Сёлетняя восень была надта ж шчодрая на лісце. Тым не менш гэты багаты лісцевы дыван трэба ўбраць. Вось і стараюцца ўсе людзі згрэбці і вывезці лісце, пакуль не прыйшлі сапраўдныя халады, пакуль не нападаў снег.
У сувязі з аб’яўленым з 1 лістапада месячнікам па добраўпарадкаванні ўсе арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы актыўна вядуць работы па ўборцы тэрыторыі. Так, 11 лістапада, у пятніцу, работнікі Валаўскага сельскага Савета прыбіралі тэрыторыі каля пустуючых дамоў або на іх месцы, саграбалі лісце, выносілі яго.
Працаўнікі Валаўскага лясніцтва ў гэты ж дзень таксама былі заняты на ўборцы апалага лісця вакол адміністрацыйнага будынка і ў парку каля яго. Велічэзныя горы апалага лісця работнікі лясніцтва загружалі ў трактар і вывозілі. Пасля гэтага парк, здаецца, нібы стаў святлейшы і весялейшы, нягледзячы на тое, што дрэвы скінулі сваё каляровае адзенне і падрыхтаваліся да зімовага сну.
Ганна Гаўрылава
