У Засінцаўскай сярэдняй школе працуюць два маладыя спецыялісты – настаўніца пачатковых класаў і педагог-арганізатар Крысціна Сафроненка і настаўніца працоўнага навучання Анастасія Раўкоўская. Як расказала нам дырэктар школы Людміла Еўлаш, дзяўчаты вельмі працалюбівыя, спецыялісты сваёй справы, яны наладзілі добры кантакт з вучнямі і калегамі ў школе.
Крысціна Сафроненка – сапраўдны майстар на ўсе рукі. Робіць з дзецьмі розныя вырабы, праводзіць мерапрыемствы. Нягледзячы на тое, што сама дзяўчына – мазыранка, працы ў вясковай школе не спалохалася.
– Спачатку, канешне, збянтэжылася, што давядзецца працаваць у вёсцы, далёкай ад райцэнтра, – прызналася маладая настаўніца. – А праз нейкі час прывыкла, працаваць з вясковымі дзеткамі вельмі падабаецца: яны такія шчырыя, даверлівыя і непасрэдныя.
У нашай размове дзяўчына заўважыла, што пакуль патрэбны тэрмін яна адпрацуе ў Засінцаўскай школе. А ў будучым Крысціна катэгарычна не адмаўляецца ад перспектывы застацца ў вёсцы, як гэта робяць многія маладыя людзі. Калі будзе дастойная зарплата і ўладкаванае асабістае жыццё (замужаства, сям’я), тады прафесію можна і не мяняць.
Анастасія Раўкоўская ў Засінцах працуе ўжо другі год. Сама яна родам з Лельчыцкага раёна. Выкладае маладая настаўніца ў школе так званыя «мужчынскія» прадметы «Тэхнічная праца», «Трактар», а таксама вядзе заняткі ў гуртку «Бісерапляценне». Анастасію Рыгораўну паважаюць у педагагічным і школьным калектыве як добрага спецыяліста.
Прыемна, што гэтыя маладыя дзяўчаты аптымістычна настроеныя на працу ў невялікай вясковай школе, дзе працягваюць лепшыя педагагічныя традыцыі.
Ганна Гаўрылава
