Старасць падкрадваецца непрыкметна. А з ёю – хваробы, бяссілле, хуткая стамляльнасць, пачуццё няўпэўненасці… Добра, калі восень жыцця пройдзе ў акружэнні родных і блізкіх, не будзе тужлівай і змрочнай.
Рэальнасць, на жаль, нярэдка бывае іншай. Выручыць, дапаможа і падтрымае ў цяжкую хвіліну сацыяльны работнік. Для Марыны Неўмяржыцкай з аграгарадка Скароднае гэта не столькі прафесія, колькі стан душы. Не кожны з нас разам з выкананнем сваіх працоўных абавязкаў здольны дарыць сардэчную цеплыню іншым, адчу-ваць чужы боль як свой, заставацца добразычлівым і цярплівым. Да пажылых людзей Марына Аляксандраўна заходзіць выключна ў добрым настроі – тады і думкі дрэнныя ў гаспадароў адступаюць, і самаадчуванне паляпшаецца. Сацыяльнага работніка там чакаюць, разлічваюць на ўвагу і разуменне, давяраюць патаемнае. Значыць, справа для людзей патрэбная.
Марына Неўмяржыцкая
Клопатамі пра сваіх старэйшых землякоў Марына Неўмяржыцкая жыве ўжо пятнаццаць гадоў. Пад яе апекай зараз дзевяць скараднянскіх пенсіянераў, да якіх яна рэгулярна наведваецца, каб выслухаць, дапамагчы ў хатніх і гаспадарчых справах, выканаць просьбы. Да некаторых сацыяльны работнік наведваецца два разы, а да некаторых – тры разы на тыдзень. Патрэбны лекі, прадукты ці іншыя тавары першай неабходнасці? Усё даставіць сацыяльны работнік.
Акрамя звычайных абавязкаў, прызнаецца Марына Неўмяржыцкая, многім, асабліва адзінокім, патрэбна шчырая даверлі-вая размова. А як жа? Прафесія абавязвае быць яшчэ і тонкім псіхолагам, мудрай дарадчыцай, зацікаўленай суразмоўцай, верным сябрам. Марына Аляксандраўна не мае спецыяльнай адукацыі псіхолага, але ў яе ёсць тактоўнасць, добразычлівасць, яна ўмее знайсці падыход да кожнага свайго падапечнага.
– Пажылыя людзі – зона асаблівай увагі, – расказвае Марына Неўмяржыцкая. – Гэта з акна добраўпарадкаванай кватэры прыемна любавацца бялюткім снегам альбо мудрагелістымі ўзорамі, намаляванымі марозам на шкле. Іншая справа – зімаваць ва ўласнай хаце. Пасля завірухі ранкам трэба адкінуць снег са сцежкі, прынесці з-пад паветкі дроў, са студні – вады, пераадолець шлях да магазіна ці аўталаўкі па слізкай дарозе. Для маладога і спрытнага клопаты гэтыя ў радасць, для чалавека пажылога – наўрад. Вось і прыходзім на дапамогу пажылым мы, сацыяльныя работнікі.
У сваёй прафесіі Марына Неўмяржыцкая не бачыць нічога незвычайнага і аб такім выбары ніколі не пашкадавала.