У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Ельскага ТЦСАН кіраўнікі гурткоў разам са сваімі падапечнымі вырабляюць прыгожыя навогоднія цацкі

Актуальное

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Ельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва поўным ходам ідзе работа па падрыхтоўцы да Новага года. Кіраўнікі гурткоў разам са сваімі падапечнымі вырабляюць прыгожыя навогоднія цацкі і сувеніры.

— На базе нашага аддзялення працуе рэабілітацыйная майстэрня “Гаспадынька” пад кіраўніцтвам інструктара па працоўнай тэрапіі Людмілы Каляды, удзельнікі якой увесь снежань занятыя вырабам навагодніх цацак і сувеніраў, — расказвае Галіна Буздуган, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ельскага ТЦСАН. – Дзяўчаты і хлопцы з задавальненнем робяць цікавыя вырабы як для нашай выставы-продажу, так і для ўпрыгожвання памяшканняў сваіх кватэр. Аднак не толькі “Гаспадынька” старанна працуе, але і іншыя гурткі ўсе свае сілы, увесь свой творчы патэнцыял накіравалі на выраб навагодняй прадукцыі. Так, удзельнікі гуртка “Фантазія”, якім кіруе наш цудоўны майстар Раман Раменнікаў, выразаюць з фанеры нарыхтоўкі, якія потым дзяўчаты з гуртка “Умелыя ручкі” расфарбоўваюць і ўпрыгожваюць бліскучымі стразамі і разнакаляровымі пацеркамі.

У гэтым годзе попытам карыстаюцца елачныя цацкі ў выглядзе анёлаў і марскіх ракавін з фаамірану. Таксама выклікаюць вялікую цікавасць вырабы з папяровай лазы, макарона, гафрыраванага кардону і іншага падручнага матэрыялу. Нашы пастаянныя ўдзельнікі гурткоў – Таццяна Жыльская, Галіна Лонская, Міхаіл Дзянісаў і іншыя — асвоілі ўсе сучасныя напрамкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сталі сапраўднымі майстрамі і рукадзельніцамі.

Таленавітыя кіраўнікі гурткоў – Людміла Тарасавец, Лідзія Міляева, Людміла Каляда, Раман Раменнікаў — пастаянна ў пошуку новых ідэй і напрамкаў. Мы ўпэўнена крочым у нагу з часам і дапамагаем людзям з асаблівасцямі раскрываць творчыя здольнасці.

Трэба адзначыць, што ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Ельскага ТЦСАН ёсць спецыяльнае памяшканне, дзе выстаўляюцца ўсе вырабы, зробленыя ўмелымі рукамі настаўнікаў і іх незвычайных вучняў. Чаго тут толькі няма! Разнастайныя елачкі, навагоднія цацкі і сімвалы адразу кідаюцца ў вочы. Асабліва нам спадабалася сям’я тыграў ярка-аранжавага колеру, якую звязала майстрыха на ўсе рукі Лідзія Міляева.

— Сімвалам наступнага 2022 года па ўсходняму календару з’яўляецца Тыгр, — заўважыла Лідзія Мікалаеўна. – Каб задобрыць гэтага свавольнага і гордага драпежніка, мы раім набыць наш цудоўны сувенір. У нас тыгр вельмі мяккі, ласкавы і сімпатычны. І хай ён прынясе ўсім моцнае здароўе, радасць і дабрыню.

Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *