У Скараднянскім сельскім Доме культуры рыхтуюцца да навагодніх свят

Культура Общество Предприятия

Прадчуванне навагодняга свята ўжо лунае ў паветры. У крамах выстаўлены навагодні асартымент, зусім хутка пачнуць запальвацца агеньчыкі гірлянды ў вітрынах і на вуліцах. На вокнах дамоў дзе-нідзе з’явіліся рознакаляровыя гірлянды, на плошчы зазіхацела ёлка, пераапранаюцца ва ўрачыстыя ўбранні арганізацыі і ўстановы.

Хвалюючая атмасфера чакання, казачныя водары ігліцы і мандарынаў, адчуванне надыходзячага цуду – усё гэта кожны год урываецца ў наша жыццё разам з першымі днямі снежня. Мне здаецца, падрыхтоўка да Новага года і Каляд – неад’емная частка свята, і мабыць, ад яе атрымліваеш нават больш задавальнення, чым непасрэдна ад урачыстасці, якая ўключае начное застолле, феерверкі і бой курантаў і азначае пачатак чарговага каляндарнага года. Напэўна, таму і пачынаем мы свае клопаты задоўга да 31 снежня.

Чароўная ноч пройдзе хутка, і наступяць новыя будні. Але Новы год тым і адметны, што да яго рыхтуюцца ўсе і кожны загадзя. Не застаюцца ўбаку і ўстановы культуры, якія пачалі ўжо свае рэкламныя кампаніі. Так, Зашыр’е запрашае ў сядзібу Дзеда Мароза, гарадскі Дом культуры «Колас» вучыць пісаць пісьмы ўсёмагутнаму дзеду.

У Скараднянскім сельскім Доме культуры таксама ва ўсю моц рыхтуюцца да навагодніх праграм. Вокны ўстановы культуры ўжо стракацяць фігурамі галоўных сімвалаў года – ката і зайца. Іх выразаюць самі работнікі і наклейваюць на вокны. Культарганізатар СДК Юлія Шчыпіла па-дзялілася будучымі планамі:

– На навагоднія і калядныя святы запланавана вельмі многа мерапрыемстваў. У нас ужо няма вольнай хвілінкі: прыходзім на работу раніцай і затрымліваемся да позняга вечара, рыхтуючыся да самых вясёлых і любімых свят. Так, рыхтуем сцэнарыі навагодніх ранішнікаў для дзяцей, канцэртаў і вечароў адпачынку для дарослых. Таксама мы ўжо атрымалі заказы на віншаванні дзяцей Дзедам Марозам і Снягуркай на даму.

Акрамя гэтага, у пераднавагоднія дні запланаваны міні-канцэрты-віншаванні адзінокіх пажылых людзей, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У мінулым годзе мы ўпершыню віншавалі такіх людзей на даму, і гэта форма работы добра сябе зарэкамендавала. У цэлым, сёлета запланавана многа навагодніх сюрпрызаў для жыхароў Скароднага, пакуль усе тайны выдаваць не будзем.

А як вы ставіцеся да пераднавагодняй мітусні? Калі пачынаеце рыхтавацца да свята? Расцягваеце задавальненне на цэлы месяц ці па-хуткаму прыбіраеце елку ў апошні дзень года? Хто вы – рамантык, які з трапятаннем чакае казачнага свята, або прагматык, якога ўся гэтая мішура і лішнія выдаткі толькі раздражняюць? Раскажыце нам ў сваіх пісьмах ці каментарах у сацыяльных сетках.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *