Эсэ пра вёску Старое Высокае Ельскага раёна

Новости Ельщины Общество

Маю родную вёску, а зараз аграгарадок Старое Высокае цяжка адшукаць нават на самай вялікай карце, бо яна вельмі маленькая. Вакол яе балоты, лясы, палі і сенажаці. Аднак вёсачка родная, вельмі любая мне. Яна – мая малая радзіма. Яна адна такая ў свеце, прыгожая і непаўторная…

IMG_8850

Старое Высокае. Ніякія летапісцы не расказвалі аб маёй вёсцы, ніякія паэты не складалі пра яе вершаў, а з’явілася яна прыкладна пяцьсот гадоў назад.
Старажылы расказваюць аб гісторыі ўзнікнення вось што: «Сярод векавых балот і багны на пясчаным востраве, крыху на захад ад вёскі Рамязы, у сярэдзіне 18 стагоддзя Павел Навіцкі пасяляе прыгонных сялян. Каб увекавечыць сваё імя, Навіцкі называе новае паселішча Паўлаўкай. Праз некалькі годоў за некалькі кіламетраў ад Паўлаўкі, ва ўрочышчы Высокі Астравок, быў заснаваны ганчарны завод. Так па назве астраўка вёска пачала называцца Высокае. Тут была праваслаўная царква, панскае памесце. Праз нейкі час з’яўляецца новае паселішча – Новае Высокае. А да вёскі Высокае дабаўляецца слова Старое. Так нарадзілася назва Старое Высокае».
Бабуліна хата. Кожны дзень я і мае стрыечныя сястрычкі, Ганна і Ангеліна, прыбягаем да бабулі і дзядулі, каб дапамагчы па гаспадарцы, прыбраць у пакоях, правесці з бабуляй вольны час. А вось самае цікавае тое, што ў гэтай хаце ўсё зроблена сваімі рукамі: сцены, падлога, столь, дах і нават печ. Шасцю вокнамі пазірае хата на вуліцу і двор. Тут расцём мы – чатыры ўнучкі бабулі Ніны. У хаце на сценах вісяць рамкі з фотаздымкамі ўсёй радні. Бабуля і дзядуля для мяне самыя блізкія і святыя. Яны вучаць нас працаваць, паважаць людзей і любіць свой родны край, сваю зямлю.
Вяскоўцы. Людзі ў нашай вёсцы добрыя, спагадлівыя, мудрыя, шчырыя, сумленныя і вельмі працавітыя. Усіх настаўнікаў школы вяскоўцы называюць па бацьку: Сяргееўна, Васільеўна, Уладзіміравіч, Мікалаеўна. Яны нястомна выводзяць дзяцей у людзі. Робяць гэта цярпліва, строга, з любоўю. Усе астатнія вяскоўцы маюць свае званні. Дзед Валера – майстар-сталяр і пчалавод, бабуля Дар’я – вышывальшчыца, цётачка Люба – гаспадыня аграсядзібы «У залатой пчолкі, або Мядовы рай», бабуля Зоя – мясцовая лекарка. Мяне мама хацела назваць Ульянай, як звалі маю прабабулю, але ж сястрычка і тата далі мне імя Вераніка.
Дуб. 3 левага боку вёскі расце стары дуб. Ён як помнік паселішчу, бо ўзвышаецца над ім і помніць усё-ўсё. Толькі расказаць нічога не можа. Летам каля гэтага дуба ладзіцца народнае свята Купалле. А за тым дубам пачынаецца лес, які ў народзе называецца Падлінішча. Раненька, як толькі бабуля выганіць на пашу карову, мы з бацькамі бяжым у гэты лес па грыбы і па ягады.
Буслянкі. У нашай вёсцы на цэнтральнай вуліцы амаль на кожным бетонным электрычным слупе буслы змайстравалі буслянкі. Кожную вясну яны вяртаюцца да родных гнёздаў, дабудоўваюць і рамантуюць іх. У ніжнія «паверхі» буслянак засяляюцца вераб’і. Яны, безумоўна, шумныя суседзі, але буслы іх велікадушна церпяць. А мы, уся дзятва вёскі, любім назіраць за такім канцэртам птушак.
Урочышча Печы. Паміж вёскамі Будкі і Загацце ёсць цікавае месца – урочышча Печы называецца. Дык вось там, на глыбіні, у пясчаным слаі, знаходзяцца абгарэлыя галавешкі. Па меркаванні археолагаў, там было старажытнае капішча (язычніцкае культавае збудаванне). I каля вёскі Кочышчы людзі знаходзілі ў пяску чорныя каменныя глыбы, якія ў далёкай старажытнасці выкарыстоўвалі ў якасці ачага. Гэта яшчэ раз пацвярджае меркаванне, што людзі на Ельшчыне жылі з даўніх часоў.
Беларуская мова. Я чую родную мову з самага маленства, з малаком маці я ўвабрала гэтую любоў да беларускага слова. Я заўважыла, што, калі чалавек размаўляе на беларускай мове, сонейка нібы заўсёды з ім жыве. У мясцовым цэнтры культуры і адпачынку дзейнічае вакальны гурт «Весялуха», які ўзначальвае Невяроўскі Уладзімір Цімафеевіч. Удзельнікі гэтага ансамбля так прыгожа і задушэўна выконваюць песні на беларускай мове, што і самому хочацца спяваць і танцаваць.
3 кожным днём я адкрываю для сябе нешта новае і цікавае. Нездарма ж людзі кажуць: век жыві – век вучыся. А каб быць яшчэ і адкрывальнікамі, трэба ўмець здзіўляцца, радавацца і вельмі любіць зямлю, на якой упершыню ўбачыў свет.
Хай жа і вам пашанцуе адкрыць свае цуды! Няхай родны куточак будзе для вас той гаючай крыніцай, з якой вы будзеце набірацца моцы, цярпення, натхнення, жадання жыць і памнажаць багацці нашай роднай Беларусі.

Вераніка Мітрафанава,
вучаніца 7 класа Ельскай раённай гімназіі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *