З пашанай адносяцца да сваёй «доктаркі» Святланы Літвіненка жыхары аграгарадка Валаўск. Гэта мілавідная жанчына заўсёды спяшаецца дапамагчы ўсім, каму неабходна медыцынская парада ці дапамога.
Працуе Святлана Літвіненка фельдшарам у Валаўску амаль трыццаць гадоў. Так распарадзіўся лёс, што ў 1987 годзе маладая дзяўчына з Оўручскага раёна Украіны, скончыўшы Астраханскае медыцынскае вучылішча, прыехала з мужам у госці да сяброў у вёску Валаўск. Спадабалася ім у вёсцы і вырашылі застацца тут жыць. Так беларуская вёсачка Валаўск стала любай і роднай для маладой сям’і з Украіны.
– Падабаецца нам у Валаўску, – прызналася Святлана Аляксееўна. – Тут мы з мужам вырасцілі траіх дзяцей: двух дачок і сына. Дочкі жывуць зараз са сваімі сем’ямі ў Гомелі, а сын вучыцца ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
З захапленнем распавядае Святлана Літвіненка пра сваіх родных. Пяшчотны агеньчык свеціцца ў яе вачах, калі пачынае расказваць пра ўнука Глеба, якога вельмі любяць у сям’і Літвіненка і, канешне ж, балуюць.
Усіх вяскоўцаў добра ведае фельдшар. Многія з іх выраслі на яе вачах, амаль што ўсе жыхары Валаўска хоць бы раз ды звярталіся да Святланы Аляксееўны за парадай і лячэннем. І кожнаму з іх яна спяшаецца дапамагчы, бо менавіта ў фельдшара вяскоўцы атрымліваюць першую неадкладную медыцынскую дапамогу. Камусьці ціск неабходна замераць і пракантраляваць, каму лекі ад прастуды, грыпу ці другіх захворванняў выдаць, каму ўколы зрабіць – да ўсіх Святлана Літвіненка з добрым словам, з увагай. Таму і людзі паважаюць сваю «доктарку».
Таццяна Петрухно

