У мінулую суботу, не па-жнівеньскі цёплую і сонечную, было шматлюдна і гаманліва каля сельскага клуба ў вёсцы Дзвіжкі, бо тут спраўлялі свята вёскі.
Нячаста выпадае аднавяскоўцам сабрацца вось так разам і з гонарам адчуць сябе землякамі. Таму ў вёсцы атмасфера свята панавала з самай раніцы. На ўездзе ў вёску – гоман, жарты і музыка (там размешчаны мясцовы клуб і паштовае аддзяленне сувязі). Людзі сюды ішлі сем’ямі, з дзецьмі і ўнукамі.

Дзвіжкаўскія гаспадыні запрашалі на ўтульныя падворкі, частавалі гасцей свята і аднавяскоўцаў блінамі, верашчакай, пірагамі і рознымі прысмакамі. Завітала сюды і «Залатая пчолка», гаспадыня аграсядзібы Любоў Уласенка, якая прыехала на дзень вёскі не з пустымі рукамі, а з духмяным чаем, мёдам і кавунамі. Працавалі тут латарэі, атракцыёны і гандлёвыя кропкі. Кожны – і малы і стары – мог знайсці сабе забаву на любы густ.

Прыгожую, завадную, вясёлую музычную праграму прапанавалі жахарам Дзвіжак артысты народнага гурта «Дабрыначка» з Дабрынскага культурна-спартыўнага цэнтра. Госці свята ўвесь канцэрт з задавальненнем пляскалі ў далоні і танчылі каля імправізаванай сцэны ў час выступлення калектыву.
Потым на сцэне з’явіліся кумачкі Настасся і Анісся, якія і працягнулі святочнае мерапрыемства. Для кожнага жыхара вёскі вядучыя знаходзілі простыя, пранікнёныя словы. Цёпла ўшанавалі самую старэйшую жыхарку Дзвіжак Семяненка Яўгенію Іванаўну. Падзяку за працу і пажаданні моцнага здароўя выказалі гэтай жанчыне, якая ўсё жыццё адпрацавала ў сельскай гаспадарцы. Цёплыя словы гучалі і ў адрас маладой сям’і Халадовіч, у якой у гэтым годзе нарадзілася дзіця. А раз нараджаюцца дзеці, значыць – ёсць будучае ў вёскі.
Павіншаваў са святам жыхароў аграгарадка Дзвіжкі старшыня Рамязоўскага сельскага Савета Мікалай Крэнт. Ён узнагародзіў пераможцаў за лепшы падворак, кветнік, уменне гатаваць беларускія стравы, адзначыў работы народных умельцаў. Лепшыя гаспадары і гаспадыні вёскі атрымалі не толькі словы падзякі, але падарункі і дыпломы.
Удзячнасць за добрасумленную працу адрасавалася на свяце паляводам, механізатарам, жывёлаводам, настаўнікам мясцовай школы, працаўнікам ФАПа, пошты і многім іншым.
Добры настрой усім удзельнікам Дня вёскі дарылі ўдзельнікі калектыву «Дзвіжкаўскія весялухі», якія не толькі танчылі, але душэўна спявалі і ладзілі гульні для дзяцей і дарослых.
А потым была дыскатэка – якое ж свята без танцаў? Закружыліся пары, заскакалі дзеці, запляскалі ў далоні старыя: эх, весяліся народ!
Закончыўся Дзень вёскі феерверкам, які падараваў аднавяскоўцам былы жыхар Дзвіжак.
Алесь Таполя






















