«Каб у цяперашняй моладзі былі такія настаўнікі» — піша пра ветэрана ў сваім лісце ў рэдакцыю Рыгор Бабчанок

75 лет Великой Победы Личности Общество

«Шмат гадоў мінула з той пары, калі пасля заканчэння беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па размеркаванні я прыйшоў працаваць заатэхнікам у саўгас «Камуніст», – успамінае ў сваім лісце ў рэдакцыю «раёнкі» Рыгор Бабчанок.

Гэта было ў далёкім 1984 го-дзе. Упраўленне сельскай гаспадаркі тады ўзначальваў выдатны  чалавек, вялікі спецыяліст і дыпламат Якаў Вавілавіч Елісееў. Намеснікам па жывёлагадоўлі быў мой зямляк Аляксандр Васільевіч Сакула, а ў аддзеле нарыхтовак у той час працаваў цудоўны чалавек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Сцяпанавіч Прыходзька. З глыбокай цеплынёй і павагай успамінаю я гэтых выдатных людзей.

Тады, шмат гадоў назад, на працу ў Ельскі раён нас, маладых заатэхнікаў, прыйшло восем чалавек. Вядома, мы яшчэ не былі спецыялістамі і шмат чаго не ведалі па сваёй прафесіі. Але Якаў Вавілавіч падбадзёрваў нас, казаў: «Я ведаю, што вы адукаваныя, разумныя людзі, таму ва ўсім разбярэцеся». Гэтыя людзі ціха і спакойна, без крыку і абразаў вучылі нас, маладых спецыялістаў, па-бацькоўску спакойна і непрыкметна накіроўвалі па прафесійнай сцежцы.

…Успамінаю часы справаздачы. Мы са сваімі паперамі ехалі ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Аляксандр Васільевіч заўжды пытаўся: «Як жывеш, зямеля?» Мы з ім абодва былі родам з Жыткавіцкага раёну.

А Рыгор Сцяпанавіч  –  гэта, ўвогуле, чалавек з вялікай літары. Таксама заўседы цікавіўся, у чым ёсць  патрэба, чым трэба дапамагчы. За такімі душэўнымі размовамі мы здавалі справаздачу… жыццёвую. А пасля Рыгор Сцяпанавіч браў мае сшыткі, ўсе запісы за месяц і казаў: » Ты, цёзка, ідзі зараз у рэстаран паабедай, пахадзі па гораду і паглядзі, як жывуць людзі.»  Я так і рабіў. А калі вяртаўся ў кабінет, то ўжо ўсё было зроблена  – перачытана і перапісана. Рыгор Сцяпанавіч вяртаў назад мае запісы, тлумачыў. На развітанне  зычыў здароўя мне, маёй сям’і і заўсёды раіў, калі спатрэбіцца, звяртацца да яго. І так было гадоў тры, можа, пакуль не навучыў ён мяне рабіць справаздачы.

Рыгор Сцяпанавіч заўсёды стараўся даць карысную параду ці падказку. Ніколі ніхто нас не папракаў, што мы недарэкі якія ці гультаі. Мы вучыліся, набіраліся вопыту.  Я вельмі часта ўспамі-наю гэтыя добрыя і прыемныя моманты свайго працоўнага жыцця. Нават калі Рыгор Сцяпанавіч пайшоў на заслужаны адпачынак, нашы стасункі не скончыліся. Мы часта сустракаліся, гаварылі, дапамагалі адзін аднаму ці то словам, ці то парадай. А калі я стаў дырэктарам саўгаса, то ён заўжды сачыў за маёй працай у саўгасе «Камуніст».

Не заўсёды былі добрыя і роўныя гады ў нашай нялёгкай сельскагаспадарчай працы. Але Рыгор Сцяпанавіч па-бацькоўску заўсёды мяне падтрымліваў, вяртаў настрой і не даваў згубіцца ў жыцці.

Зараз, як і раней, я вельмі рады сустрэчам з Рыгорам Сцяпанавічам. Я ўдзячны яму за дапамогу і навуку. Хацелася б, каб у цяперашняй моладзі былі такія настаўнікі, як у мяне».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *