Ёсць людзі, ад якіх заўсёды зыходзіць святло. Менавіта такой з’яўляецца ветэран педагагічнай працы Раіса Георгіеўна Бакштаева, якая нядаўна святкавала свой 80-гадовы юбілей. Амаль 54 гады жанчына працавала ў дзіцячых садках, дзе падарыла любоў і ласку не аднаму пакаленню хлопчыкаў і дзяўчынак.
У сям’і Бакштаевых гадавалася трое дзяцей. Да вайны яны жылі на хутары, мелі добрую гаспадарку і любілі працаваць. Мама была добрай гаспадыняй, умела шыць і прыгожа вышываць. І бацька быў дбайным гаспадаром.
Раіса Георгіеўна не можа пахваліцца шчаслівым дзяцінствам – яго апаліла вайна. Падчас вайны яна страціла маці і бацьку. Выхаваннем дзяцей займаліся дзед з бабуляй, якія падарылі ўнукам усю сваю любоў. Пасля заканчэння школы, не маючы сродкаў на жыццё, Раіса не рызыкнула паступаць на дзённае аддзяленне ВНУ, а пайшла на курсы піянерважатых. Пасля вучобы некаторы час працавала піянерважатай у вёсцы Дабрынь. Усё далейшае жыццё жанчыны было багатым на падзеі і сустрэчы з новымі людзьмі.
Жыццё Раісы Георгіеўны цесна звязана з малымі дзецьмі: амаль 54 гады яна дапамагала расціць выхаванцаў у розных дзіцячых садках.
– На маім шляху сустракаліся вельмі прыемныя людзі. Заўсёды па-сяброўску працавала са сваімі калегамі, якіх вельмі люблю і паважаю. Для мяне згубіць сяброў, – гаворыць Раіса Георгіеўна, – значыць пазбавіцца сонечнага святла.
– Усе 54 гады маёй працы я старалася творча падысці да сваёй прафесіі, бо праца з дзеткамі цяжкая і ў той жа час прыемная. Памятаю, раней столькі цацак не было, прыходзілася ўсё рабіць сваімі рукамі: маляваць на сценах розных жывёл, шыць, вышываць і рабіць іншыя прыемныя дробязі…
Я нарадзіла 2 прыгожых дачок, якія падарылі мне 3 унучанят, за іх я вельмі ўдзячна Богу.
Мая субяседніца лічыць, што галоўнае не тое, як ты пражывеш, а тое, што пакінеш пасля сябе. А яшчэ Раіса Георгіеўна падказала, як трэба выбіраць сапраўдных сяброў, кіруючыся словамі беларускага пісьменніка Эдуарда Скобелева: «Сябры – гэта заўсёды гісторыя нашага ўласнага лёсу. Пазбягайце выпадковых і неабавязковых сувязей, ухіляйцеся ад людзей хітрых, зайздрослівых, жорсткіх і злапамятных – сярод іх не бывае верных сяброў».
Варта прыслухацца да гэтай парады.
Анастасія Бяляк