Працаваць яшчэ з большай аддачай


На рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі 2012» у складзе дэлегацыі з Ельшчыны была адна з лепшых аператараў машыннага даення раёна – Таццяна Глумава з КСУП «Ельск».


Шматгадовы вопыт самаадданай працы дапамагае Таццяне Глумавай з году ў год дасягаць добрых поспехаў і быць пастаянным перадавіком у галіне жывёлагадоўлі.


– Ёй не трэба бясконца гаварыць і  паказваць, што і як патрэбна рабіць, нагадваць нешта. Таццяна Іванаўна – шчырая працаўніца ў гаспадарцы. Калі б усе былі такія, як яна, ніякіх бы праблем не было,  – расказаў Фёдар Якушэнка, брыгадзір малочнатаварнай фермы Камуна, дзе працуе перадавая даярка.


– Таццяна любіць жывёл, умее з імі абыходзіцца, таму яны і дзякуюць ёй. Вясною гэтага года Таццяна Іванаўна набрала групу нецялей, раздаіла яе. І вось атрымаліся наступныя паказчыкі ў гэтай даяркі: з чэрвеня яна надаіла 2830 кілаграмаў малака ад каровы-першацёлкі, а наогул з пачатку года ў яе – 5058 кілаграмаў малака на кожную карову. Напрыклад, у кастрычніку надой склаў 561 кілаграм ад каровы, а валавы надой у гэтым месяцы – 20756 кілаграмаў. Паказчыкі, хачу заўважыць, даволі добрыя, таму што іншыя даяркі ў гэтым жа месяцы атрымалі намнога менш малака ад каровы.


Таццяна Глумава – чалавек сціплы, пра свае дасягненні не вельмі ахвотна расказвае. Прызнаецца, што было вельмі прыемна і неспадзявана атрымаць запрашэнне пабываць на «Дажынках 2012»: яе працу заўважылі і высока ацанілі.  Асабліва ўразіла жанчыну ў Горках арганізацыя мерапрыемства: усё вакол было прадумана да дробязяў, шчырыя адносіны да ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу, культурная праграма.


– Уражанняў засталося вельмі многа, – адзначае Таццяна Глумава, –  і калі бачыш, што вынікі тваёй працы заслугоўваюць высокай адзнакі, хочацца працаваць яшчэ з большай аддачай.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *