Запрашае ў музейны пакой «Беларуская хатка» Зашырскі яслі-сад

Личности Новости Ельщины Предприятия

Гліняны і драўляны посуд, колішнія  прадметы хатняга побыту, вышываныя рушнікі, нацыянальная вопратка – чаго толькі няма ў «Беларускай хатцы» – музейным пакоі Зашырскага ясляў-сада. Гэта адно з улюбёных месцаў дзяцей.

IMG_9735

IMG_9736

IMG_9738

Гэты музей незвычайны, тут можна не толькі глядзець на экспанаты, але і браць іх у рукі, нават паспрабаваць апрануць вышываныя сарочкі і фартухі дазваляецца.
Як у кожнай вясковай хаце, у хатцы ёсць печ. Каля печы стаяць сапраўдныя вілкі ды качарга, і чапяла таксама месціцца ля прыпечку. Дзецям заўсёды цікава паспрабаваць пакруціць кола сама-прадкі, патрымаць бёрда кроснаў. Цікава ім і «прасаваць» бялізну качалкаю, і трымаць у руках сапраўдныя самапраныя рэчы, і «біць масла» сапраўднай маслабойкаю. Хіба без усяго гэтага можна было б знаёміць дзяцей з традыцыйным побытам продкаў?
– У этнаграфічным куточку заўсёды гучыць беларуская мова, – расказвае загадчыца Зашырскага дзіцячага садка Вольга Яскавец. – Загадкі, казкі, песні… Дзеці слухаюць іх і выконваюць самі. З багатым культурным набыткам беларускага народа дзеці знаёмяцца і на занятках, а потым расказваюць пра ўсё, што пачулі, бацькам. Таксама праводзім мы ў «Беларускай хатцы» розныя фальклорныя святы, вячоркі. Дзеці пераапранаюцца ў народныя строі і з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у мерапрыемствах. Мы ўпэўнены, што ў кожнай сям’і павінны гучаць беларускае слова, беларускія песні.
Маленькія беларусы хутка вырастуць. Няхай жа яны ўспомняць сваю «Беларускую хатку» і прывядуць туды сваіх дзяцей!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *