Сёлета напрыканцы жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці пройдзе фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Прычым у гэтым годзе ён упершыню набыў статус міжнароднага.
Асноўнымі арганізатарамі фестывалю выступаюць Брэсцкі і Гомельскі аблвыканкамы, Міністэрства культуры, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства інфармацыі, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ААТ «Белаграпрамбанк». Сярод галоўных мэт фестывалю — захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Палесся, ўмацаванне творчых і турыстычных сувязей жыхароў палескага прыгранічча Беларусі, Расіі, Украіны.
Для ўдзелу ў форуме запрошаны творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Расіі, Украіны, Малдовы. Традыцыйна тут будуць прадстаўлены і самадзейныя артысты, народныя ўмельцы з беларускага Палесся.
Ельскі раён таксама прыме ўдзел у фестывальнай праграме. Актыўна рыхтуюцца да фестывалю самадзейныя артысты і народныя умельцы з Ельшчыны. Як расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валерый Гейхман, ужо зараз ствараюцца эскізы і ідзе афармленне падворка над назвай “Ельскі край – сакавіты рай!”. Плануецца, што ў святочным канцэрце адкрыцця фестывалю прыме ўдзел мужчынскі вакальны ансамбль з ПМК-64 і народны ансамбль “Ялінка”. Акрамя таго, адна маладая сям’я з Ельскага раёна паспаборнічае ў конкурсе маладых сямей, што пройдзе ў Ляскавічах. У конкурсе прыгажосці “Прыгажуня Палесся” прымуць удзел две дзяўчыны з Ельскага краю. Будзем спадзявацца, што нашы землякі дастойна прадставяць Ельшчыну на межнародным фестывалі “Кліч Палесся!”
Татьяна Петрухно

