Яшчэ зусім нядаўна маладыя педагогі самі былі школьнікамі, сядзелі за партамі і слухалі настаўнікаў. А цяпер ім патрэбна вучыць і выхоўваць іншых. Сёлета ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама для працаўладкавання прыбылі 15 маладых спецыялістаў. Сярод іх і Анастасія Кліменка (на здымку), настаўніца нямецкай мовы Ельскай раённай гімназіі.

Анастасія Аляксандраўна нарадзілася і вырасла ў горадзе над Прыпяццю. Прафесію настаўніцы нямецкай і англійскай мовы яна атрымала ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна. «Нягледзячы на тое, што навучалася ў педагагічнай ВНУ, амаль да трэцяга курса я нават не прадстаўляла сябе ў ролі настаўніцы, – распавядае дзяўчына. – Галоўнай мэтай было вывучыць нямецкую мову. Аднак ўжо пасля першай педагагічнай практыкі мае планы адносна прафесійнай дзейнасці поўнасцю змяніліся. Ад працы з дзецьмі я атрымала вялікае задавальненне, тады і вырашыла, што абавязкова буду працаваць у школе».
Тое, што па размеркаванню Анастасію Кліменка направілі ў Ельск, маладую настаўніцу поўнасцю задаволіла. «Гарадок у вас вельмі ўтульны, чысты і прыгожы. Ды і ад дома недалёка, – гаворыць Анастасія.
– У новым калектыве я адчуваю сябе камфортна: калегі сустрэлі мяне добра, з некаторымі я нават паспела пасябраваць. З нецярпеннем чакаю сустрэчы з дзецьмі і кожны новы ўрок.
Жанна Рынгоўская
