Новы этап выбарчай кампаніі


Згодна з каляндарным планам правядзення выбараў, з 11 лютага пачаўся новы этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дваццаць сёмага склікання. Ён працягнецца да 20 лютага ўключна.

831
Як паведаміў старшыня Ельскай раённай выбарчай камісіі па выбарам у дэпутаты мясцовых Саветаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання Мікалай Неўмяржыцкі, кандыдатамі ў дэпутаты вылучана 119 чалавек. Сярод вылучэнцаў 78 дэпутатаў дзеючага склікання, што складае 65,5% ад агульнай колькасці кандыдатаў. 65 прэтэндэнтаў на дэпутацкі партфель – жанчыны, 7 чалавек – маладыя людзі ва ўзросце да 30 год.

Сярод кандыдатаў больш за ўсё прадстаўнікоў сфер адукацыі (39 чалавек) і сельскай гаспадаркі (29 чалавек). Акрамя гэтага, 15 прэтындэнтаў з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, 13 – прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, транспарту і сувязі. Сярод вылучэнцаў ёсць таксама 2 пенсіянеры і 1 непрацуючы, зазначыў Мікалай Неўмяржыцкі.

Патэнцыяльныя кандыдаты ў дэпутаты маглі вылучацца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, ад працоўных калектываў і ад палітычных партый, пры гэтым яны мелі права скарыстацца адным, двума або адразу трыма спосабамі вылучэння. У Ельскую раённую камісію па выбарам у дэпутаты мясцовых Саветаў Рэспублікі Беларусь дваццаць сёмага склікання паступілі дакументы на кандыдатаў, якія вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў (103) і працоўнымі калектывамі (15), удакладніў Мікалай Неўмяржыцкі. Кандыдаты ад палітычных партый не зарэгістраваны.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 20 лютага. Перадвыбарная агітацыя стартуе з дня рэгістрацыі і будзе прадаўжацца па 22 сакавіка ўключна. Дзень выбараў назначаны на 23 сакавіка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *