Кулібін з вёскі Боўгарка Ельскага раёна


Імя Івана Кулібіна – загадчыка механічных майстэрань Пецярбургскай Акадэміі навук, які жыў два стагоддзі назад,  даўно стала сімвалам у вынаходніцкім асяроддзі тэхнікаў-наватараў і рацыяналізатараў. Паслядоўнікаў у Івана Пятровіча па ўсім свеце незлічоная колькасць, і адзін з іх жыве побач з намі – у вёсцы Боўгарка. 

Яковлев Иван

Прыдамавая тэрыторыя мясцовага Кулібіна застаўлена разнастайнай тэхнікай рознага сельскагаспадарчага прызначэння. Гаспадар і ўладальнік усіх гэтых машын і механізмаў – Іван Якаўлеў, даўно займаецца фермерствам.
Выйшаў Іван Сцяпанавіч да нас на сустрэчу як быў: у працоўным адзенні, і без цырымоній павёў паказваць плён сваіх «ачумелых» рук і розуму.
– У наша стагоддзе шматлікія механізмы мадэрнізаваны, ці наогул упраўляюцца аддалена з дапамогай таго ж тэлефона. Але дадзеныя новаўвядзенні не заўсёды даступныя простым карыстальнікам. Таму даводзіцца мадэрнізаваць тое, што ёсць, сваімі рукамі з падручных матэрыялаў, – распавядае Іван Сцяпанавіч. – Для апрацоўкі пасяўных плошчаў (а іх каля 100 га і каля 20 га пашы і сенажацяў) ёсць і трактар, і камбайн, і розныя агрэгаты. Але, каб карміць шматлікае пагалоўе, гэтага мала.
Звяртацца ў суседнюю гаспадарку за перапрацоўкай збожжавых неявыгадна, таму давялося фермеру ўсё рабіць самому. Спачатку аднавіў лесапільню, потым зернесушылку. А летась мадэрнізаваў старыя млыны для вытворчасці корму для жывёл са збожжа. Добра што адукацыя інжынера-электрыка дазволіла гэта зрабіць з мінімальнымі выдаткамі з таго, што знайшлося пад рукой.
– Вось гэты млын – для перамолу збожжавых завадской вытворчасці, але для сваіх патрэб прыйшлося яго трохі перарабіць. Цяпер ён перапрацоўвае дзве тоны ў гадзіну. Такой прадукцыйнасці нам дастаткова нават з лішкам, – гаворыць Іван Якаўлеў. – У гэтым агрэгаце, які вырабляе гранулы, пакупная толькі працоўная частка, усё астатняе – шківы, рэдуктар, ланцугі і многае іншае – давялося рабіць самому, падганяць пад памеры, рэгуляваць звароты і магутнасць. Ёсць яшчэ адзін агрэгат для вытворчасці грануляванага камбікорму, але там трохі іншая сістэма, з-за таго што ў камбікорм дадаецца сена, і гэты корм ужо ідзе для буйной рагатай скаціны. Таксама сёлета вырашыў яшчэ адну праблему: дроў ідзе шмат, бо ўвесь час трэба варыць корм жывёле, а каб забяспечыць сябе такой колькасцю паліва, траціцца вельмі шмат часу і сіл. Таму зрабіў агрэгат для колкі дроў. Асноўную дэталь па маіх чарцяжах зрабілі на «МТЗ», а ўжо ўсю астатнюю частку з таго, што знайшлося, дарабляў сам.
Дзякуючы тэхнічнай творчасці Івана Сцяпанавіча, інакш і не скажаш, на свет нарадзілася многа розных прыстасаванняў, механізмаў, агрэгатаў, якія служаць верай і праўдай свайму стваральніку і аблягчаюць яго нялёгкую сялянскую працу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *