«Першыя»: стартуе конкурс ідэй для старшакласнікаў Гомельскай вобласці на беларускай мове

Новости республики Образование Общество

З 8 кастрычніка ў Беларусі стартуе сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй пакалення Z: навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў. На працягу навучальнага года ўдзельнікі праекта будуць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, атрымліваць карысныя веды на воркшопах і сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў TEDx і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Менавіта 10 фіналістаў выйдуць у знакаміты чырвоны круг TED і прэзентуюць свае ідэі перад вялікай аўдыторыяй. Усе яны атрымаюць прызы –  iPhone Xs. Праект «Першыя» будзе цалкам рэалізаваны на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтай ініцыятывы – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У мінулым годзе кампанія А1 ужо праводзіла падобны адукацыйны праект velcom YOUTH. Праект «Першыя» пройдзе яшчэ больш маштабна – запланаваны воркшопы і адукацыйныя мерапрыемствы не толькі ў Мінску, але і ў Гародні, Гомелі, Магілёве і Віцебску.

Больш за тое, у гэтым годзе акрамя навучэнцаў 10 і 11-х класаў да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і навучэнцы 9-х класаў. Пашырана і тэматыка конкурсу: да кірункаў «Тэхналогіі», «Культура» і «Інклюзія» дадаўся вялікі блок «Экалогія». Больш падрабязна можна даведацца на сайце generation.A1.by і ў суполцы праекта. Генеральны інфармацыйны партнёр праекта – беларускі партал TUT.BY.

Згодна з палажэннем на сайце конкурсу, прыём заявак будзе праходзіць з 8 кастрычніка 2019 г. па 8 сакавіка 2020 г. У першапачатковай заяўцы трэба сфармуляваць сваю ідэю і коратка расказаць пра яе. Падаваць заяўкі могуць навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Зарэгістраваных удзельнікаў праекта чакаюць інтэрактыўныя воркшопы ад экспертаў у галіне майстэрства прэзентацыі і аратарскага мастацтва, а таксама ад вядомых беларускіх і замежных спецыялістаў па кірунках конкурсу.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *