Народны майстар Кацярына Нікіціна паспяхова выступіла ў абласным конкурсе-пленэры па саломапляценні «НаРоднае золата»

Актуальное Культура Личности

Вырабы з саломы – гэта не толькі прыгожыя сувеніры і прадметы дэкору, але і важная частка беларускай нацыянальнай культуры. Вытокі рамяства выходзяць з глыбокай старажытнасці – да культу хлеба і ўрадлівасці. Салома выкарыстоўвалася ў гаспадарцы для розных мэт: яе слалі жывёле, рабілі ложак, уцяплялі дахі дамоў. З саломы майстравалі цацкі, посуд, упрыгожванні – усё тое, што служыла ў побыце і часта мела сакральнае значэнне.


Калі саламянае рамяство ўвай-шло ў нематэрыяльны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а Гомельшчына ярка прадстаўлена менавіта гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі, у абласным цэнтры пачалі ладзіць конкурс-пленэр па саломапляценні «НаРоднае золата». Першы конкурс прайшоў у 2023 годзе.
Сёлета адбыўся другі адкрыты абласны пленэр-конкурс «НаРоднае золата», удзел у якім прынялі 14 майстроў з Гомельскай вобласці. Кожны з іх прадставіў свае працы ў розных намінацыях: ад традыцыйных фігурак і ўпрыгожванняў да сучасных мастацкіх кампазіцый.
На працягу тыдня майстры з усёй вобласці дэманстравалі сваё майстэрства, ствараючы ўнікальныя вырабы ў розных намінацыях. Ельскі раён годна прадставіла Кацярына Нікіціна – народны майстар, загадчык Ельскага раённага цэнтра рамёстваў.
Кацярына Анатольеўна прадставіла свой выраб, зроблены ў тэхніцы спіральнага саломапляцення. Адметнасцю з’яўляецца тое, што ў вырабе выкарыстоўвалася стужка з сасновага кораня.
– Пяць дзён, якія мы правялі ў Гомелі ў час адкрытага конкурсу-пленэру, – расказала Кацярына Нікіціна, – прайшлі незаўважна. Майстры саломапляцення працавалі ў павільёнах на вуліцы, каб кожны жадаючы мог падысці паглядзець майстар-класы, пазнаёміцца бліжэй з рознымі тэхнікамі саломапляцення. Кожны працаваў над сваім вырабам, а таксама дзяліўся вопытам з калегамі, абмяркоўваў розныя моманты рамяства.
Журы конкурсу, ацаніўшы вырабы народных майстроў, прызналі талент нашай зямлячкі, прысудзіўшы Кацярыне Нікіцінай Дыплом І ступені ў намінацыі «выраб утылітарнага прызначэння ў тэхніцы спіральнага пляцення (лента з сасновага кораня, лазы)».
Трэба адзначыць, што працы майстроў саломапляцення – сапраўднае мастацтва, дзе кожная саломінка ператвараецца ў шэдэўр, а традыцыі набываюць новае жыццё!

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *