24 чэрвеня -125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

Культура Общество

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) — пісьменнік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці), дзе бацька яго — беззямельны селянін, працаваў парабкам у пана. Першую адукацыю атрымаў у Цімкавіцкім народным вучылішчы, пасля заканчэння якога і самастойнай падрыхтоўкі ў 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Як сведчаць сябры Чорнага, ён у час навучання праседжваў у багацейшай, як на тыя ўмовы, Радзівілаўскай бібліятэцы ў Нясвіжы і за кароткі тэрмін прачытаў творы лепшых сусветных мысліцеляў і пісьменнікаў. У 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады, і Кузьма Чорны вымушаны быў надоўга спыніць далейшую вучобу.

Пасля вызвалення Случчыны ад белапольскай акупацыі, працаваў у розных установах: сакратаром валаснога рэўкама, справаводам павятовага ваенкамата, вясковым настаўнікам.

У 1923 годзе здзяйсняецца яго запаветная мара — Мікалай Карлавіч паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час малады пісьменнік спалучае вучобу з працай і творчасцю. Шмат піша, працуе ў газеце «Беларуская вёска», з’яўляецца членам літаратурнага б’яднання «Маладняк». У 1926 годзе ўступае ў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», а з 1928 ўжо цалкам аддаецца пісьменніцкай дзейнасці. У 1932-1937 гадах — галоўны літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у часопісе «Беларусь». Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем. Кузьма Чорны, пражыў усяго 44 года. Пачаўшы свой творчы шлях як паэт, ён пасля цалкам прысвяціў сябе прозе.

Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што творчасць Кузьмы Чорнага дазваляе глыбей зразумець беларускі народ, яго культуру і гісторыю, а таксама пранікнуцца тонкасцямі і багаццем беларускай мовы і яе дыялектаў. Пісьменнік Алесь Адамовіч падкрэсліваў складанасць перакладу твораў чорнага з-за багацця адценняў, сэнсаў і стылістычных асаблівасцяў.

Памёр ад інсульту ў выдзеленай Саўнаркамам кватэры-пакоі 22 лістапада 1944 года.

Якуб Колас пісаў пра смерць Чорнага: «Памёр наш беларускі пісьменнік Кузьма Чорны. Гэта лепшы наш пісьменнік. Выдатны чалавек…».

Імя Кузьмы Чорнага ўшаноўваецца на Беларусі. Выдатны пісьменнік жыве ў памяці пакаленняў. У яго гонар названы вуліцы ў чатырох беларускіх гарадах – Бабруйску, Мінску, Нясвіжы і Слуцку. Таксама названа  школа ў Цімкавічах. У Цімкавічах дзейнічае літаратурны музей, прысвечаны пісьменніку. Яго творы, у тым ліку раман «Пошукі будучыні», уключаныя ў школьную праграму.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *