А ім было ўсяго па васемнаццаць,
А ім хацелася любіць і жыць,
Спяваць, кахаць, і марыць, і смяяцца,
Айчыне верна і аддана паслужыць.
Як і ўсе, яны чакалі пісьмаў з дому,
Адклейвалі канверт дрыготнаю
рукой,
Чыталі весткі ад матуль, бацькоў,
знаёмых,
Дзяўчат каханых, сваякоў, сяброў.
Як і ўсім салдатам, ім снілася радзіма,
Калодзеж у двары і твары іх бацькоў…
І мара на ўсіх была адзіная:
Радзіме доўг аддаць, героямі прыйсці
дамоў.
Як і для ўсіх, была нялёгкай служба,
І часта пот на тварах выступаў
расой.
У цяжкія хвіліны выратоўвала іх
дружба,
Сяброўскі жарт ды вобраз маці
дарагой.
Ах, жорсткі лёс! Чаму так недарэчна
Ты вырашыў з жыццём іх разлучыць?
Ідуць гады… А Памяць жыве вечна.
Недаспяваная песня ў сэрдцы гучыць.
Жорсткі лёс напаткаў аднаго з маіх землякоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, Андрэя Анатольевіча Чорнага. Прайшоўшы праз пакуты і боль Афгана, перажыўшы страшныя дні і месяцы вайны, ён атрымаў смяротную траўму на заводзе.
Нарадзіўся Андрэй 15 чэрвеня 1967 года ў вёсцы Валаўск у сям’і працавітых людзей.
Бацькі Анатоль Іванавіч і Ганна Пятроўна – руплівыя і дбайныя гаспадары, старанныя працаўнікі і проста добрыя дюдзі – і сёння з’яўляюцца аднымі з самых паважаных людзей у вёсцы. Выхавалі шасцёра дзяцей, толькі Андрэя ўжо няма. І цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не сядзяць склаўшы рукі: вядуць дамашнюю гаспадарку, дапамагаюць дзецям і ўнукам. Іх сядзіба лічыцца адной з лепшых у Валаўску: фасад дома, плот, калодзеж упрыгожаны разнастайнай драўлянай разьбой, у агародчыку вясною і летам пышна цвітуць кветкі.
Такія ж яркія букеты ўпрыгожваюць і магілу сына Андрэя…
Андрэй, скончыўшы школу, усё лета працаваў у саўгасе «Валаўскі» шафёрам, адвозіў зярно на ўборцы. Набыўшы ў Гомельскім вучылішчы прафесію токара, быў размеркаваны працаваць на радыёзавод. У час восеньскага прызыву, ў 1985 годзе, пайшоў у армію. Там Андрэй сам, дабравольна, напрасіўся ў Афганістан. Адтуль пісаў пісьмы, калі ўжо было дазволена пісаць. На жаль, яны не захаваліся.
На вайне Андрэй Чорны быў тройчы паранены. Вярнуўся дадому вясною 1987 года. Пры сустрэчы з роднымі пра ўсё перажытае сказаў толькі: «Нават ворагу не пажадаю ўбачыць і перажыць тое, што перажыў я».
У андрэя было многа медалёў: медаль «За адвагу», медаль «Ад удзячнага афганскага народа», юбілейны медаль «70 гадоў Узброеных Сіл», нагрудны знак «Воіну-інтэрнацыяналісту».
Нядоўга пабыўшы дома, Андрэй вярнуўся ў Гомель на завод. У сакавіку 1989 года ажаніўся з прыгожай дзяўчынай Ірынай. Праз два гады нарадзілася доўгачаканая і такая жаданая дачушка Юлька. Але ўсяго паўтара года давялося шчасліваму бацьку песціць малую. 26 красавіка 1993 года на заводзе Андрэй стаў ахвярай няшчаснага выпадку…
Кожны год 15 лютага, у дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, члены Гомельскага клуба воінаў-інтэрнацыяналістаў, у які ўваходзіў і Чорны Андрэй, наведваюць яго сям’ю, дапамагаюць, калі трэба, жонцы і дачушцы іх сябра. Ірына цяпер працуе на тым жа радыёзаводзе ў бібліятэцы, дачка Юля вучыцца ў палітэхнічным універсітэце ў Гомелі. Не забываюць яны мужа і бацьку, прыязджаюць штогод да яго на магілу.
Не забываюць пра Андрэя браты і сёстры, не забываюць бацькі. Галоўнай сцяжынкай для іх стала тая, што вядзе да яго магілы. Цяпер тут месца іх сустрэч з любым сыночкам. На вялікі жаль, толькі ва ўспамінах і думках…
Ганна Гаўрылава.
