Статус народных майстроў 11 снежня быў прысвоены на пасяджэнні экспертнай камісіі па народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве пры Міністэрстве культуры тром прадстаўніцам Гомельскай вобласці. У іх ліку – Кацярына Нікіціна з Ельскага раённага цэнтра рамёстваў. Зараз у Гомельскай вобласці працуюць 14 майстроў з такім статусам.

Чаму салому называюць золатам Беларусі, наколькі сапраўды цяжка майстрам стварыць выраб з гэтага матэрыялу і за які прамежак часу можна навучыцца асновам, расказала чытачам раённай газеты народны майстар Кацярына Нікіціна.
– Салома – золата Беларусі. Нядзіўна, што саломапляценне ўвайшло ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта творчасць, якая цесна звязана з абрадамі і культурай нашай краіны, многія тэхнікі і сакрэты пляцення перадаваліся з пакалення ў пакаленне, – адзначыла Кацярына Анатольеўна, – вельмі цяжка не закахацца ў гэта мастацтва.
Прафесійна займацца саломапляценнем пачала больш за дзесяць гадоў таму, дакладней – з пачатку працы ў цэнтры рамёстваў. Хаця тэхнікай саломапляцення захапілася яшчэ ў гады вучобы ў педвучылішчы. Вучылася, вучылася і яшчэ раз вучылася… Проста прайсці навучанне па саломапляценні недастаткова, каб дасканала авалодаць гэтай творчасцю.
Кацярына Нікіціна пастаянна ўдзельнічае ў семінарах і лекцыях, шмат працуе, вучыцца адчуваць матэрыял і плесці рознымі тэхнікамі. Выдатна майстрыха асвоіла і старадаўні спосаб спіральнага пляцення, і сёння яна – адзіная на Гомельшчыне, хто стварае рэчы па «прабабуліных тэхналогіях». А сотні гадоў таму практычна на кожным падворку былі ёмістасці з саломы. У іх захоўвалі збожжа, муку, нават ваду. Спіральнае пляценне настолькі шчыльнае, што не прапускае вадкасць, наадварот, чым больш такая бочка набракне, тым герметычней стане. З падобнага матэрыялу таксама рабілі скрыні для адзення, абутку, вуллі. Пчолы, дарэчы, у падобных «хатках» адчувалі сябе выдатна. Падыходзіў матэрыял і для шырокіх ёмістасцей, з якіх уручную сеялі хлеб.
Што датычыцца саламянай спіралі, то, акрамя таленту, тут вельмі патрэбныя сіла і ўпартасць. Салома скручваецца ў жгуты, потым пераплятаецца хваёвымі карэньчыкамі, і так па крузе.
– Працаваць з саломай не так проста, – дзеліцца сакрэтамі народны майстар. – Цяжкая праца… Многія думаюць, што ў саломапляценні няма нічога складанага і авалодаць гэтым напрамкам народнай творчасці лёгка. Цяжкасці ж узнікаюць з самага пачатку – з падрыхтоўкі матэрыялу. Трэба ведаць, якая культура для чаго падыходзіць. У вырабах важны якасны матэрыял. Трэба ведаць час, калі зрэзаць салому. Калі яна пераспее, то стане цвёрдай і непрыдатнай. Тэхнічная спеласць саломы – гэта калі каласок наліваецца, а збожжа яшчэ не цвёрдае, знаходзіцца ў стане малочнай спеласці. Тады салома набывае найвышэйшую эластычнасць.
Калі салома выдае пэўны шум, вось тады яна гатовая да наступнага этапу – трэба звязаць у снапочкі і паставіць у памяшканне, якое праветрываецца. Ні ў якім разе не сырое, бо салома баіцца вільгаці і пакрываецца чорнай цвіллю. Пасля яе трэба хуценька парэзаць і калібраваць па дыяметры, таўшчыні і даўжыні. Потым трэба абследаваць атрыманую салому і вырашыць, у якой тэхніцы якое пляценне выкарыстоўваць.
Саламяныя работы Кацярыны Нікіцінай не проста сувенірныя. Салома цесна звязана з абрадавай дзейнасцю чалавека, таму майстар не выпадкова працуе над калекцыяй святочных знакаў – каляднымі аздобамі, абярэгамі і інш.
– Самыя любімыя мае работы – калядныя і навагоднія аздобы. Старадаўняе пляценне саламяных вырабаў можна выкарыстоўваць у сучасным інтэр’еры. Дарэчы, такія вырабы карыстаюцца вялікім попытам напярэдадні зімовых святаў, – патлумачыла суразмоўца.
Трэба адзначыць, што саломапляценне Ельскага цэнтра рамёстваў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Мастацкія практыкі саломапляцення Гомельскай вобласці» ўвайшло ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У цэнтры рамёстваў зберагаюць народныя традыцыі і развіваюць іх. Калі хто хоча далучыцца да старадаўняга рамяства, калі ласка, майстры цэнтра з задавальненнем навучаць усім сакрэтам саломапляцення!
