«Каб слова мастацкае гучала. Яшчэ мацней». Вынікі агульнага сходу Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Культура Новости Гомельщины Общество

5 сакавіка  ў абласной універсальнай бібліятэцы  імя У.І. Леніна адбыліся адразу дзве знакавыя падзеі з літаратурнага жыцця Гомельшчыны: агульны сход Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, на якім пісьменнікі абмеркавалі вынікі сваёй дзейнасці за 2020 год, а таксама чарговы  справаздачна-выбарны сход, у цэнтры ўвагі якога была дзейнасць творчай арганізацыі адразу за апошнія пяць гадоў,  за перыяд з 2016 па 2021 гады. Гэтаксама творцы абралі новае кіраўніцтва і вызначылі перспектывы на чарговае пяцігоддзе.

Падзеі пачаліся з  хвілінай маўчання:  гомельскія літаратары аддалі даніну памяці пайшоўшым з жыцця творцам  Міколе Старчанку, Эме Усціновіч, Юрыю Фатневу, Барысу Кавалерчыку, Віктару Лоўгачу, Анатолю Караленку, Анатолю Мохараву. А затым адбылося ўшанаванне лепшых мастакоў слова рэгіёна.

Кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч уручыў дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў “Пісьменнік года Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” па выніках працы за 2020 год пісьменнікам-актывістам Вользе Раўчанцы і Міхасю Сліве (творцы выдалі на працягу года  адпаведна 6 і 5 высокамастацкіх кніг, вялі шматгранную працу па папулярызацыі кнігі і чытання сярод насельніцтва, актыўна выступалі ў друку).

Шэраг літаратараў аддзялення, сярод якіх такія вядомыя аўтары, як Васіль Ткачоў, Міхась Болсун, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка і іншыя, былі ўзнагароджаны памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”. Пісьменнікі Міхась Сліва, Галіна Рагавая, Ганна Атрошчанка адзначаны дыпломамі Сусветнага Саюза пісьменнікаў. Дыпломамі Федэрацыі за ўсеагульны мір – партнёра Беларускага фонду міру – за актыўную працу па распаўсюджванню культуры і літаратуры ў свеце адзначаны Лілія Вялічка і Вольга Раўчанка з прысваеннем звання “Пасол міру”.

Прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва якраз напярэдадні вясновага свята хороша павіншавалі і навучэнцы гомельскага каледжа імя Сакалоўскага юныя спявачка Елізавета Мядзведзева і акардыяніст Уладзімір Выдроў.

Са змястоўным справаздачным дакладам “Асноўныя вынікі дзейнасці за 2020 год, а таксама за перыяд з 29 лістапада 2016 года па 5 сакавіка 2021 года. Нашы перспектывы: дзеля розуму, адукацыі, думак і разваг нашчадкаў” на форуме выступіў старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, які, у прыватнасці адзначыў наступнае.

За пошнія пяць год літаратары аддзялення ажыццявілі звыш 7,5 тыс.  выступленняў у розных аўдыторыях, выдалі звыш 190 кніг, выпусцілі 8 альманахаў і 3 калектыўныя міжнародныя зборнікі (Беларусь-Расія-Украіна),  творы гамяльчан уключаны ў 24 зборнікі перакладаў, у тым ліку выдадзены 3 аўтарскія зборнікі (міжнародны праект «Берагі дружбы»), праведзена 28 літаратурных конкурсаў для моладзі і аматараў мастацкай творчасці, 4 Форумы маладых літаратараў «Слова», 15 майстар-класаў для фіналістаў літаратурных конкурсаў, 4 міжнародныя фестывалі «Славянскія літаратурныя дажынкі», Міжнародны злёт аматарскіх літаб’яднанняў Беларусі, Расіі, Украіны, 2 абласных літаратурных фестывалі «На Зямлі Кірылы Тураўскага».

А рабілася гэта ўсё і многае іншае, як падкрэсліў У.Гаўрыловіч, на карысць нашай Бацькаўшчыны,  дзеля таго, каб развівалася пісьменніцкая справа, культура і традыцыі, каб запаволіць спад духоўнасці, культуры, адукаванасці, выхаванасці асабліва сярод падрастаючага пакалення, дзеля папулярызацыі кнігі і чытання.

“Я вельмі ўдзячны актывістам аддзялення, бо зробленае – тысячы гадзін падрыхтоўкі, немалыя маральныя і фізічныя, а часам і фінансавыя затраты пісьменнікаў, якія плённа працавалі як члены журы, пісьменнікі-настаўнікі, пісьменнікі-метадысты і ў розных іншых ролях… Як маглі, на сваім узроўні, наша каманда працавала сумленна і шчыра. Адказна. Нават пандэмія нас не спалохала, усё робім так, як вызначылі…”, — канстатаваў старшыня аддзялення.

За 15 гадоў членамі абласнога аддзялення былі 81 пісьменнік. Сёння на ўліку 63 творцы.  За апошнія пяць гадоў членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі сталі 11 літаратараў Гомельшчыны. Прыемна, што творчую сям’ю ў пачатку 2021-га (на сходзе былі ўручаны членскія білеты – заўв. аўтара) папоўнілі маладая паэтэса з Добруша Вольга Астапенка і гомельскі празаік, публіцыст Мікалай Дзямчыхін.

У абласным аддзяленні ганарацца многімі творцамі, якія дасягнулі значных поспехаў у творчасці і грамадскай дзейнасці. Напрыклад, паэтам і празаікам Ізяславам Катляровым, які па выніках 2020 года стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Як і драматургам Васілём Ткачовым, які нядаўна стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. “Пісьменнікам года” прызнана Вольгай Раўчанка, якая некаторы час таму пераклала з іспанскай мовы агромністы фаліянт “Ігнат Дамейка. З Мядзведкі – у Санцьяга дэ Чылі”. Ці пераможцам міжнародных конкурсаў дзіцячым паэтам Яўгенам Калашнікавым – у 2019-2020-ых гадах атрымаў “залатыя пер’і” многіх творчых конкурсаў Украіны і Расіі…

Пісьменнікамі Гомельшчыны штогод праводзяцца творчыя акцыі ў гонар пісьменнікаў-землякоў да іх юбілеяў (у вобласці прайшлі Гады Андрэя Макаёнка, Івана Сяркова, Леаніда Гаўрылава, Год літаратуры для дзяцей і юнацтва, 2021 аб’яўлены Годам класічнай літаратуры і чытання,  прысвечаны 100-годдзю Івана Мележа і Івана Шамякіна), захоўваецца памяць пра сышоўшых з жыцця калег. Напрыклад, за самастойна сабраныя сродкі нядаўна літаратары адкрылі мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў у маладыя гады А.С. Грачанікаў.  А яшчэ праводзіцца велізарная праца з моладдзю, у тым ліку і на міжнародным узроўні, у межах праекта “Берагі дружбы”, на пляцоўках фестываля “Славянскія літаратурныя дажынкі”, праводзяцца конкурсы і выдаюцца альманахі.

Літаратары абмеркавалі творчую і выдавецкую дзейнасць, падрыхтоўку да правядзення літаратурных форумаў, якія сёлета пройдуць пры падтрымцы органаў мясцовай улады і грамадскіх структур, прыём новых членаў і іншыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю арганізацыі, а таксама ўдзел ў IV з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Спрэчкі па дакладзе пацвердзілі, што пісьменніцкае жыццё на Гомельшчыне цікавае і насычанае на падзеі. Дзейнасць Савета, кіраўніцтва і ўсяго аддзялення СПБ за апошнія пяць гадоў ацэнена станоўча. Былі прыняты пастановы па выніках рагляду дзейнасці пісьменніцкай суполкі за 2020 год і 2016-2021 гады.

Сярод вызначаных задач на чарговы перыяд –– стварэнне якасных твораў, адлюстраванне ў іх інтарэсаў і спадзяванняў народа, шырокая папулярызацыя знакавых твораў сярод насельніцтва, патрыятычнае выхаванне на ўсіх узроўнях, прыкладанне намаганняў для яшчэ большага ўмацавання аўтарытэту і ўплыву ў грамадстве працы пісьменніка, удзелу літаратараў у ідэйна-выхаваўчым працэсе, культурным будаўніцтве ў дзяржаве, ва ўмацаванні  і ўдасканаленні  маральна-духоўнага патэнцыялу краіны. Сярод прыярытэтаў –– і адраджэнне ў раёнах літаратурных аб’яднанняў і правядзенне ў перспектыве абласных (міжнародных) злётаў аматараў мастацкай творчасці. Важнае значэнне набывае інфармаванне і  папулярызацыя цалкам дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, творчасці  пісьменнікаў праз інтэрнэт-рэсурсы (сацыяльныя сеткі і новыя сродкі камунікацыі, якія будуць паяўляцца ў будучым).

Адбыліся выбары старшыні абласнога аддзялення і савета аддзялення  Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзінагалосна на гэты пост абраны  вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Справаздачна-выбарны сход зацвердзіў і новы састаў савета абласнога аддзялення і рэвізійнай камісіі.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *