Калі знаёмішся з такімі людзьмі, як Таццяна Максіменка, то з прыемнасцю адзначаеш, што некаторыя сапраўды з гадамі не губляюць актыўнасці і інтарэсу да жыцця, а значыць, і маладосці. Ад такіх аптымістаў зараджаешся станоўчымі эмоцыямі і лёгкімі адносінамі да жыцця, атрымліваеш карысныя парады, новыя ўражанні.
У вёсцы Сугакі жыве шмат цудоўных майстроў і ўмельцаў. Там нарадзілася і вырасла Таццяна Максіменка. Зараз жанчына жыве ў г. Ельску разам з маці, Ганнай Сугак, якая з’яўляецца для яе сяброўкай і дарадчыцай у розныя жыццёвыя хвіліны. У вольны час жанчыны займаюцца вышываннем пейзажаў, цікавых жывёл. Гэта вельмі карпатлівая праца, бо ў яе чалавек укладае ўсяго сябе: свае цноты, час, вопыт, бачанне свету, чалавечыя якасці.
– Вышываю я звычайным крыжыкам, вельмі ўважліва падбіраючы ніткі, каб карціны атрымваліся жывымі і гля-дзеліся больш рэалістычна. Прыкладна месяц або два ідзе на вышыванне адной карціны, – расказваеТаццяна. – У апошнія гады вялікую колькасць сваіх работ я падарыла маім сябрам і знакамітым людзям. І хочацца сказаць, што па гэтых карцінах я ніколі не сумую.
Так цікава склалася, што карціна «Сабака колі», якую мы разам з мамай вышывалі чатыры разы, кожны раз знаходзіла сабе новага гаспадара.
Яшчэ ёсць і такія работы, якія я нават на выставы не нашу, яны для мяне з’яўляюцца настолькі роднымі і блізкімі, што паказаць іх не магу. Большая частка такіх карцін – гэта іконы.
Сапраўды, усе карціны Таццяны атрымліваюцца як жывыя. У кожнай ёсць і душа, і настрой аўтара. Неаднаразова яе вышыванні выстаўляліся на розных выставах, і трэба зазначыць, што кожны раз каля такіх работ спыняліся людзі, каб не проста паглядзець на іх, а дзеля таго, каб угледзецца ў асаблівы свет і ўнутраную прыгажосць.
Настасся Семяненка