Дзень чарнобыльскай трагедыі стаў чорнай датай для мільёнаў людзей і сотняў тысяч сем’яў, якія адчулі на сабе ўсе нягоды гэтага выбуху.
Злавесным нябачным воблакам апусціўся страшны атам на многія населеныя пункты Ельскага раёна.
У выніку страшнай аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі былі змушаны пакінуць родныя месцы, хаты ды ўсё нажытае жыхары Ельшчыны.
Выступаючы на мітынгу-рэквіеме каля помніка «Ахвярам XX стагоддзя» ў цэнтры горада Ельска, старшыня райвыканкама Леанід Пісанік спыніўся на выніках чарнобыльскай аварыі для жыхароў Ельшчыны.
«З карты раёна зніклі такія населеныя пункты, як Кузьмічы, Шышкі, Патапы, Пагарэлае, Глазкі, Вязцы, Шыя, Асавы. Каля 5600 жыхароў Ельскага раёна было адселена ў чыстыя зоны», – адзначыў кіраўнік раёна.
Вялікую дапамогу жыхарам адселеных вёсак аказала і зараз аказвае дзяржава. Зацверджаныя дзяржпраграмы садзейнічаюць развіццю эканомікі, сацыяльнай сферы ў чарнобыльскіх рэгіёнах. Толькі ў мінулым годзе за сродкі дзяржпраграмы былі пабудаваны сучасны малочнатаварны комплекс у КСУП «Дабрынь» і праведзена рэканструкцыя МТФ у КСУП «Скараднянскі».
Колькі часу запатрабуецца для поўнай ліквідацыі наступстваў гэтай аварыі, дакладна не вядома нікому. Але мы павінны помніць пра тых, хто, не шкадуючы свайго здароўя і жыцця, самааддана кінуўся ваяваць з агнём ад выбуху, хто спрабаваў такой цаной памякчыць наступствы гэтай трагедыі. Менавіта дзякуючы іх дзеянням, у час якіх ліквідатарамі былі атрыманы велізарныя дозы апраменьвання, многія з нас могуць жыць здаровым і шчаслівым жыццём, падкрэсліў у сваім выступленні на мітынгу пратаіерэй Георгій, настаяцель Храма Святой Жываначальнай Троіцы г. Ельска.
Сваімі ўражаннямі аб першых днях чарнобыльскай трагедыі падзялілася настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Ельска Наталля Каваленка. Яна выказала надзею, што ў будучым людзі будуць больш уважлівамі, дбайнымі да тэхналагічных новаўвядзенняў і што нашы дзеці, ўнукі змогуць жыць у экалагічна бяспечным свеце.
У час мітынгу да помніка былі ўскладзены вянкі ад райвыканкама, райсавета, жывыя кветкі ад прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў горада Ельска.
Дзень чарнобыльскай трагедыі павінен стаць напамінкам кожнаму чалавеку быць асцярожным з ядзернымі тэхналогіямі, бо ў гэтай небяспечнай сферы адзін маленькі збой ці недарэчная памылка можа прывесці да незваротных наступстваў, і можа каштаваць жыцця не проста многім людзям, але чалавецтву ў цэлым.
Таццяна Петрухно
А пожар около ЧАЭС не прибавил ли радиации?