У вёсцы Засінцы жыве Ганна Міхайлаўна Лёнка. Гэтую жанчыну добра ведаюць як заўзятую працаўніцу, клапатлівую маці і дбайную гаспадыню.
Ганна Міхайлаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Капсаны Засінцаўскага сельсавета. Бацькі змалку прывучылі дачку да сялянскай працы. Працалюбства і адданасць роднай зямлі жанчына ў будучым перанесла і ў сваю сям’ю, прывіла сваім дзецям.
Пасля замужаства ў Ганны Міхайлаўны і Мікалая Цярэнцьевіча Лёнка пайшлі адно за другім пяцёра дзетак – тры сыны і дзве дачкі. Бацькі ўвесь час працавалі ў калгасе, шчыравалі ў розных прафесіях. Ганна Міхайлаўна трыццаць гадоў даіла кароў, нават пасля выхаду на пенсію чатыры гады не магла змірыцца са званнем пенсіянеркі і ўсё хадзіла на ферму даіць сваіх буронак. У 1988 годзе за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай вытворчасці Ганна Міхайлаўна Лёнка была ўдастоена ганаровага звання «За-служаны работнік калгаса «Шлях Леніна».
Як жанчына тады спраўлялася і на работу хадзіць, і дзяцей гадаваць, і дамашнюю гаспадарку трымаць – уявіць складана. Зараз, прызнаецца Ганна Міхайлаўна, жанчыны ў дэкрэце дзяцей выхоўваюць, часу вольнага многа, а тады не паспеў нарадзіць – праз некалькі тыдняў ідзі на працу. Большыя дзеці глядзелі малодшых, бацькам стараліся дапамагаць.
– Мае дзеці выраслі на ферме, змалку мне дапамагалі кароў прывязваць і даіць, – кажа Ганна Лёнка, – не ленаваліся ніколькі. Яны і зараз не баяцца цяжкай працы, бо прывучаныя да яе з дзяцінства.
Прайшлі гады і дзеці выраслі, стварылі свае сем’і. Старэйшы Мікалай жыве ў Мікалаеве на Украіне, дачка Аня і сын Жэня – у Гомелі, Міша – у Нараўлянскім раёне, а малодшая дачка Іра – тут, у Засінцах, працуе ў мясцовай гаспадарцы даяркай.
Ганна Міхайлаўна – бабуля, багатая на ўнукаў і праўнукаў: у яе 12 унукаў і 6 праўнукаў. Яны не даюць ёй адной сумаваць (гаспадара не стала паўтара года назад), часта наведваюць яе.
У вольную хвіліну бяжыць Ганна Міхайлаўна ў лес па ягады ці грыбы, з задавальненнем іх збірае. Кажа, трэба жыццю ўмець радавацца, мець час і працаваць, і весяліцца. Галоўнае – каб здароўе дазваляла і Бог яшчэ гадоў многа даў.
Ганна Гаўрылава
