Сустракае гасцей Добрушчына

Год народного единства Культура Общество


На слаўнай унікальнай гісторыяй і непаўторнымі традыцыямі добрушскай зямлі ў першыя дні верасня пройдзе цудоўнае Свята беларускага пісьменства. Чым яно будзе адметным у плане папулярызацыі кнігі і як да яго рыхтуюцца гомельскія пісьменнікі і аб многім іншым – мы пацікавіліся ў заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаіка, публіцыста, драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча.

– Уладзімір Мікалаевіч, што для Вас асабіста значыць Дзень беларускага пісьменства?
– Тое, што мы ёсць нацыя, мы ёсць народ. Свята яскрава сведчыць аб немалых клопатах беларускай дзяржавы, каб адрадзіць гістарычную памяць і гістарычнае аблічча нашай краіны, праз помнікі старажытнасці і лепшыя ўзоры прыгожага пісьменства звярнуць увагу сучаснікаў на тое духоўнае багацце, тую спадчыну, якую мае беларуская нацыя, а таксама разам ацаніць літаратурныя, культурныя, асветніцкія набыткі, якія прыўнеслі мы, сучаснікі. Відавочна таму, у знакавае для беларускай дзяржаўнасці свята мы найперш аддадзім даніну павагі нашым папярэднікам, пакаленням творцаў, якія пакінулі пасля сябе сапраўдныя падручнікі жыцця – выдатныя мастацкія творы.
– І тут ёсць пра каго весці гутарку: у агульную усебеларускую скарбніцу духоўных здабыткаў вялікі ўклад ўнеслі нямала выхадцаў з Добрушчыны… 
– Справядліва сказана. У савецкі час вельмі плённа працавалі у галіне літаратуры, найперш, нашы землякі – празаік Леанід Гаўрылкін (нарадзіўся ў вёсцы Стэп), паэт і празаік Мікола Кусянкоў (родам з вёскі Перарост), паэт Паўлюк Прануза (малая радзіма яго – вёска Вылева). На шырокую літаратурную дарогу адсюль выйшлі паэты Віктар Шаўчэнка (родам з в.Карма) і Уладзімір Шварц (з Насовічаў). У Добрушы, дзе і нарадзілася, знайшла свой апошні прытулак наша калега, цікавая гомельская паэтэса і празаік Эма Усціновіч…
Рана далучыўся да непаўторнага хараства прыроды беларускага Прыдняпроўя, душэўнай прыгажосці палешукоў і будучы народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, выдатны мастак слова Іван Шамякін (нарадзіўся ў Карме). І ў сваёй шматграннай творчасці не раз звяртаўся да родных берагоў. Не выпадкова на вялікім свяце пісьменства тут яму ўдзячныя палешукі ўрачыста адкрыюць помнік…
Зразумела, гэты невялікі пералік – толькі частка імёнаў стваральнікаў вялікага мастацкага багацця, якое, падкрэслю, з кожным годам памнажаецца.
– Раскажыце пра сучасныя яркія таленты, калі ласка…
– З вострым сацыяльным зрокам, добрым адчуваннем маральна-этычных запатрабаванняў сучаснасці, дасканалым веданнем жыцця пішуць свае творы сённяшнія літаратары, якія лёсам звязаны з Добрушчынай (нарадзіліся ці працуюць тут). Так, хораша заявілі пра сябе ў літаратуры празаік Валянціна Кадзетава-Арэстава (нарадзілася ў в.Мікалаеўка), паэтэса, празаік, казачніца Ганна Атрошчанка (яе вытокі ў пас. Чырвоны Рог). Пад Добрушам жыве і плённа працуе ў паэзіі Іван Цітарэнка: хоць родам ён з вёскі Іванаўка Гомельскага раёна, сваё шчасце знайшоў менавіта тут. І, як мне падаецца, не выпадкова радаснае, жыццесцвярджальнае пачуццё пранізвае многія яго творы.
Да паглыбленага роздуму над жыццём і чалавечымі лёсамі заклікаюць патрыятычныя і лірычныя творы Міколы Ждановіча (шмат гадоў узначальваў журналісцкі калектыў раённай газеты “Добрушскі край”; дарэчы, паэт разам з расійскім калегам Леанідам Северам толькі што перамаглі ў паэтычным конкусе “Мой добруш”) і Людмілы Яськовай (нястомна кіруе мясцовым аматарскім літаб’яднаннем “Натхненне” пры Добрушскай цэнтральнай бібліятэцы). Ёсць на Добрушчыне і новыя парасткі: на шырокія прасторы літаратуры заўважна прабіваецца з пранікнёнымі і кранальнымі творамі маладая дабрушанка Вольга Астапенка – паэтка нядаўна прынята ў прафесійны саюз пісьменнікаў Беларусі. Нестандартна ў паэзію ідзе Сяргей Старыкаў – праз музыку і бардаўскую песню…
– А што сабой уяўляе абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Белаарусі, якім вы кіруеце?
– Калі ж гаварыць пра ўсю пісьменніцкую сям’ю Гомельшчыны, якая ўвосень стане сапраўдным гаспадаром на свяце літаратурных традыцый і духоўнасці беларускага народа і з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх творчых праектаў і акцый, то яна немалая: звыш шасцідзесяці паэтаў, празаікаў, драматургаў пры дапамозе мастацкіх сродкаў і вобразаў даследуюць жыццё, уплываючы не толькі на розум, але і на пачуцці чытача, лірычным і празаічным словам услаўляюць родны край, яго ўнікальнасць і прыгажосць. Бо Гомельшчына – сапраўды прыгожы і ўнікальны Сусвет!
Не абыйдуся без некаторай статыстыкі. За апошнія 15 гадоў з-пад пяра сучасных гомельскіх пісьменнікаў выйшла звыш 800 кніг, многія мастацкія творы былі не толькі прызнаны грамадскасцю, але і высока адзначаны як у нашай краіне, так і за яе межамі. Нашы творцы пастаянна ў гушчы жыцця, нясуць жывое мастацкае слова ў школы і дзіцячыя садкі, у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, сустракаюцца з чытачамі ў бібліятэках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях: штогод такіх сустрэч на дабраахвотнай аснове наладжваецца не менш паўтары тысячы.
Па клічу сэрца, не іначай, закладваюцца пачуцці прыгожага ў душы найперш падрастаючага пакалення, чым мы робім немалую працу дзеля духоўнасці будучыні краіны. Толькі для пачаткоўцаў у літаратуры, што з часам прыйдуць нам на змену, за апошнія тры гады праведзена 40 літаратурных конкурсаў, выдадзена некалькі складанак пераможцаў іх і фіналістаў – маладых аўтараў, пастаянна моладзі аддаюцца старонкі абласнога альманаха, для іх творчага развіцця ладзяцца майстар-класы, сустрэчы з прафесійнымі літаратарамі, ёсць нават свая школа “Малады літаратар”. Ды і пераняць вопыт маладым на Гомельшчыне ёсць у каго!
Цікава, нестандартна працуюць у літаратурнай галіне актывісты Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, Яўген Калашнікаў, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка, Міхась Сліва, Вольга Раўчанка, Лілія Вялічка, Наталля Шэмет, Святаслаў Крупенька, Аляксандр Джад, Рыгор Бабчанок, Аляксандр Каляда, Аляксандр Атрушкевіч, Іна Спасібіна, Ева Дударга, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Галіна Нячаева, Іван Бісеў, Вера Квяткоўская ды іншыя літаратары.
– А Вы ж яшчэ і выдавецкай дзейнасцю займаецеся?
– З мэтай папулярызацыі новых мастацкіх твораў пісьменнікаў аддзяленне штогод выпускае па аднаму-два выпускі абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына”, а таксама зборнікі вядомых і маладых аўтараў, якія дасягнулі значных творчых поспехаў (напрыклад, адзначаем па выніках пэўнага года абласной і міжнароднай літаратурнымі прэміямі “Вернасць слову” ці прызнаём “Пісьменнікамі года” Гомельшчыны).
Мы ганарымся і тым, што на Гомельшчыне па ініцыятыве пісьменніцкай арганізацыі адной з першай у краіне з’явілася свая абласная літаратурная прэмія, якая носіць імя Кірылы Тураўскага. У 2022 годзе прэмія абласнога выканаўчага камітэта (гэта выданне кнігі для пераможцы творчага конкурсу і пэўны грашовы эквівалент) будзе ўручацца ўжо ў дзясяты раз. Звыш 40 прафесійных літаратараў і пачаткоўцаў атрымалі яе за гэты час, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці. Сёлетняя падзея чакаецца менавіта на вялікім рэспубліканскім свяце ў Добрушы, што, безумоўна, запомніцца лаўрэатам на ўсё жыццё. Увогуле, усе выдадзеныя за апошні год кнігі нашых пісьменнікаў будуць годна прадстаўлены ў час правядзення Дня беларускага пісьменства праз прэзентацыі, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы.
Безумоўна, абласная пісьменніцкая арганізацыя заўсёды будзе ганарыцца і творчымі дасягненнямі нашых паплечнікаў, якія, на жаль, пайшлі з жыцця: драматурга і празаіка Васіля Ткачова, казачніка Анатоля Караленкі, апавядальніка і гумарыста Віктара Лоўгача, сатырыка Барыса Кавалерчыка, паэта і празаіка Юрыя Фатнева, паэтаў Алеся Дуброўскага, Ігара Журбіна, Фелікса Мысліцкага, Мікалая Старчанкі. Яны часта сустракаліся з добрушскімі чытачамі, і былі тут, скажам шчыра, не проста гасцямі. На Свяце беларускага пісьменства, безумоўна, мы будзем згадваць добрым словам творчыя набыткі сваіх калег, адзначым іх унёсак ў агульную нацыянальную літаратурную скарбонку.
Увогуле ж, захаванне памяці пра сышоўшых творцаў – важкі клопат аддзялення. Дзякуючы нашай ініцыятыўнасці і немалому ўнёску працуюць сёння Музей літаратуры ў абласной бібліятэцы, Мемарыяльны музей Міколы Гамолкі ў СШ№1 г. Жыткавічы, а ў Пакалюбічах Гомельскага раёна усталявана мемарыяльная дошка Івану Сяркову, а ў Гомелі – Анатолю Грачанікаву, у 2021-ым на будынку прадпрыемства “Палесдрук” адкрыты памятны знак, прысвечаны 80-годдзю выхаду першага нумару агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” (папярэдніка часопіса “Вожык”).
– Да ўсяго, выходзіць, пісьменнікам-гамяльчанам ёсць справа?! Нават да ўшанавання памяці сышоўшых калег і падрымку сувязей з землякамі…
– Дзеля ўшанавання памяці калег заснаваны некалькі абласных літаратурных прэмій, а вышэйшая творчая ўзнагарода аддзялення СПБ – памятны медаль “Кірыла Тураўскі.Асветнік. “За ўклад у літаратуру” – уручаецца з канца 2020 года. Прыемна, што за падтрымку творчых сувязяў з малой радзімай і яе творцамі гэтай узнагароды ў ліку першых былі ўдастоены Мікола Мятліцкі, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Ліпскі, Мікола Чарняўскі…
Нядаўна рашэннем Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» старшыні праўлення мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна», члену вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктару фестываля «Берагі дружбы”, паэту і перакладчыку Леаніду Северу прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія “Вернасць Слову». У рамках гэтай узнагароды ў Гомелі да Дня беларускага пісьменства і Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» выйдзе кніга выбраных вершаў і песенных тэкстаў аб Беларусі і Расіі гэтага таленавітага творцы і выдатнага арганізатара. Думаецца, званне лаўрэата і выдадзеная кніга на другой малой радзіме стане выдатнай ацэнкай працы для чалавека, які ўсё жыццё шчыруе дзеля збліжэння, дружбы і яднання беларускага і рускага народаў. І мы шчыра павіншуем Л.Севера ў старажытным Дорушы!
Міжнародная дзейнасць Вашага аддзялення вельмі выніковая…
– Так, жывучы на памежжы з Расіяй і Украінай, Гомельскае абласное аддзяленне СПБ актыўна развівае стасункі праз творчыя кантакты і нават праекты не толькі з пісьменніцкімі, але і нацыянальнымі арганізацыямі славянскіх краін. У 2006 годзе ў Гомелі ўпершыню быў праведзены фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, які цяпер па-сутнасці стаў брэндам Гомельскай вобласці. У мерапрыемствах фестывалю за ўвесь час яго правядзення прымалі ўдзел звыш 450 славянскіх літаратараў: гэта сотні добрых, карысных сустрэч, накіраваных на выхаванне юных душ…
Аддзяленне ганарыцца і тым, што з’яўляецца заснавальнікам абласнога фестываля літаратуры, культуры, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, які штогод праходзіць у Жыткавічах і іншых гарадах вобласці. Новы форум пашыраецца тэматычна, з удзелам вялікага колу мясцовых і замежных творцаў.
– Асаблівая ўвага – моладзі?
– Так. З першага дня стварэння пісьменніцкай суполкі мы пачалі праводзіць міжнародныя маладзёжныя конкурсы паміж маладымі паэтамі з розных нацыянальных тэрыторый і рэгіёнаў Расіі, ад Беларусі спачатку прыцягвалася толькі творчая моладзь Гомельскай вобласці, а праз некалькі гадоў у працэс былі далучаныя і пачаткоўцы з усёй Беларусі. Выкананне конкурсных заданняў маладымі аўтарамі сталі курыраваць вопытныя, прафесійныя паэты-настаўнікі – прызнаныя ў сваіх рэгіёнах і краінах майстры мастацкага паэтычнага слова. Фінальныя слуханні і ўзнагароджанне пераможцаў ўсе гэтыя гады непарыўна звязваліся з фестывалем нацыянальных культур, які праводзіцца штогод у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, а таксама, што тычыцца Беларусі, з міжнародным фестывалем-святам «Славянскія літаратурныя дажынкі». Сёння адукацыйна-асветніцкі праект «Берагі дружбы» імя А. В. Траццякова – гэта вядомы міжнародны фестываль-свята і фестываль-конкурс, на якім прадстаўнікі розных народаў могуць не толькі прадстаўляць свае нацыянальныя абрады і традыцыі, але і сустракацца з маладымі і шырока вядомымі паэтамі свайго этнасу і сутыкацца з іх творчасцю асабіста. Мы, беларусы, вельмі актыўна падтрымліваем гэты форум. За апошнія тры гады на базе праекта пры падтрымцы Фонда прэзідэнцкіх грантаў Расіі была створана Усерасійская адкрытая школа паэтычных перакладаў для маладых аўтараў. На працягу трох дзён пасля заканчэння фестывалю-свята 25 лепшых па выніках конкурсу маладых паэтаў, у тым ліку юныя беларусы, атрымліваюць дадатковую адукацыю пры падтрымцы выкладчыкаў Луганскага дзяржаўнага універсітэта імя В. І. Даля і Таганрогскага інстытута імя А. П. Чэхава. Юнакі і дзяўчаты пасля вучобы атрымліваюць сертыфікаты ўстаноўленага ўзору. Заняткі праводзяцца ў канферэнц-зале народнага мемарыяльнага комплексу «Самбекскія вышыні», дзе будучая творчая эліта Беларусі і Расіі яшчэ раз знаёміцца з нашай агульнай славянскай гісторыяй, асабліва з подзвігам савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Такім чынам, за дзесяцігадовы шлях міжнароднага супрацоўніцтва з Растоўскай вобласцю і Краснадарскім краем мы падышлі са значным багажом назапашаных дасягненняў і вопыту. За гэтыя гады на радзіме Чэхава з нашым удзелам выдадзена звыш 70 зборнікаў перакладаў паэзіі, уключаючы 10 — на беларускай мове.
Сёння ўнікальны творчы праект, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Расіі, праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, калег- аднадумцаў з іншых абласцей, пашырае свае межы. Толькі ў бягучым конкурсным адборы ва Усерасійскую адкрытую школу паэтычнага перакладу для маладых аўтараў прымаюць удзел прадстаўнікі больш за 50 рэгіёнаў Расіі (у тым ліку з 16-ці нацыянальна аўтаномных) і ўсіх рэгіёнаў Беларусі – а гэта 60 чалавек. Толькі што завяршыўся фестываль, больш 10 маладых беларусаў сталі яго лаўрэатамі.
– Кажуць, дзякуючы сумеснай дзейнасці пісьменнікаў Гомельшчыны і Расіі Гомельскі раён Гомельскай вобласці і Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці афіцыйна сталі раёнамі-пабрацімамі, заключыўшы адпаведныя пагадненне аб супрацоўніцтве?
– Гэта адбылося гадоў пяць таму. Пры імкненні наперад у рамках фестывальнага літаратурнага руху Беларусі і Расіі, выраслі і іншыя праекты. Напрыклад, у цяперашні няпросты час нам удалося знайсці падтрымку і прысвоіць імёны народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, а таксама нашага асветніка і паэта Кірылы Тураўскага бібліятэкам і дамам культуры ў двух раёнах Растоўскай вобласці. Тут мы нямала папрацавалі разам з дырэкцыяй фестывалю «Берагі дружбы», з Няклінаўскай раённай (узначальвае абедзве структуры Леанід Север) і абласной арганізацыяй «Саюз беларусаў Растоўскай вобласці» (узначальвае Уладзімір Жываткевіч). А ў 2021-ым ажыццёўлены яшчэ адзін гуманітарна-асветніцкі праект: у дзень 100-годдзя Івана Мележа, які некалі ваяваў і быў паранены на Растоўскай зямлі, мы, беларусы, разам з калегамі адкрылі музейна-этнаграфічны пакой беларускага класіка і нашага земляка ў Расіі!
– Ужо нарадзіліся і новыя праекты?
– Толькі што нашым абласным аддзяленнем завершаны сапраўды ўнікальны праект – прафесійныя літаратары і маладыя аўтары пад іх куратарствам пераклалі на беларускую мову больш за 45 паэтаў з 25 краін свету… Адважыцца на такую складаную працу было не проста і вельмі адказна. Але разам мы – сіла! Расійскі бок узяў на сябе пераклады вершаў аб агульначалавечых каштоўнасцях з родных моў на рускую вядомых паэтаў з В’етнама, Ганы, Бангладэш, Індыі, Калумбіі, Украіны, Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Турцыі, Узбекістана, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Косава і іншых краін, а мае каллегі і сябры – гомельскія літаратары-перакладчыкі ўзяліся за беларускі варыянт дзесяці вершаў кожнага замежнага аўтара.
Падкрэслю: усё ішло вельмі няпроста. Шаснаццаці членам абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія маюць прафесійныя навыкі мастацкага перакладу, было вельмі складана справіцца з велізарным аб’ёмам прадстаўленага з-за мяжы матэрыялу, таму мне прыйшлося рызыкнуць і прыцягнуць да гэтай дзейнасці і шэсць маладых аўтараў, якія паказалі паспяховасць сваёй перакладчыцкай працы ў папярэднія гады, удзельнічаючы ў праекце “Берагі дружбы”. Больш за 4 месяцы ішла напружаная творчая праца. Пры чым, паэтка Тамара Кручанка працавала над перакладамі адразу трох замежных аўтараў, а Ніне Шкляравай, Дар’і Дарошка, Галіне Рагавой, Алегу Ананьеву, Вользе Раўчанцы, Але Бяльковай, Лідзіі Долбікавай і Наталлі Шамятковай, Алёне Алешыне прыйшлося пераствараць беларускія варыянты вершаў адразу двух замежнікаў. Сапраўдны прафесіяналізм праявілі ў гэтай працы паэты Мікалай Ждановіч і Міхаіл Болсун, Святаслаў Крупенька і Іна Зарэцкая, Ганна Атрошчанка і Лідзія Возісава. Дарэчы, варта падкрэсліць і рост прафесіяналізму маладых аўтараў-перакладчыкаў: Вольгі Грынь, Надзеі Петрачук (Філон), Уладзіміра Чараухіна, Аліны Рыцік, Ульяны Пятрэнка.
Як кіраўнік і каардынатар праекта з беларускага боку шчыра ўдзячны сваім калегам і маладым сябрам, якія ўдзельнічаюць у нашых праектах, за гэтую неймаверна складаную творчую працу! Падрыхтаваныя пераклады мы нават ужо ўзгаднілі з замежнымі калегамі. Іх рэакцыя была імгненнай і – станоўчай! Напрыклад, цёплыя словы перакладчыкам і арганізатарам днямі адрасавалі вядомыя в’етнамскі і французскі паэты Май Ван Фан і Францыс Комбес, якія зробленыя пераклады нават размясцілі на сваіх рэсурсах…
– Вынікам жа ўсёй такой працы стануць кніжныя выданні?
– Гэта некалькі кніг перакладаў – адна на рускай, другая – на беларускай мовах. Першая ўжо выдадзена пад назвай “Зямля – наш агульны дом”, другая – у працы. як мяркуецца, будзе прадстаўлены чытачам у самай бліжэйшай перспектыве. А з 1 па 4 верасня, таксама, думаецца, нас парадуюць і «жывыя» сустрэчы з аўтарамі і перакладчыкамі на нашых фестывалях і ў Гомелі, і ў Добрушы. Такія сустрэчы абавязкова адбудуцца ў межах Дня беларускага пісьменства. Што, несумненна, пацвярджае: літаратура – лакаматыў, які паспяхова пашырае нацыянальна-культурныя сувязі ў Саюзнай дзяржаве.
Да дня беларускага пісьменства выйдзе і міжнародны альманах “Літара. Литера. Ліцера” (заснавальнік У.Гаўрыловіч): за тры апошнія гады выйшла 8 тэматычна аб’яднаных нумароў, у якіх змешчаны творы 100 паэтаў і празаікаў Беларусі, Расіі і Украіны на іх родных мовах. Альманах збліжае, аб’ядноўвае славянскіх пісьменнікаў. Пры чым, асаблівая ўвага рэдкалегіі – творчай моладзі. А таксама да свята мы падрыхтавалі і выдалі абласны альманах “Літаратурная Гомельшчына”. Усё пералічанае было б немагчымым, калі б на працягу станаўлення і развіцця пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны не атрымлівала б падтрымку ад дзяржавы. Нельга не быць удзячным Гомельскаму аблвыканкаму, асабіста яго старшыні І.І.Крупко, кіраўнікам камітэтаў і ўпраўленняў, гарвыканкаму і райвыканкамам, за падтрымку творчых ініцыятыў нашай пісьменніцкай арганізацыі. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву, напрыклад, з галоўным упраўленнем адукацыі, робіцца шмат карысных спраў, накіраваных на папулярызацыю творчасці і прапаганду мастацкага слова сярод вучняў, моладзі.
– А якую праграму падрыхтавала Гомельскае абласное аддзяленне да восеньскіх літаратурных святаў?
– Ведаеце, яна вельмі насычаная на творчыя падзеі, і пералічыць усё складана (гл. сайт: pismennik.by). Напярэдадні, з 31 жніўня па 2 верасня ў Гомеле, Тураве, Жыткавічах і Мазыры пройдуць два фестывалі: 17 міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і 4 абласны фестываль літаратуры “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Ва ўсіх літаратурных падзеях – майстар-класы, прэзентацыі новых кніг, творчыя лабараторыі і дыялогавыя пляцоўкі, ушанаваннях пераможцаў, канцэрты самадзейных аўтараў і прафесіяналаў і г.д. – прымуць удзел 25 пісьменнікаў з Расіі і Украіны, 60 творцаў Гомельшчыны і звыш 400 фіналістаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, якія мы арганізавалі і правялі. Упершыню ў фармаце фестываляў пройдуць аўтарскія літаратурныя вечары-партрэты славянскіх пісьменнікаў: напрыклад, Расію сёлета прадстаўляе заслужаны деяч культуры Кубані, вядомая паэтэса і празаік Святлана Макарава. А ганаровымі гасцямі ад Беларусі будуць народны пісьменнік краіны Мікалай Чаргінец і народны артыст Беларусі, член СПБ Эдуард Ханок. Вялікае кола творчых сустрэч-прэзентацый, якія павінны парадаваць чытача, адбудзецца і ў час 29 Дня беларускага пісьменства. Мы гасцінна запрашаем на свята ў Добруш усіх літаратараў краіны – гэта ж, па-сутнасці, наша прафесійнае свята. Усім будзем рады!
– А як будзеце адзначаць сваё 55-годдзе, якое надарыцца 30 жніўня?
– Ведаеце, асабліва не да ўласнага свята, калі жывеш працай – арганізацыйнай, найперш, бо на творчасць часу не хапае зусім…
Але ж неяк у пандэмію напісаўся і выйшаў у выдавецтве “Звязда” новы раман “Па веры вашай…” Твор для мяне асабіста няпросты, бо як пісьменнік я не меў права не выказаць уласную пазіцыю адносна нядаўніх падзей 2020 года і адказаць некаторым калегам на пытанне: ў якой краіне я жыву – паліцаяў ці герояў… І я яе выказаў. Як мог. Праўда для гэтага мне нават спатрэбілася зазірнуць і ў мінулыя стагоддзі. А калі напісана кніга – яе трэба данесці да чытача праз прэзентацыю ці творчы вечар, што, відавочна, і зраблю.
А адзначаць… спадзяюся, буду ў сям’і – збяру ў роднай вёсцы Вятчын, што на Жыткаўшчыне, родных мне людзей. Не дзеля ўласна сябе толькі, а каб успомніць разам з братам, сёстрамі, пляменнікамі, уласнымі дзецьмі і ўнучкай сышоўшых нашых дзядоў і бацькоў, на святой зямлі, дзе пупавіна твая закапана.
– Дзякуй Вам за цікавую гутарку. І з юбілеем!

Гутарыла Валянціна КАНСТАНЦІНАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *