На пачатку снежня бягучага года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адзначыў свой 55-гадовы юбілей. У доме, дзе жыў і ствараў свае вершы класік беларускай літаратуры, сабралася шмат творчых людзей, знакамітых паэтаў і празаікаў, мастакоў, былых і цяперашніх супрацоўнікаў музея.

Звыклыя пакоі дома, дзе ў свой час жыў беларускі пясняр, ператварыліся зараз у 10 залаў экспазіцыі. Тут і асабістыя рэчы Якуба Коласа, сярод якіх – нават пяро, якім пісаў Колас, і скрыпка, на якой ён іграў, калі было сумна. У музеі ўсё засталося, як і раней, калі жыў паэт. Нават фотаздымкі і сервіз, што быў падараваны Коласу Янкам Маўрам, на сваіх месцах. Здаецца, калі заходзіш у музей, то трапляеш у атмасферу 50-х гадоў мінулага стагоддзя, адчуваеш незвычайны пах і аўру.
На свята музея былі запрошаны і нашы землякі Рыгор Бабчанок і Якаў Ліпскі. Яны ўручылі супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея беларускага песняра Якуба Коласа свае падарункі. Сярод іх: кніга вершаў Рыгора Бабчанка «Вяртанне», карціна, зробленая настаўнікамі і дзецьмі Ельскай школы-інтэрната, ды вышыты крыжыкам настаўніцай Таццянай Максіменка верш «У песняра», што напісаў Р. Бабчанок.
Гэта цёплая, дабразычлівая сустрэча вельмі ўразіла Рыгора Бабчанка і яго сябра Якава Ліпскага. Яны з цікавасцю і захапленнем гутарылі з 88-гадовым сынам Якуба Коласа, доктарам тэхнічных навук Міхаілам Канстанцінавічам Міцкевічам, унучкай беларускага класіка Марыяй, дырэктарам музея Зінаідай Камароўскай.
«Слухаючы ўспаміны родных і знакамітых людзей нашай краіны і блізкага замежжа пра вялікага песняра беларускай зямлі, верыш, што творчая спадчына Якуба Коласа будзе жыць вечна. Нам неабходна толькі вывучаць лёс і творчасць пісьменніка і берагчы яго для будучых пакаленняў», – зазначыў Рыгор Бабчанок пасля цікавай сустрэчы ў музеі.
