У цёплыя ліпеньскія дні аграрыі Ельшчыны ўсю ўвагу аддаюць уборачнай кампаніі – асноўныя сілы сельгаспрадпрыемстваў задзейнічаны на палях са збожжавымі культурамі.
Па стане на 24 ліпеня зерневыя ўбраны ў Ельскім раёне на 842 га. Намалочана 2240 тон збожжа. Тым часам жніво ідзе сваёй чарадой, накладваецца на нарыхтоўку траў другога ўкосу, прэсаванне саломы. Аднак галоўны рэцэпт поспеху, як гаварыў беларускі Прэзідэнт, просты: высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна.
Гэтых важных правіл прытрымліваюцца і скараднянскія хлебаробы, якія выкарыстоўваюць кожную пагожую хвіліну, каб своечасова ўбраць ураджай. На жніве ў гаспадарцы задзейнічана 5 камбайнаў. Камбайны зараз заняты на ўборцы азімага ячменю, на чарзе – азімы рапс.
Штогод бываючы на саўгасных палетках і назіраючы, як працуюць мае землякі не толькі на жніве, але і падчас іншых сельскагаспадарчых кампаній, ніколькі не стамляешся пісаць пра іх, не шкадуючы шчырых і цёплых слоў. Гэты год не стаў выключэннем. Канешне, у адной публікацыі не ахопіш усіх работнікаў, але пра некаторых усё ж хочацца расказаць.
Некалькі камбайнерскіх экіпажаў мы сустрэлі ў полі за вёскай Дубраўка. Упэўнена папаўнялі зерневую скарбонку гаспадаркі азімым ячменем экіпажы ў складзе Мікалая і Крысціны Ляўкоўскіх, Наталлі і Віктара Яцухна, Ганны і Максіма Яцухна. На адвозе зерня шчыраваў вадзіцель Іван Кашэль. У бліжэйшы час да яго павінен быў далучыцца вадзіцель Аляксей Ляўкоўскі.
У разгар жніва галоўныя героі ўсіх стужак навін – людзі, якія ўбіраюць збожжа з палёў. Сярод іх камбайнер Мікалай Ляўкоўскі – сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Мікалай Сяргеевіч – прадстаўнік працоўнай дынастыі Ляўкоўскіх, працуе у родным саўгасе ўсё сваё жыццё. Для Мікалая Сяргеевіча сёлетняя ўборачная – дваццаць трэцяя па ліку. Калі пачыналі фарміраваць экіпажы камбайнераў напярэдадні жніва, ніводнага разу ў Мікалая Ляўкоўскага не было сумнення: ісці на ўборку ўраджаю ці не. Без жніва не ўляўляе свайго жыцця. Дарэчы, шосты год працуе ў тандэме з дачкой Крысцінай, настаўніцай пачатковых класаў Валаўскай школы.
Наступны экіпаж – брат з сястрой Максім і Ганна Яцухна. Яны таксама прадстаўнікі працоўнай дынастыі Яцухна. Максім працуе механізатарам у КСУП «Скараднянскі», Ганна – настаўніца пачатковых класаў Скараднянскай школы. Жывуць брат і сястра ў вёсцы Валаўская Рудня. Дарэчы, абодва яшчэ не знайшлі сваіх палавінак. Тыя, хто саставіць ім пары, ніколі ў жыцці не пашкадуе, таму што такіх душэўных, старанных і працавітых людзей яшчэ пашукаць трэба.
Вось старэйшы брат Максіма і Ганны Віктар знайшоў сваё шчасце з настаўніцай Скараднянскай школы Наталляй, якая таксама ў жніўную пару з’яўляецца яго напарніцай.
Віктар запэўнівае: 70 працэнтаў поспеху камбайнера ў час уборачнай залежаць ад памочніка. У любой рабоце патрэбны дадатковыя рукі, але яшчэ важней – эмацыянальная падтрымка.
– Кажуць, што жанчына на караблі – гэта на няшчасце, а ў нас наадварот. Галоўны плюс у сумеснай рабоце – душэўны спакой, – адзначае муж.
Сёлета экіпаж Віктара і Наталлі папаўняе засекі краіны на новым камбайне КЗС-GS12A1 PRO. Гэта лепшая сельскагаспадарчая машына, запэўнівае Віктар:
– Свой, айчынны, ён не ўступае замежным аналагам. Галоўная яго каштоўнасць – прастата ў абслугоўванні. У кабіне камбайна прасторна. Кандыцыянер стварае камфортную тэмпературу, што асабліва важна, калі на вуліцы слупок градусніка набліжаецца да адзнакі плюс 30 ці вышэй. Камбайнер расказаў і пра бартавы камп’ютар: пры запуску ён аўтаматычна правярае ўсе вузлы і агрэгаты машыны. Калі што няспраўна, падкажа. А які від з вышыні кабіны – усё поле перад табой як на далоні, здаецца, што плывеш па верхавінах каласоў.
Адвозіць збожжа ад камбайнаў на зерняток вадзіцель са шматгадовым стажам Іван Кашэль. Больш за трыццаць гадоў шчыруе ў гаспадарцы вадзіцелем Іван Антонавіч. На сваім МАЗе кожны год ён удзель-нічае ў жніўнай кампаніі.
Хутка да яго далучыцца яшчэ адзін вадзі-цель – Аляксей Ляўкоўскі. Аляксей Сяргеевіч сёлета напярэдадні жніва атрымаў новы 20-тонны МАЗ. Пакуль масава не пайшло зерне, Аляксей Ляўкоўскі на сваім чырвоным прыгажуне возіць зялёную масу.
Усе героі майго артыкула – сціплыя мясцовыя жыхары, якія нарадзіліся, выраслі і працуюць на роднай зямлі. Таму да кожнай сельскагаспадарчай работы – ці гэта сяўба, жніво, корманарыхтоўка – адносяцца з усёй душой, самааддана і сумленна. На такіх, як яны, трымаецца сель-ская гаспадарка, трымаецца вёска. Яны не любяць гучных слоў і залішняй увагі. Яны проста працуюць не пакладаючы рук.
У гарачыя летнія дні сумаваць хлебаробам КСУП «Скараднянскі» не даводзіцца, часу на доўгія перапынкі няма – спякотнае надвор’е прыспешвае: важна абмалаціць кожны каласок. Толькі пры такім падыходзе можна разлічваць на добры ўраджай.
На пытанне, што самае складанае на жніве, рупліўцы хлебнай нівы адказваюць:
– Для таго, хто не баіцца працы, нічога складанага няма. Галоўнае, каб было добрае надвор’е і не падводзіла тэхніка. А запалу ў нас хопіць на ўсё жніво.
Словы ўпэўненых у сваіх сілах аграрыяў – людзей, адданых зямлі, абнадзейваюць на добры ўраджай.
Ганна Гаўрылава
