Мацярынскі капітал – дастойная будучыня вашага дзіцяці

Новости Ельщины Обратная связь

Сацыяльная падтрымка і клопат пра здароўе маці і дзяцей у Рэспубліцы Беларусь праяўляецца ў 11 відах дапамогі: мацярынскім капітале, бясплатным харчаванні для шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, і іншай дапамозе.

Духновская Люда

Аб сацыяльнай падтрымцы і клопатах пра здароўе маці і дзяцей у Ельскім раёне расказвае Людміла Духноўская, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Ельскага райвыканкама.
– Людміла Мікалаеўна, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 572 ад 9 снежня 2014 года «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей» была ўведзена новая форма падтрымкі сямей – мацярынскі капітал. Што такое мацярынскі капітал?
– Па сутнасці гэта сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў, які залічваецца на дэпазітны рахунак грамадзян у ААА «АСБ Беларусбанк» пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступнага дзіцяці. Выкарыстаць гэтую дапамогу магчыма толькі тады, калі дзіця дасягне 18-гадовага ўзросту. Да таго часу з улікам індэксацыі на рахунку будзе каля 14 тысячы долараў.
– Які механізм вызначэння права на назначэнне сямейнага капіталу?
– Склад сям’і вызначаецца на дату нараджэння (усынаўлення) трэцяга або наступных дзяцей, пры нараджэнні (усынаўленні) якіх сям’я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу. У складзе сям’і не ўлічваюцца дзеці: адносна якіх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх праў; над якімі ўстаноўлена апека; адабраныя з сям’і; памерлыя; у выпадку адмовы ад іх. Рашэнне аб распараджэнні, адмове ў распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы назначэння сямейнага капіталу ў месячны тэрмін з дня падачы заявы.
– На што можна патраціць гэты сямейны капітал?
– Сродкі сямейнага капіталу можна патраціць поўнасцю або часткова на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і паслуг у сферы абслугоўвання, аховы здароўя або фарміравання дадатковай пенсіі маці. Да дасягнення 18 гадоў мацярынскі капітал можа быць выкарыстаны толькі ў выпадку, калі аднаму з членаў сям’і патрабуецца складаная медыцынская дапамога. Але сямейны капітал – гэта безнаяўныя грашовыя сродкі, якія атрымаць наяўнымі немагчыма.
– Колькі сем’яў на Ельшчыне карыстаецца гэтай дапамогай?
– У межах праграмы сямейнага капіталу ў Ельскім раёне па яго назначэнне звярнуліся 96 сямей. У 95 выпадках раённым выканаўчым камітэтам вынесена станоўчае рашэнне, 93 сем’ям ужо адкрыты дэпазіты на дзяцей на суму амаль 930 тысяч долараў. Сродкі сямейнага капіталу былі пералічаны ў беларускіх рублях па афіцыйным курсе беларускага рубля да долара ЗША, вызначанага Нацыянальным банкам на дзень іх пералічэння.
– Людміла Мікалаеўна, якія іншыя выплаты і льготы прадугледжаны пры нараджэнні дзяцей беларускім сем’ям?
– Акрамя прадугледжанай дапамогі, у рамках праекта пры нараджэнні першага дзіцяці сям’я мае права на аднаразовую дапамогу ў памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ), другога і наступнага дзіцяці – 14 БПМ. Пры пастаноўцы на ўлік да 12-тыднёвага сроку цяжарнасці выплацяць яшчэ 1 БПМ.
Новая рэдакцыя закона аб дзяржаўных дапамогах прадугледжвае ўмацаванне сацыяльнай падтрымкі, асабліва тым, хто атрымлівае мінімальную дапамогу, напрыклад студэнткам, якія не паспелі папрацаваць да родаў. Ім выплачваюцца даплаты, каб давесці мінімальную велічыню дапамогі да памеру звычайнай дапамогі па даглядзе дзяцей да трох гадоў, гэта 35 % ад сярэдняга заробку.
У праект закона аб Працоўным кодэксе ўнесены нормы, якія дазволяць татам пасля нараджэння дзіцяці браць 14-дзённы адпачынак па яго доглядзе, а мамам – мець гібкі графік працы і магчымасць працаваць дыстанцыйна, асабліва, калі малому ўжо споўнілася тры гады.
Мнагадзетным сем’ям прадугледжаны ільготныя крэдыты на жыллё і субсідыі ад дзяржавы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *