Юліі Рабковай падабаецца працаваць вясковым медыкам на Валаўскаруднянскім ФАПе Ельскага раёна

Здравоохранение Личности

Участковая медсястра Валаўскаруднянскага фельчарскаакушэрскага пункта Юлія Рабкова зусім нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску на сваё рабочае месца.

Ураджэнка горада Ельска, Юлія Мікалаеўна, нягледзячы на малады ўзрост, мае значную медыцынскую практыку. Пасля заканчэння медыцынскага каледжа ў Мазыры працавала ў адным з гарадскіх дзіцячых садкоў дыетсястрой, пазней – медсястрой на ФАПе. Пасля гэтага лёс закінуў маладога медыка ажно ў Італію, дзе пяць гадоў Юля працавала ў службе хуткай медыцынскай дапамогі. Але як бы добра не было за мяжой, радзіма паклікала да сябе, і Юлія Рабкова вярнулася на родную Ельшчыну. Выйшла замуж, нарадзіла двух хлопчыкаў, якія зараз ходзяць у дзіцячы садок. А іх мама вышла на працу – участковай медсястрой на ФАП у Валаўскую Рудню.

Праўда, пакуль Юлія Мікалаеўна працуе на палову стаўкі – прыязджае з Ельска, дзе жыве з сям’ёй, па панядзелках, серадах і пятніцах.

– З ранку да абеда, – расказвае медсястра, – прымаю хворых на ФАПе, пасля абеду іду на выклікі. Калі ж выклік тэрміновы, неадкладны, то спяшаюся на дапамогу адразу ж.

У Валаўскай Рудні жыве больш за сотню жыхароў, з іх – 15 дзяцей, двое – гадавалыя дзеці, якім патрэбны асаблівыя нагляд і ўвага. На актыўным патранажы таксама адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне. Праца, як кажа Юлія Мікалаеўна, і адказная, і цікавая. Больш за ўсё падабаюцца пастаянныя стасункі з людзьмі.

 

Вясковы медык настойвае, каб людзі абавязкова раз на год праходзілі медыцынскае абследаванне. Каб добра сябе адчуваць, рэкамендуе весці здаровы лад жыцця, з дзяцінства развіваць навыкі гігіены і абавязкова займацца фізічнай працай. Дарэчы, на вёсцы з апошняй праблем быць не можа: людзі трымаюць гаспадарку, садзяць агароды.

На пытанне, ці не збіраецца шукаць работу бліжэй да дому, Юлія Рабкова ўпэўнена адказвае, што тут, у Валаўскай Рудні, таксама дапамога людзям патрэбна, таму пакуль будзе вясковым лекарам.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *