Прыёмная маці для пакрыўджаных лёсам дзяцей


Валянціна Шэцка з вёскі Рамязы ўжо шаснаццаць гадоў з’яўляецца прыёмнай мамай для абяздоленых ці пакрыўджаных лёсам дзетак.

Цяжка нават і палічыць, колькі дзяцей прайшло праз утульны дом сям’і Шэцка, дзе прыёмная мама разам са сваім мужам Валерыем Дзмітрыевічам сталі дзеткам сапраўднымі бацькамі, дзе не было розніцы паміж роднымі і няроднымі дзецьмі.
– Дзеці выраслі, але ўсё роўна наведваюць нашу сям’ю, лічаць нас роднымі і блізкімі людзьмі, – гаворыць Валянціна Шэцка. – Зараз у нас выхоўваецца двое прыёмных дзяцей: сын Віця, які вучыцца ў 10 класе Рамязоўскай школы, і дачка Марыя (Марыя Глёза – заўв. аўтара), якая вучыцца ў 11 класе школы алімпійскага рэзерву ў Мазыры. Яшчэ адна прыёмная дачка – Вера Аднаколава – студэнтка Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Разам з сястрой Вольгай прыязджаюць да нас у выхадныя дні, і мы дапамагаем ім, чым можам.
Трэба адзначыць, што дзіцячыя галасы не змаўкаюць у хаце Валянціны Рыгораўны і Валерыя Дзмітрыевіча. Двое родных сыноў, у якіх па трое сваіх дзяцей, жывуць у Рамязах, недалёка ад бацькоў, таму пастаянна бываюць у іх дома. А як жа можна іначай, калі для маленькіх членаў вялікай сям’і Шэцка тут створана сапраўднае дзіцячае царства, прастора і воля. Для дзяцей пабудаваны невялікі, але двухпавярховы домік, у якім яны з задавальненнем гуляюць і дзе знаходзяцца іх цацкі. У двары розныя арэлі, зробленыя рукамі гаспадара. Як жа дзетвары не бавіць тут свой вольны час, асабліва ў цёплую пару года?
На пытанне, у чым сакрэт выхавання наогул, Валянціна Шэцка ўпэўнена адказала, што кожнае дзіця патрабуе любові, увагі і клопату, няважна – роднае ці прыёмнае. Немалаважнымі фактарамі добрага выхавання з’яўляюцца патрабавальнасць і выхаванне працалюбівасці.
– Усе дзеці ў нашай сям’і маюць свае абавязкі – па дому, па гаспадарцы, – гаворыць жанчына. – Без працы, як вядома, не будзе і хлеба. Таму патрэбна прывучаць дзяцей працаваць змалку. Канешне ж, важныя таксама лад і згода, павага і любоў, узаемаразуменне і цярпенне, без якіх проста немагчыма стварыць сапраўдную сям’ю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *