Юрый Сарнаўскі — ініцыятар і натхняльнік шматлікіх экспазіцый і калекцый у Дабрынскім КСЦ

Личности

Гэты цікавы чалавек умее знайсці незвычайнае ў звычайных рэчах, якія знаходзяцца вакол нас. Іменна Юрый Якаўлевіч з’яўляецца ініцыятарам і натхняльнікам шматлікіх экспазіцый і калекцый у Дабрынскім КСЦ. Сярод іх – калекцыя старадаўніх карункавых сурвэтак «Мары павукоў», экспазіцыя «Дакументальныя сведкі ваеннага часу», прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі, выстава вышыванак «Мой родны кут – мой Дабрынь», прысвечаная Году малой радзімы, калекцыя вышытых падушак розных часоў і многія іншыя.

– Любая выстаўка ці экспазіцыя, – лічыць Юрый Сарнаўскі, – павінна выклікаць пэўныя пачуцці, эмоцыі і ўспаміны, хваляваць наведвальніка, прымушаць задумвацца. Тады яна арганізавана недарэмна. Мы ў сваёй дзейнасці стараемся зберагчы тое, што з цягам часу становіцца забытым, а часам – і непатрэбным. Але ж усе гэтыя рэчы, зробленыя рукамі мінулых пакаленняў, – наша гісторыя, якую мы не павінны страціць, а, наадварот, паказаць сваім дзецям, і зберагчы яе. Здавалася, што можа быць цікавага, напрыклад, у старадаўніх жаночых упрыгажэннях, якія беражліва захоўвалі нашы жанчыны ў сваіх куфрах? Тым не менш, калі мы сабралі такую невялікую калекцыю бабуліных завушніц, караляў, грабеньчыкаў, многія наведвальнікі пачалі цікавіцца ёю і прыгадваць: вось у маёй бабулі былі такія ж завушніцы і пярсцёнак, а ў маёй – такія каралі… 

Ёсць у дабрынскім клубе і невялікая калекцыя старадаўніх жаночых і мужчынскіх убораў. У бліжэйшых планах, падзяліўся сакрэтам кіраўнік Дабрынскага КСЦ, сабраць калекцыю адзення і абутку больш позняга часу – 80–90-х гадоў, якія ўжо таксама сталі гісторыяй. Але ж узгадваючы, напрыклад, джынсы-варонкі, курткі-касухі, штаны-бананы, спартыўныя касцюмы «Адзідас», ці не знаходзім мы іх правобразы сярод сучаснага адзення? Магчыма, і сапраўды, новае – гэта даўно забытае старое?..

У Дабрынскім КСЦ таксама сабрана цікавая экспазіцыя пад назвай «Дакументальныя сведкі ваеннага часу».
– Выстава арганізавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але не траціць сваёй актуальнасці і зараз, калі мы адзначылі 100-годдзе ўтварэння БССР і стаім на парозе яшчэ адной важнай даты – 75-годдзя Вялікай Перамогі, – расказвае Юрый Якаўлевіч. – Практычна ўсё наша пакаленне родам з СССР, таму прадметы, сабраныя на выстаўцы, добра знаёмыя тым, хто нарадзіўся і вырас у гэтай вялікай дзяржаве.

На выставе можна ўбачыць, сапраўды, дакументальныя сведкі ваеннай пары. Гэта і копіі газет таго часу, і віншавальныя паштоўкі 40-х гадоў, і грашовыя банкноты, якія хадзілі ў 30–70-гады мінулага стагоддзя, і харчовыя картачкі для насельніцтва на акупіраваных фашысцкай Германіяй тэрыторыях Беларусі і Украіны. Вялікую цікавасць выклікаюць абгорткі цукерак савецкіх часоў. Сярод іх можна ўбачыць карамель «Бебе», «Пеўнікавы грэбні», «Поўнач», «Украінская ноч» і інш.

– Усё гэта наша гісторыя, якую павінна ведаць, у першую чаргу, маладое пакаленне, – упэўнены Юрый Сарнаўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *