайнасць не з’яўляецца яблыкам разладу, як у іншых кропках планеты, а служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Гэтага ўдаецца дасягнуць дзякуючы ўзважанай, мэтанакіраванай палітыцы дзяржавы, і ў гэтым плане нам зайздросцяць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Такое ўнутранае ўладкаванне краіны разам з яе геаграфічным становішчам і асаблівасцямі гістарычнага развіцця вызначае і знешнюю палітыку Беларусі, сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі ў 2017 годзе павінна перасягнуць 74 гады — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важнай задачай з’яўляецца павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця ў краіне. «У бягучым годзе яна павінна набліжацца да 75 гадоў. 74 — жалезна. Але гэта для нас не мяжа», — сказаў ён.

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ні адна дзяржаўная сацыяльная праграма не была і не будзе спынена.

Будуць пастаянна ўдасканальвацца метады работы ў адносінах да пажылых грамадзян. «Нашы ветэраны вайны і працы, якія абаранялі Радзіму, паднялі прамысловасць і сельскую гаспадарку, не застануцца без дапамогі дзяржавы. Ім і далей будзе забяспечана своечасовая выплата пенсій, памер якіх будзе павышацца разам з ростам заработнай платы», — адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, прадоўжыцца падтрымка сем’яў, малазабяспечаных і пажылых грамадзян, а таксама тых, хто страціў працаздольнасць.

«На жаль, колькасць маючых патрэбу ў пастаянным доглядзе расце. Толькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі — больш за паўмільёна чалавек. І мы павінны стварыць ім дастойныя ўмовы жыцця», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. У дамах-інтэрнатах інвалідам і пажылым людзям забяспечана камфортнае пражыванне. Тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ім аказваецца шырокі спектр паслуг па даступных тарыфах. Пачаў укараняцца механізм сацыяльнага дзяржзаказу, які дае магчымасць прыцягваць да аказання такіх паслуг недзяржаўныя арганізацыі. Гэта перспектыўны напрамак.

«Мы павінны стварыць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі такія ўмовы, каб яны ў далейшым маглі атрымліваць добрую адукацыю, прафесійныя навыкі і быць запатрабаванымі на рынку працы. Свет вакол гэтых людзей павінен стаць іншым», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Павелічэнне тарыфаў на ЖКП можа быць апраўдана пры павышэнні якасці і зніжэнні затрат — Лукашэнка

«Хачу папярэдзіць: павышэнне тарыфаў можа быць апраўдана толькі пры ўмове павышэння якасці абслугоўвання і зніжэння затрат, а таксама пры росце заработнай платы, даходаў насельніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. «Мною даручана яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае гэта сістэма. Калі трэба, прымем дадатковыя меры», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што тарыфы на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі — пытанне, якое сёння ў найбольшай ступені хвалюе людзей. «Мы вымушаны іх паступова павышаць, інакш рэальнага аздараўлення эканомікі не дасягнуць. Я маю на ўвазе, што сёння тое, што насельніцтва не даплачвае, за яго плацяць прадпрыемствы — так званае перакрыжаванае субсідзіраванне», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі МВФ у час перагавораў згадзіліся, што Беларусь не зможа за 1-1,5 года выйсці на поўнае кампенсаванне насельніцтвам кошту ЖКП. «Па-першае, будуць вялікія плацяжы, па-другое, гэта дэстабілізуе абстаноўку ў грамадстве. Таму мы будзем гэта рабіць спакойна. Мы кожны год на $5 павышаем, людзі прывыклі да таго, што кожны год павышаем тарыфы, каб дасягнуць 100 працэнтаў. Зробім не за 1,5 года, а за 4-5 гадоў зробім», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, зламаць існуючую сістэму проста, але значна складаней стварыць новую. Прэзідэнт перасцярог сферу ЖКГ ад перадачы аказання паслуг у прыватныя рукі, як гэта адбылося ў Расіі.

«Яны даручылі прыватнікам, а цяпер не ведаюць, што рабіць, а паралельна ці да гэтага разбурылі тую савецкую, або, як яшчэ называюць, кансерватыўную сістэму», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў наладзіць эфектыўную работу цяперашняй сістэмы. «Яе можна прымусіць працаваць, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Шкада, што ў Мінску маё даручэнне не выканана ў гэтым плане. Але з гэтым у бліжэйшы час мы разбяромся».

Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву пастаўлена задача яшчэ раз прааналізаваць кошт ЖКП. «Вы гэта павінны зрабіць аператыўна, каб я яшчэ раз, вярнуўшыся да гэтага пытання, падпісаў указ па тарыфах на гэтыя паслугі, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка КДК. — Трэба яшчэ знізіць гэтыя тарыфы на 10 працэнтаў да таго, што вы ўбачыце. Няхай арганізацыі жывуць «без жыру», па сабекошце працуюць з невялікім рэзервам». Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што пасля аналізу паслуг і прынятых мер па зніжэнні сабекошту працэнт кампенсавання насельніцтвам кошту аказання ЖКП істотна вырасце.

Лукашэнка даручыў павялічыць аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля

«Цяпер павялічваецца попыт на арэнднае жыллё, які перавышае прапанаванне, асабліва ў Мінску і іншых вялікіх гарадах. Ураду і губернатарам даручаю павялічыць аб’ёмы такога будаўніцтва як за кошт дзяржавы і ўласных сродкаў арганізацый, так і з прыцягненнем прыватнага капіталу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за апошнія гады нямала кватэр і дамоў пабудавана з дзяржпадтрымкай, у асноўным для шматдзетных сем’яў, а таксама сацыяльна неабароненых грамадзян. «У бягучым годзе такі падыход павінен захавацца ў большым аб’ёме, але пераважная большасць беларусаў павінна разлічваць і на ўласныя сілы. Для гэтага дзяржава прадастаўляе нямала варыянтаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: кошт квадратнага метра жылля не павінен быць вышэйшым за сярэднямесячны заработак

«Сёння будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў сярэднім па краіне абыходзіцца ў $500, крыху вышэй. Але гэта вышэй, чым сярэдняя зарплата. І дзяржава абавязана рэагаваць. Таму даручаю ўраду забяспечыць рэалізацыю прынцыпу: цана аднаго квадрата не павінна быць вышэйшай за сярэднямесячны заработак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што аўтарам гэтай ідэі з’яўляецца прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. «Гэта вы прапаноўвалі такую сістэму, калі я вас назначыў кіраўніком групы па будаўніцтве, калі вы зрабілі вельмі прымальны для народа вывад, і я яго падтрымаў: «квадратны метр — сярэдняя зарплата», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы ж сёння пакутуем, што Чорны (міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны. — Заўвага БЕЛТА) разам з віцэ-прэм’ерам Калініным загубілі або губяць будаўнічую сферу. У Гарлыку пабудавалі, яшчэ недзе будуць будаваць. Не заменім мы гэтымі аб’ектамі тыя аб’екты, якія трэба будаваць у Беларусі. І калі сёння жыллё будзе таннейшым, людзі будуць укладваць грошы ў будаўніцтва, нягледзячы на складанасці, а гэта вялікі кусок работы для нашага будаўнічага комплексу. Над гэтым трэба думаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб СМІ, спорце і адукацыі

СМІ трэба быць больш адказнымі і аб’ектыўнымі ў падачы інфармацыі — Лукашэнка

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі немагчыма без надзейнай абароны ад дэструктыўных інфармацыйных атак, якія сталі сродкам умяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. «Такія дыверсіі наносяць непапраўны ўрон, паколькі іх мэтай з’яўляецца свядомасць людзей. Замбіраваныя грамадзяне — гэта чужыя сярод сваіх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі прыняты канкрэтныя меры па зніжэнні ўзроўню інфармацыйных пагроз, у тым ліку якія ідуць з інтэрнэту. Створаны Нацыянальны цэнтр рэагавання на хакерскія ўзломы, крадзяжы інфармацыі і іншыя незаконныя дзеянні такога характару. Асаблівае значэнне ў гэтай справе набывае комплексная сістэма інфармацыйнай бяспекі Беларусі.

За забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве нясуць адказнасць таксама СМІ: тэлебачанне, радыё, газеты, сеткавыя і іншыя сродкі масавай камунікацыі. «Несумненна, іх роля ў фарміраванні грамадскай думкі, у інфармаванні насельніцтва вялікая. Тыя з іх, якія распальваюць страсці, сеюць варожасць у грамадстве, заклікаюць да проціпраўных дзеянняў, шкодзяць грамадству і краіне, — адзначыў Прэзідэнт. — На жаль, у гэтым годзе мы сутыкнуліся з адкрыта правакатарскай дзейнасцю прадстаўнікоў нашых апазіцыйных і шэрага замежных выданняў. У пагоні за сенсацыямі яны недакладна асвятлялі падзеі ў Беларусі, станавіліся памагатымі арганізатараў несанкцыянаваных выступленняў, імкнучыся надаць ім радыкальны, антыдзяржаўны характар. Гэта прамое парушэнне журналісцкай этыкі».

«Сродкам масавай інфармацыі незалежна ад таго, які пункт гледжання яны прадстаўляюць, трэба быць больш адказнымі ў медыйнай прасторы. У барацьбе за сваю аўдыторыю нельга забываць, што толькі аб’ектыўная і дакладная інфармацыя з’яўляецца галоўным іх інструментам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба спрабаваць нешта згладзіць або прыхарашыць — гэта толькі падарве давер да вас. Паколькі атрыманне праўдзівай, поўнай і своечасовай інфармацыі — канстытуцыйнае права нашых грамадзян. І вы павінны яго забяспечыць. Гэта адзін з асноўных фактараў нацыянальнай бяспекі краіны».

Лукашэнка вельмі незадаволены рэзультатамі ў сферы спорту вышэйшых дасягненняў

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, работа ў гэтай сферы поўнасцю правалена. «Мы зрабілі вельмі многае, калі не ўсё, каб чакаць ад нашых спартсменаў самых высокіх рэзультатаў, якімі будзе ганарыцца краіна. Аднак без адраджэння дзіцячага спорту, які дае магчымасць адбіраць і выхоўваць сапраўдныя таленты, нам не дабіцца яркіх перамог. Слабым месцам застаецца ўзровень і кваліфікацыя трэнерскіх кадраў. Навядзём парадак у гэтых двух пытаннях — рэзультат не прымусіць сябе чакаць. Пры гэтым хачу сказаць, што работа ў сферы спорту вышэйшых дасягненняў поўнасцю правалена. Самая высокая ідэалогія сёння — спорт. Мільёны глядзяць за спартсменамі, балеюць і перажываюць за іх», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: кожны пяты беларус сістэматычна займаецца фізкультурай і спортам

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава ўдзяляе пільную ўвагу развіццю спорту. У Беларусі будуюцца сучасныя аб’екты: стадыёны, лядовыя арэны, плавальныя басейны, гульнявыя і трэнажорныя залы, спартыўныя дваровыя пляцоўкі. «Усё гэта для нашых грамадзян, для дзяцей — будучага нашай краіны. Кожны ўкладзены сюды рубель дае істотны эфект практычна ва ўсіх сацыяльных сферах. Здаровы, спартыўны чалавек і хварэе менш, і працуе лепш. Вельмі рады, што ў Беларусі ўсё больш людзей разумеюць гэта і актыўна ўключаюцца ў заняткі фізкультурай і спортам. Паглядзіце, з якім захапленнем пажылыя людзі гуляюць па парках, займаючыся скандынаўскай хадзьбой, плаваюць у басейнах. Сёння фізкультурай і спортам сістэматычна займаецца кожны пяты беларус. Гэта больш, чым раней. Але выключна мала ў параўнанні з развітымі краінамі, дзе такімі заняткамі ахоплена ад 40 працэнтаў да 70 працэнтаў насельніцтва», — адзначыў Прэзідэнт.

Адказным экзаменам для Беларусі стануць II Еўрапейскія гульні-2019 — Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў высокі давер Беларусі з боку міжнароднага алімпійскага руху. «Мы абавязаны паказаць усяму свету свой высокі спартыўны патэнцыял, уразіць гасцей не толькі нашымі багатымі культурнымі традыцыямі, гасціннасцю, добразычлівасцю, духоўнай спадчынай, але і высокімі спартыўнымі дасягненнямі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. I Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку, на якіх беларускія атлеты заваявалі 43 ўзнагароды.

Прэзідэнт прапанаваў пазней пачынаць вучэбны дзень у школе

Прэзідэнт расказаў на прыкладзе сваёй сям’і, як цяжка вучыцца цяперашнім школьнікам: учора ў сына было сем урокаў, кожны дзень дзіця прачынаецца паўсёмага. У гэтым пытанні неабходна разабрацца, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, і пачынаць вучобу ў школе ў 9 гадзін раніцы (а не ў 8, як цяпер. — Заўвага БЕЛТА), і не глядзець на тое, што многім бацькам трэба раней на работу.

«Чаму б не даць дадатковую гадзіну раніцай дзіцяці паспаць?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Магчыма, для старшакласнікаў гэта нармальна. А малышам, якія ўсё роўна позна кладуцца спаць? Непарадак у школе, нават у элементарных рэчах», — лічыць Прэзідэнт.

Беларускі лідар таксама засяродзіў увагу на дрэнным здароўі ў дзяцей. Увесь свой вольны час яны вымушаны траціць на вучобу. «Калі дзіця займаецца яшчэ і спортам, а гэта неабходна, то проста бяда. Яно не вытрымлівае такі тэмп», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, у ВНУ студэнты павінны працаваць на поўную моц, асабліва калі паступілі зыходзячы са сваіх здольнасцей і ведаў. У гэтым выпадку будуць нармальна пераносіць нагрузкі.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што існуе праблема набраць у войскі спецыяльнага прызначэння маладых людзей з адпаведным здароўем. «Гэта сур’ёзная праблема, якую трэба вырашыць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт даручыў Мінадукацыі вызначыць аптымальную колькасць ВНУ ў краіне

«Міністэрству адукацыі, іншым зацікаўленым ведамствам трэба аб’ектыўна ацаніць сітуацыю — ці не з’яўляецца залішняй для Беларусі існуючая колькасць ВНУ? На сённяшні дзень іх больш за 50. Пры гэтым кожны лічыць патрэбным акрамя профільных спецыялістаў выпускаць шмат юрыстаў, эканамістаў, сацыёлагаў і гэтак далей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Няма ні сацыёлагаў, ні палітолагаў нармальных. Усіх іх ведаем па прозвішчы, тых, хто выступаюць у розных сродках масавай інфармацыі. Мы ж іх сотнямі выпускаем, дзе яны?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся, як складваецца сітуацыя з рабочымі месцамі для 80 тыс. маладых спецыялістаў, якія будуць выпушчаны ВНУ ў 2017 годзе. Паводле яго слоў, пытанне павінна быць вырашана, паколькі першае рабочае месца — гэта імідж дзяржавы. «Усе здзіўляюцца, што мы на гэта здольныя пры такіх умовах занятасці. Але гэта чалавек, спецыяліст, які робіць першыя крокі ў жыцці. Мы павінны яму дапамагчы. Першае рабочае месца забяспечыць жалезна, нават прымусіць кіраўніка, калі гэта трэба, каб ён прыняў да сябе на работу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, Міністэрству працы і сацабароны, Міністэрству эканомікі неабходны дакладны прагноз, колькі і якіх спецыялістаў спатрэбіцца для розных галін народнай гаспадаркі, каб аптымальна арганізаваць працэс навучання і размеркавання выпускнікоў, дадаў ён. «Пры гэтым нельга дазваляць ВНУ набіраць студэнтаў у пагоні за прыбыткам. Дыплом — гэта пасведчанне прафесіянала, а не прахадны білет на ўсялякі выпадак», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Таксама трэба актывізаваць работу па развіцці ўніверсітэтаў як цэнтраў навукова-інавацыйнай дзейнасці. Трэба ствараць пры ВНУ тэхнапаркі, цэнтры трансферту тэхналогій, пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне інавацый. Гэта будзе садзейнічаць нараджэнню новага, высокатэхналагічнага сегмента эканомікі, адзначыў Прэзідэнт і даручыў ураду ўзяць гэты комплекс пытанняў на кантроль.

Лукашэнка: у школах неабходна добра прадуманая прафарыентацыя

«У каледжы і ВНУ маладыя людзі не павінны ісці толькі па набраных балах і наўгад. Патрэбна добра прадуманая прафарыентацыя. І каб вучні яшчэ ў школе набывалі навыкі іх будучых прафесій», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Для гэтага патрабуюцца новыя адукацыйныя праграмы і методыкі, якія прадугледжваюць выданне адпаведных падручнікаў і дапамог. Такая работа ўжо ідзе, дадаў Прэзідэнт.

Першарадную значнасць набывае задача інтэграцыі вучобы і вытворчасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, трэба актыўна развіваць партнёрскія адносіны прадпрыемстваў з установамі адукацыі і сумеснымі намаганнямі ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу спецыялізаваных устаноў, ВНУ.

«Я неаднаразова падкрэсліваў, студэнтаў апошніх курсаў неабходна ўключаць у працэсы вытворчасці. І не толькі апошніх курсаў: трэба з другога іх цягнуць на поле, да станка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Можна таксама разгледзець пытанне змяншэння тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў: калі за тры гады магчыма падрыхтаваць спецыяліста, давайце рыхтаваць і давучваць чацвёрты год на вытворчасці. Няхай ён там праходзіць спецыялізацыю. Трэба вярнуцца яшчэ раз да гэтага пытання».

Аб бяспецы і знешняй палітыцы

Лукашэнка: суверэнітэт і бяспека Беларусі — гэта святое

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, замахі на гэтыя каштоўнасці недапушчальны. «Вы павінны разумець, што для мяне і для ўсіх прадстаўнікоў органаў улады, якія сядзяць тут, і пераважнай большасці беларускага народа стабільнасць, бяспека нашай дзяржавы, незалежнасць і суверэнітэт — гэта святое. І калі нехта на гэта замахнецца, мы прыменім усю моц нашай дзяржавы. Мы не паглядзім на тое, як нас потым ацэняць», — сказаў Прэзідэнт.

«Няўжо вам мала Украіны? Вы ж бачыце, да чаго прывяла ваша палітыка ва Украіне. Я не хачу, каб гэта адбылося ў Беларусі. Я не хачу збіваць, страляць у сваіх людзей. Мною было прынята рашэнне не дапусціць гэтых сутыкненняў, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Вы ж бачыце, што і цяпер адбываецца (мы ўжо не нагнятаем гэту абстаноўку ў грамадстве). Людзі з боепрыпасамі, са зброяй з усіх бакоў пруць у краіну. Што мне скажа потым народ, калі пачнуць ірваць на кожным скрыжаванні?»

«І не гаварыце, што Лукашэнка не змяніўся, што ён сякі-такі і гэтак далей… Змяніўся. Я буду рабіць усё да нейкага ўзроўню. Але калі я і мае калегі (тыя, хто забяспечвае бяспеку) адчуем, што заўтра гэта чырвоная мяжа будзе пераадолена, мы прымем самыя строгія меры. Лепш вы нас асудзіце, чым нас асудзіць беларускі народ», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы што, хочаце і тут дэстабілізаваць абстаноўку? І тут хочаце перавярнуць усё? Навошта вам гэта трэба? Хопіць ужо! Увесь еўрапейскі кантынент палае. Трэба спыніцца. І калі Беларусь можа нешта для гэтага зрабіць, вазьміце гэта ў Беларусі. Мы гатовы працаваць на гэта», — заявіў Прэзідэнт.

Мірнае жыццё ў Беларусі і тэрытарыяльная цэласнасць надзейна абаронены — Лукашэнка

«Робячы стаўку на дыпламатыю, мы тым не менш не можам выключыць любога павароту падзей. Абвастрэнне міжнароднай абстаноўкі выстаўляе на першы план пытанні знешняй і ўнутранай бяспекі нашай міралюбівай дзяржавы. Найбольш важкім аргументам, здольным ахаладзіць гарачыя галовы, з’яўляецца беларуская армія. Яна мабільная, добра абучана і ўзброена сучаснымі сродкамі вядзення бою. Народ Беларусі можа быць упэўнены, што мірнае жыццё ў нашай дзяржаве, яго тэрытарыяльная цэласнасць надзейна абаронены», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Важны той факт, што павысіць свой абаронны патэнцыял Беларусь у многім змагла ўласнымі сіламі.

Абноўлены сродкі сувязі і навігацыі, парк вучэбна-баявых самалётаў. «У краіне створана новая ваенна-прамысловая галіна — ракетабудаванне, якая, дарэчы, развіваецца вельмі бурна. У 2016 годзе прайшла паспяховыя выпрабаванні і пастаўлена ў войскі айчынная ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз», якая з’яўляецца эфектыўнай зброяй стрымлівання», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Таксама за апошнія некалькі гадоў уведзены ў строй такія ўзоры ваеннай тэхнікі беларускай вытворчасці, як баявая машына разведкі «Сталкер», найноўшыя мадыфікацыі процітанкавага комплексу «Шэршань», транспартная гусенічная машына «Маскіт» і многае іншае. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта ўзоры ваеннай тэхнікі самага высокага сусветнага ўзроўню, што будзе прадэманстравана на вучэннях.

Лукашэнка: Мінск гатовы стаць месцам дыялогу па аналагу Хельсінкскага працэсу

«Падзеі, якія адбываюцца сёння ў свеце і на кантыненце, зноў і зноў дэманструюць актуальнасць беларускай ініцыятывы па наладжванні новага маштабнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу. Яшчэ раз хачу пацвердзіць: калі ў гэтым будзе неабходнасць, і свет у гэтым зацікаўлены, Мінск гатовы ў любы момант стаць месцам для дыялогу, накіраванага на асэнсаванне новых правіл светаўладкавання», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучасны свет імкліва мяняецца, прычым не ў бок стабільнасці і бяспекі. «Сёння на планеце адбываюцца ўсё больш трывожныя працэсы. Узмацняюцца вядомыя нам выклікі і пагрозы, узнікаюць і якасна новыя. На жаль, складаная выпрацоўка новага светаўладкавання ідзе не столькі за сталом перагавораў, колькі ў гарачых кропках. Небяспечнымі тэндэнцыямі становяцца дэфіцыт гатоўнасці ўплывовых сусветных ігракоў да кампрамісаў, разбалансіроўка ранейшай сістэмы стрымліванняў і проціваг, імкненне асобных дзяржаў «пайграць мускуламі», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, па сутнасці, адбываецца дрэйф да новага блокавага процістаяння. «Сёння ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Хто яшчэ нядаўна мог уявіць сабе, што цэлыя раёны асобных дзяржаў трапяць пад кантроль тэрарыстаў? Што ў паспяховай Еўропе людзі будуць гінуць ад узрываў або пад коламі грузавікоў, якімі кіруюць фанатыкі? Як паказалі трагічныя падзеі апошняга года, з тэрарыстычнай пагрозай можа сутыкнуцца любы грамадзянін любой дзяржавы ў любым месцы свету. Толькі за апошнія тыдні — крывавыя тэракты ў Піцеры, Стакгольме, Танце, Александрыі. Усё гэта — рэаліі сённяшняга дня», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на праблемы ў сферы міграцыі. «Мільёны бежанцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі хлынулі на Еўрапейскі кантынент. Маштабы нелегальнай міграцыі прымушаюць еўрапейцаў сур’ёзна непакоіцца аб захаванні сваёй ідэнтычнасці. Краіны Еўрасаюза аказаліся не гатовымі да такога масіраванага патоку і з пераменным поспехам спрабуюць выпрацаваць сістэмныя меры па яго ўпарадкаванні. Нелегальная міграцыя цягне за сабой злачыннасць, жывіць тэрарызм», — адзначыў Прэзідэнт.

Лукашэнка бачыць магчымасць з’яўлення новых ліній падзелу ўнутры і вакол ЕС

«Міграцыйныя пагрозы прастымулявалі сур’ёзныя трансфармацыйныя працэсы ўнутры ЕС. Возьмем той жа «брэксіт», які азнаменаваў сабой якасна новыя рэаліі на кантыненце, палітычныя і эканамічныя наступствы якіх еўрапейцам яшчэ трэба асэнсаваць. Яго непасрэдным вынікам становіцца выпрацоўка Еўрасаюзам мадэлі свайго будучага ўладкавання, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Зноў узнік інтарэс да ідэй разнаскораснай інтэграцыі. Пасля яе не выключана, што мы можам стаць сведкамі новых ліній падзелу ўнутры ЕС і вакол яго. Усе гэтыя праблемы Еўрасаюз вымушаны вырашаць літаральна «на маршы».

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час ідэя разнаскораснай інтэграцыі была вылучана, калі зараджаўся ЕўрАзЭС і калі былі спробы адкінуць саюзнае будаўніцтва з Расіяй. «Тады мы прапанавалі разнаскорасную інтэграцыю, што пацвердзіла на практыцы жыццёвасць гэтай ідэі», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, усё больш выразна праяўляюцца контуры знешняй палітыкі новай адміністрацыі ЗША. «Апошнія дзеянні ў Сірыі, рост напружанасці на Карэйскім паўвостраве ўсяляюць, хутчэй, трывогу наконт таго, ці пераадолее Вашынгтон спакусу зноў спрабаваць дыктаваць сваю волю астатняму свету. Шчыра спадзяюся, што розум у дзеяннях усіх геапалітычных ігракоў на гэты раз возьме верх», — адзначыў беларускі лідар.

«Перастаньце намі панукаць» — Лукашэнка заклікае да развіцця адносін з Захадам без прадузятасці і недаверу

«Гэта ключ да інвестыцый, сучасных тэхналогій, рэсурсаў, ёмістых рынкаў. Дыялог, які намеціўся, адпавядае не толькі ўзаемавыгадным эканамічным інтарэсам, але і нацэлены на падтрыманне палітычнай стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Паколькі Беларусь як была, так і прадаўжае заставацца надзейным партнёрам у барацьбе з асноўнымі трансгранічнымі пагрозамі. І тут можна дабіцца вялікага поспеху. Галоўнае, пазбавіцца ад прывычкі глядзець адзін на аднаго з прадузятасцю і недаверам, прытрымлівацца двайных стандартаў, павучаць, ставіць папярэднія ўмовы. Гэта для нас непрымальна, як і для любой іншай краіны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, беларуска-амерыканскія адносіны доўгія гады знаходзіліся практычна ў спячцы. «Шмат што трэба будзе навярстаць. Аднак важна тое, што сёння мы гаворым і слухаем адзін аднаго», — адзначыў Прэзідэнт.

«Што датычыцца Еўрапейскага саюза, то нам жыццёва неабходна ўжо ў гэтым годзе істотна рушыць наперад у дасягненні паўнацэннага ўзаемадзеяння з ім па ўсіх напрамках. Мы цэнім, што адменены абмежавальныя меры ў адносінах да нашай краіны. Развіваюцца розныя двухбаковыя інструменты палітычнага дыялогу», — сказаў беларускі лідар.

Беларусь таксама заўсёды займала актыўную пазіцыю ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. «І таму асабліва ганарымся, што нам даверана правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Важна, што да нас у госці прыедуць сотні еўрапейскіх парламентарыяў, якія на свае вочы ўбачаць, як жыве і развіваецца сучасная Беларусь, чым дыхае беларускі народ. Таіць нам няма чаго. Мы адкрыем дзверы для ўсіх жадаючых прыехаць і паглядзець на нашу краіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў адысці ад ранейшых прынцыпаў у адносінах з Беларуссю. «Перастаньце намі панукаць! Вось (у Беларусі. — Заўвага БЕЛТА), прымянілі празмерную нейкую сілу. Мы ж бачым, што адбываецца ў самім Еўрапейскім саюзе. Мы што, вадзічкай палівалі, газам труцілі людзей, яшчэ штосьці рабілі? Не! А вы гэта рабілі, і ў гэты ж час! І тыя краіны, якія труцілі слёзатачывым газам дэманстрантаў, пачынаюць нас папракаць, што мы прымянілі нядаўна нейкую сілу. Дзіўныя падыходы», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў некаторых заходніх краінах ёсць істотныя недахопы ў пытаннях забеспячэння бяспекі. «Хіба гэта дапушчальна, што б’юць, ламаюць, грузавікамі душаць. І дзе — у цывілізаваных квітнеючых краінах. Вы даскачацеся, што хутка гэтыя сілы, якіх вы баіцеся (мы таксама іх не вітаем), яны будуць на чале ўлады. Вось тады вы зразумееце, што вы страцілі», — падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў сітуацыю, звязаную з адбываннем пакарання за тэракт, учынены нарвежцам Андэрсам Брэйвікам. «І ён яшчэ кажа, што дрэнна яму там у турме жывецца. У трохпакаёвай кватэры камп’ютар не той паставілі… Мы вас не разумеем. Вы што, нас да гэтага штурхаеце?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

«Вы хутка зразумееце свае памылкі. Давайце, мы разам вырашым гэтыя праблемы. Дзе ваша так званая дэмакратыя, талерантнасць? Вы ж правы чалавека адстойваеце ўсюды. А як вы да беглякоў ставіцеся, да гэтых мігрантаў — дзяцей, якія тонуць у Міжземным моры. Гэта ж вы разварушылі ўвесь Блізкі Усход. Чаму вы за гэта не адказваеце? — адзначыў Прэзідэнт. — Вам не сорамна валіць на Беларусь нават у гэтай сітуацыі? Вы ж мяне прасілі адкрыць для ўкраінцаў дзверы, ім дзявацца няма куды (160 тыс.). А вы — Польшча 5 тыс. бежанцаў не можа прыняць. Мы 160 тыс. з лішнім прынялі. Мы робім усё для таго, каб быў мір».

Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць праблемныя пытанні і ў сферы гандлёва-эканамічных адносін: «Давайце нармальны крэдыт пад абсталяванне. Гэта ж вам пойдуць грошы. Не, задзіраюць цану на гэтыя грошы… Пазакрываліся. Немагчыма ні тэкстыль прадаць нармальна, ні па іншых таварных групах». «А калі я заўтра вас прыкрыю на гэтай граніцы? Вы па якіх дарогах будзеце перамяшчацца? Але мы ж гэтага не робім. Дык і вы разумейце нас», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў жыць дружна і заявіў аб гатоўнасці да гэтага беларускага боку. «Але не трэба нас увесь час у спіну штурхаць, — сказаў ён. — Вы скажыце, чаго вы ад нас хочаце. Мы вам скажам, на што мы здольныя сёння».

«Калі вы хочаце са мной паспрачацца па дэмакратыі, давайце адкрыта правядзём у вашых СМІ дыскусію. Давайце, я адзін — вы ўсе. І я дакажу вашым народам, і яны зробяць пэўны вывад, мае рацыю Лукашэнка ці не. Мы выстаім, не хвалюйцеся, праўда заўсёды пераможа. Але што вы будзеце мець на гэтым кавалку зямлі, які вам яшчэ ой як спатрэбіцца. Таму, еўрапейцы, вы абдумайцеся, і давайце разам працаваць над стабілізацыяй абстаноўкі ў Еўропе. Мы шмат што вам можам прапанаваць і ў многіх працэсах на карысць вам паўдзельнічаць», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Адносіны Беларусі з Расіяй традыцыйна маюць асаблівы стратэгічны характар — Лукашэнка

«Дасягнуты ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі, даверныя асабістыя адносіны паміж прэзідэнтамі даюць магчымасць нам адкрыта абмяркоўваць усе важныя праблемы, знаходзіць кампраміс. Менавіта так было і на апошняй сустрэчы, калі мы знайшлі развязкі па ўсіх важных для нашых краін пытаннях. І, галоўнае, у інтарэсах народаў Беларусі і Расіі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта не значыць, што ў бакоў больш не засталося абсалютна ніякіх праблем. Але вырашаны тыя пытанні, якія наспелі цяпер. «Жыццё ідзе, усялякае магчыма. Цяжкасцей у нас вельмі шмат і ў Расіі, і ў Беларусі. Але мудрасць і задача дзяржаўнага служачага на ўсіх узроўнях павінна і быць у тым, каб гэтыя праблемы не збіраліся. Яны павінны вырашацца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь прадоўжыць ваенна-тэхнічнае ўзаемадзеянне з Расіяй і зацікаўлена паглыбляць дыялог з НАТА

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што процістаяць выклікам сучаснага свету ў адзіночку складана. Беларусь будзе гэта рабіць калектыўна, «узаемадзейнічаючы ў АДКБ і на саюзным узроўні з Расійскай Федэрацыяй». Штогод Беларусь і Расія праводзяць больш за 40 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, у тым ліку маштабныя вучэнні з прыцягненнем многіх родаў войскаў.

Чарговыя буйныя манеўры «Захад-2017» пройдуць восенню. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэтыя вучэнні некаторымі еўрапейскімі партнёрамі былі ўспрыняты як выпад. Такая пазіцыя выклікала недаўменне беларускага боку. Прэзідэнт звярнуў увагу, што на вучэннях у якасці наглядальнікаў змогуць прысутнічаць замежныя эксперты, а самі заходнія краіны нарошчваюць ваенную моц ля беларускіх рубяжоў.

«Інтарэсам Беларусі адпавядае і пакрокавае паглыбленне дыялогу з ваенным блокам НАТА. Гэта важна для зніжэння патэнцыяльных рызык з улікам, што натаўскія структуры знаходзяцца ўжо каля нашых граніц», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што ў гэтым плане бакам трэба рабіць крокі насустрач адзін аднаму. «У нас ёсць праблемы, якія трэба вырашаць. Эканомікай трэба займацца», — заўважыў Прэзідэнт.

Пераходзячы да тэмы ўнутранай бяспекі, кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што з дапамогай сучасных тэхналогій у мінулым годзе колькасць парушальнікаў дзяржаўнай граніцы зніжана амаль удвая. Пры перамяшчэнні праз Беларусь затрымана 17 замежных баевікоў-тэрарыстаў. «І гэта толькі нядаўна. Задача праваахоўнікаў — дзейнічаць максімальна дакладна: размова ідзе аб барацьбе з тэрарызмам, кантрабандай зброі і наркотыкаў, нелегальнай міграцыяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка разлічвае на новы штуршок у развіцці эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

«Нас радуе, што на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства выведзены адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Аб асноўных нашых праектах сёння ўжо сказана нямала. Разам з пашырэннем двухбаковага супрацоўніцтва практычна па ўсіх напрамках мы аказваем адзін аднаму падтрымку на міжнароднай арэне. У нас вельмі добрыя адносіны з Кітаем і яго кіраўніцтвам», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, чарговы візіт на вышэйшым узроўні дасць новы імпульс і штуршок развіццю адносін не толькі па дыпламатычных і палітычных напрамках, але і па эканамічнай лініі.

Беларусі прапанавалі пабудаваць другі горна-абагачальны камбінат у Туркменістане — Лукашэнка

«Адкрыю невялікі сакрэт: у час прыёмкі горна-абагачальнага камбіната Прэзідэнт Туркменістана папрасіў пабудаваць другі такі камбінат. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што ўжо аб’яўлены конкурс на яго будаўніцтва. Мне паабяцалі, што будуць прыкладзены ўсе сілы для таго, каб беларусам даверыць будаўніцтва другога камбіната. Я сказаў, што калі мы захочам, то і так выйграем гэты тэндар», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што трэба ўсё прадумаць, паколькі база там створана: месца будучага будаўніцтва знаходзіцца за 40 км або 60 км ад дзеючага камбіната. «Калі ўмовы будуць прымальныя, то не трэба прадаваць гэту базу — трактары, бульдозеры, экскаватары і іншую тэхніку, а перамясціць іх на 40 км і будаваць, калі пераможам, другі горна-абагачальны камбінат. Але яшчэ раз падкрэсліваю: трэба ўлічыць усе памылкі, якія былі намі дапушчаны пры будаўніцтве першага Гарлыкскага камбіната», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *